Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Праект «СК» «Мы памятаем!». Гісторыя пра двух сяброў

21.03.2020
Фота: penza.kp.ru

Праект «Слуцкага краю»  да 75-годдзя Вялікай Перамогі «Мы памятаем!» збірае ўсё больш і больш інфармацыі пра нашых землякоў, якія змагаліся з ворагам у час Вялікай Айчыннай вайны. 

Пра свайго дзядзьку Віктара Робертавіча Алісевіча расказаў Віктар Іванавіч Тарлецкі,  былы супрацоўнік міліцыі, які цяпер пражывае на малой радзіме, у вёсцы Старына. 

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Віктару Алісевічу было 18 гадоў. Віктар і яго сябар Міхаіл вырашалі, што рабіць. Віктар не раздумваючы  сказаў, што пойдзе ў партызаны. Так і зрабіў. Міхаіл жа выбраў іншы шлях. Перамогуць немцы, меркаваў ён, таму стаў паліцаем. Так разышліся лёсы сяброў... 

Віктар ваяваў у партызанскім атрадзе імя Шчорса пад камандаваннем М.А. Шастапалава. Быў разведчыкам, трапіўшы ў засаду, загінуў. Калі Случчыну вызвалялі ад фашыстаў, да мамы Віктара Алісевіча, бабулі Віктара Іванавіча Тарлецкага, прыязджаў камандзір партызаскага атрада, дзякаваў за годнага сына, сумленнага, прыстойнага. Ад яго даведаліся, што пахаваны Віктар недзе ў Чачавецкіх лясах.

І яшчэ расказвала Віктару Іванавічу мама, што бабуля ўзгадвала адну сустрэчу з тым самым Мішам, сябрам свайго сына Віктара. Спытала тады ў яго, што было б, каб сутыкнуліся з Віктарам. Адказ быў такі: не ведаю, хто б першы выстраліў. Міхаіл быў асуджаны пасля вайны, адбыў пакаранне ў Нарыльску. Сябар яго юнацтва Віктар загінуў у баях за родную зямлю. Памяць аб ім жыве. Як і аб іншых героях, вядомых і невядомых, якія аддалі свае жыцці за радзіму.

Ірына ШЧАРБОВІЧ.
К списку записей раздела