Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Нявольнікі са знакам «ОСТ»

05.09.2021
На фота: адпраўка людзей ў Германію.


На чацвёрты дзень вайны, 26 чэрвеня, фашысцкія захопнікі паказаліся на заходняй ускраіне Слуцка. Захапіўшы горад, фашысты ўстанавілі ў ім свой «новы парадак» – рэжым рабства, тэрору і насілля.

Зусім другім стаў Слуцк. Замест прыгожых дамоў – разваліны, папялішчы. Фашысты рабавалі жыхароў горада і раёна. Вывозілі ў Германію лес, абсталяванне, жывёлу. Па-зверску знішчалі ні ў чым не павінных людзей. Планам «ОСТ» прадугледжвалася 75% беларусаў знішчыць і выселіць, а астатніх ператварыць у паслухмяных рабоў. З фашысцкіх захопнікаў была знята адказнасць за крывавыя расправы над савецкімі людзьмі. У памятцы нямецкага салдата гаварылася: «У цябе няма сэрца, нерваў, на вайне яны не патрэбны. Забівай усякага рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары ці жанчына, дзяўчына ці хлопчык, – забівай». На Нюрнбергскім працэсе над галоўнымі нямецкімі ваеннымі злачынцамі было зачытана данясенне каменданта Слуцка ад 20 кастрычніка 1941 гогда, у якім гаварылася: «В городе везде слышались выстрелы и на улицах валялись грудами трупы расстрелянных…».

У ліку фашысцкіх злачынстваў асаблівае месца займае вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў Германію. У Слуцку была створана фашысцкая «ўстанова», названая «Акруговая біржа працы». На справе гэта была не біржа працы, а біржа ганебнага ашуканства насельніцтва Случчыны, біржа прымусовай дастаўкі рабоў на катаржныя работы ў Германію. Фашысты выяўлялі фізічна здаровых людзей, заносілі іх у спіскі і адпраўлялі ў Германію. Першым прыёмным пунктам няшчасных людзей, якіх адпраўлялі ў фашыскую няволю, была слуцкая турма. Тут нявольнікі праходзілі каранцін. Затым іх адпраўлялі на машынах пад аховай у Мінск для пагрузкі ў вагоны. У вёсках таксама адбіралі маладых людзей і гналі ў Германію. Толькі за 1943 год адправілі са Слуцкага раёна 2 400 хлопцаў і дзяўчат.


Працоўная картка вязня Е. Васільевай
(з фотаздымкаў краязнаўчага музея).


З успамінаў Алены Казіміраўны Камінскай з в. Ціхань: «Нас выгналі на вуліцу, ціханцаў выстраілі ў рад, паставілі з аднаго боку кулямёт і з другога боку кулямёт. Ішоў афіцэр з салдатам і адбіраў маладых у Германію. А мы з дзецьмі так і засталіся ў гэтым радзе. Потым загадалі нам сабраць падушачку, коўдру, на тры дні есці, і паліцаяў паставілі ў калітках, каб гэтыя ўжо не заходзілі, каго ў Германію атабралі. Ну, мы вынеслі ім на вуліцу есці, усё сабралі. Іх пагналі, маладых, у Германію…».  

У Слуцку фашысты часта вывешвалі аб’явы: «Вербовка рабочей силы в Германию». Абяцалі маладым людзям, якія паедуць у Германію, работу, хлеб, кватэры, багатае і шчаслівае жыццё.

Тыя, хто трапляў у Германію, працавалі, як рабы, паміралі ад голаду і хвароб, і мала хто вярнуўся на Радзіму. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі.

Іх везлі ў перапоўненых да адказу і наглуха зачыненых таварных вагонах. Па многу дзён яны не атрымлівалі ні ежы, ні вады і тысячамі паміралі ў дарозе. Непасільную катаржную працу на заводах і рудніках, цяжкія бытавыя ўмовы, здзекі цярпелі тыя, хто заставаўся ў жывых. Яны былі пазбаўлены сваіх імён, ім нашывалі нагрудныя знакі «ОСТ». Спецыяльныя знакі былі ўведзены для рускіх, украінцаў і беларусаў.

З успамінаў случчаніна Васіля Несцерава: «У Германскую няволю мяне забралі прымусова. Мы ехалі тыдзень. Вагонаў ніхто не адчыняў. Харчавання не давалі. Толькі калі нявольнікі, разламаўшы вагон, уцякалі, тады ў вагон, як звяры ўварваліся немцы і білі да паўсмерці тых, хто застаўся. Нас завезлі ў горад Хэмнес. У лагеры ўжо было 9 тысяч мужчын, жанчыны былі ў другім лагеры. Ён быў агароджаны калючым дротам, вакол стаялі кулямёты, ноччу лагер асвятлялі пражэктарамі. Спалі на сырой зямлі ў сваім адзенні. У 5 гадзін раніцы ўсіх паставілі ў калону і пад канвоем пагналі на работу, якая працягвалася да 7 гадзін вечара. Абяссіленыя, збітыя гумавымі палкамі, пад вартай вярталіся ў лагер. Па дарозе многія гублялі сілы, падалі і больш не ўставалі: іх прыстрэльвалі. Увесь час галадалі. На суткі выдавалі 230 грамаў хлеба, спечанага з сушаных буракоў і бульбянога шалупіння, і конаўкі гарачай вады. Ад такой працы штодзень паміралі 50 – 70 чалавек. З рызыкай для жыцця мне ўдалося ўцячы з фашысцкай няволі, каб са зброяй у руках знішчаць ворага за зверскія здзекі над нашым народам».

У краязнаўчым музеі захоўваецца працоўная картка Шыманскага Мікалая Якаўлевіча, жыхара Слуцка, вывезенага фашыстамі ў Германію. У 1944 годзе ён уцёк з няволі і далучыўся да чэхаславацкіх партызан. Разам з імі змагаўся супраць фашыстаў. Удзельнічаў у многіх дыверсіях і разгроме адступаючых нямецкіх часцей. А 3 мая 1945 года ўліўся ў рады Чырвонай арміі і вярнуўся на Радзіму.

«Не будзьце мяккія і сентыментальныя» – гаварылася ў «Дванаццаці запаветах паводзін немцаў на Усходзе».

…Гэта адчула, зведала і Фядзяева Еўдакія Міхайлаўна, яна была сувязной партызанскага атрада імя Жалезняка брыгады імя Чкалава з кастрычніка 1942 года па красавік 1944 года. Потым трапіла ў фашысцкі палон і была вывезена ў Германію.

За час акупацыі з Беларусі было вывезена 380 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 24 тысячы дзяцей. Часта выкарыстоўвалі для лячэння параненых  нямецкіх салдат. Вярнулася ж дамоў з няволі каля 120 тыс. чалавек.


Крывашэй Зінаіда Іванаўна (дзявочае прозвішча Аксёнава) з вёскі Навадворцы ў 1941 годзе разам з маці і старэйшай сястрой жыла ў акупіраваным Слуцку. Усе яны былі арыштаваны за сувязь з партызанамі і пасаджаны ў слуцкую турму. А ў студзені 1944 года былі вывезены фашыстамі на катаржныя работы ў Германію. Жылі яны ў лагеры, працавалі на металургічным заводзе, выконвалі цяжкую мужчынскую працу. Увесь час галадалі, цярпелі холад, здзекі, не было ніякай медыцынскай дапамогі.

З успамінаў Зінаіды Іванаўны:
«Аднойчы мая маці, Фёкла Пятроўна, ёй тады было 54 гады, моцна захварэла і не выйшла на работу. Яе маглі расстраляць ці адправіць у другі лагер. І я ўвесь час плакала і не магла працаваць. Немцы заўважылі гэта і моцна мяне збілі, а потым адправілі ў цёмную і сырую камеру на доўгі час. Немка-наглядчыца пашкадавала тады мяне, распытала пра ўсё і загадала вярнуць на рабочае месца. Маці не працавала і паёк ёй не давалі. Я дзяліла свой паёк з маці. Яна выжыла. Нашы салдаты вызвалілі нас 23 красавіка 1945 года, і мы вярнуліся на Радзіму».

Пасля вайны Зінаіда Іванаўна працавала ў калгасе «1-е Мая» разам з мужам. Нарадзіла дзвюх дачок. Вялікае гора напаткала яе на старасці гадоў – старэйшая дачка Святлана рана памерла. Ёй давялося дапамагаць двум унукам. Слуцкаму краязнаўчаму музею Зінаіда Іванаўна перадала даведку Камітэта дзяржаўнай бяспекі аб тым, што яна знаходзілася на катаржных работах у Германіі, копію пасведчання непаўналетняга вязня фашысцкіх канцлагераў, шмат паштовак з віншаваннямі да дня Перамогі і вызвалення Беларусі, нават ад нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Другая сусветная вайна прайшлася бязлітасным катком па лёсах мільёнаў ні ў чым не павінных беларускіх людзей, пакуты і страты іх былі непамернымі. І гэтыя раны будуць балець яшчэ доўга.

Галіна МАКАРЭВІЧ
(кніга «Памяць: Слуцкі раён. Слуцк»).


К списку записей раздела