Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

«Яны ідуць да нас як героі скрозь пакаленні, скрозь гады»

14.05.2022
У фармаце праекта Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «Яны ідуць да нас як героі скрозь пакаленні, скрозь гады» ўспамінамі пра свайго прадзядулю дзеліцца дырэктар Казловіцкай сярэдняй школы Аляксандр Слуцкі:

– У сэрцы кожнага свой Герой Перамогі. Для мяне сапраўдны герой – мой прадзед Міхаіл Іванавіч Ніканчук. Ён нарадзіўся 15 кастрычніка 1915 года ў вёсцы Старына Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці. У сувязі з акупацыяй роднай вёскі нямецка-фашысцкімі захопнікамі быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі толькі ў 1944 годзе. На фронт трапіў 15 снежня 1944 года. Змагаўся самааддана і мужна. Служыў тэлефаністам 1-й батарэі 1-га дывізіёна I Беларускага фронту. 20 красавіка 1945 года атрымаў свой першы медаль – «За адвагу».

Ён неаднаразова адзначаны падзякамі галоўнакамандуючага ў 1945 годзе: за выдатныя баявыя дзеянні пры прарыве глыбока эшаланаванай абароны немцаў на заходнім беразе Віслы, пры перасячэнні Германіі, за прарыў абароны немцаў на подступах да Берліна, за выдатныя баявыя дзеянні ў баях за авалоданне гэтым горадам.

Міхаіл Іванавіч Ніканчук узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За адвагу», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 – 1945 гг. .» і іншымі. 

Прадзядуля памёр у 1985 годзе, пакінуўшы пасля сябе двух сыноў і пяцера ўнукаў.
К списку записей раздела