Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Ніколі не забудзем страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

27.03.2021
Аўтарская калонка

Памятаем? Памятаем!

У апошні час усё больш выразна адчуваюцца спробы перапісаць гісторыю ва ўгоду сучасным палітычным рухам: гераізацыя нацызма адбываецца ў свеце.

На мінулым тыдні адзін з польскіх тэлеканалаў размясціў у інтэрнэце фільм, у якім саўдзельнікі нацыстаў адкрыта расказваюць, як добра жылося беларусам пры нямецкай акупацыі. На працягу ўсяго відэа паліцаі ганяць савецкую ўладу і робяць героямі нацыстаў. У той жа час вядомы відэахостынг абмежаваў доступ да фільма «Ржэў. 500 дзён у агні» аб Ржэўскай бітве і будаўніцтве Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату. У фільме акцэнт на подзвігу духу і ахвярнасці савецкага народа. Дарэчы, Ржэў – горад-пабрацім Слуцка. Жыхары гэтых населеных пунктаў (і не толькі гэтых) выстаялі і ўсё пераадолелі, калі іх паклікала Радзіма. Фальсіфікацыя гісторыі вайны – злачынства перад памяццю тых, хто аддаў сваё жыццё за перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

За час свайго знаходжання ў Слуцку нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі амаль усё, што было створана мясцовымі жыхарамі за гады савецкай улады. За тры гады акупацыі гітлераўцы расстралялі, закатавалі, павесілі і спалілі 26 307 савецкіх грамадзян, у тым ліку 11 150 жыхароў горада і раёна. Да Вялікай Айчыннай вайны ў Слуцку было 21 947 жыхароў, а пасля вызвалення засталося толькі 6 829.
 
З першых дзён акупацыі ў Слуцку гітлераўцы стварылі два гета, куды сагналі жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. У «нерабочае» – састарэлых, жанчын з дзецьмі, інвалідаў. Другое гета называлася «Школішчы», па назве аднаго са старэйшых раёнаў горада, дзе пражывала яўрэйскае насельніцтва. У кастрычніку 1941 года ў Слуцк прыбыў нямецкі карны атрад, у склад якога ўваходзілі літоўскія нацыяналісты. Яны масава расстрэльвалі яўрэйскае насельніцтва – на вуліцах, у дварах, дамах. Карнікі хапалі старых, дзяцей, жанчын, заганялі ў машыны і адвозілі ва ўрочышча Гараваха, дзе расстрэльвалі іх. Акупанты рабавалі жыхароў гета, прымушалі іх цяжка працаваць. Большасць жыхароў гета «Школішчы» 8 лютага 1943 года была расстраляна, астатніх спалілі жывымі. Тры дні дагарала гета… Былая работніца рэдакцыі Валянціна Канстанцінаўна Бардо расказвала, як яны ў сваім доме хавалі ад карнікаў жанчыну-яўрэйку з дзіцем, як у горадзе стаялі вісельні, і ў адзін з дзён на адной з іх павесілі яе сябра.

На вуліцы Карла Лібкнехта (цяпер – Віленская) у 1942 годзе быў створаны лагер савецкіх ваеннапалонных, куды потым звозілі і мірных жыхароў не толькі з Беларусі, але і Расіі. Там людзі гінулі не толькі ад куль захопнікаў, а яшчэ і ад холаду, голаду, хвароб. Па дадзеных спецыяльнай камісіі там загінула больш за 28 тысяч чалавек…

Яшчэ адзін крывавы след пакінулі нямецка-фашысцкія захопнікі на нашай зямлі: яны знішчылі на Случчыне 36 вёсак. Яны ўвекавечаны на мемарыяльным комплексе «Хатынь». Аднайменную вёску спалілі разам з 149 мірнымі жыхарамі 22 сакавіка 1943 года. Гэтыя эпізоды сведчаць не іначай як аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Страшны лёс знішчэння разам з Хатынню падзялілі больш за 9 000 вёсак Беларусі. Некаторыя з іх пасля вайны не былі адноўлены.

На Случчыне былі паранены і склалі свае галовы сыны і дочкі многіх народаў былога Савецкага Саюза. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 126 воінскіх пахаванняў і 66 помнікаў воінскай славы. Помнікі, стэлы, абеліскі...  Яны ўшаноўваюць подзвігі савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якіх ніколі не забудуць удзячныя беларусы
.
Памятаю, як падчас вучобы ў школе мама купіла мне кнігу «Ніколі не забудзем». Яе немагчыма чытаць без слёз: юныя аўтары расказваюць пра суровы час Вялікай Айчыннай вайны, пра гітлераўскую акупацыю, зверствы фашыстаў, гераізм савецкіх людзей. Сярод тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу, быў і мой дзядуля Сцяпан Карповіч. Ён змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Цэнтральным фронце ў складзе 371-й стралковай дывізіі. У снежні 1941 года ў баях пад горадам Клін быў цяжка паранены. Але пачуццё патрыятызму, жаданне вызваліць радзіму ад захопнікаў клікалі ў бой. Таму праз пэўны час ён зноў стаў у строй. Яго бацька Міхаіл Сцяпанавіч у 1942 годзе загінуў пад Сталінградам… Ордэны Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі» дзядуля атрымаў не проста так, а за барацьбу з ворагам, з-за якога пакутаваў савецкі народ, за вызваленне Радзімы, за нашу шчаслівую будучыню.

Беларусы сэрцам адданыя роднай зямлі. Мы ніколі не забудзем страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, жорсткасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі. Мы памятаем…

Ірына КАВАЛЕНКА.

К списку записей раздела