Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Гаўрыіл Шахновіч: «Цяжкае было жыццё, але мы справіліся»

01.07.2022
Жыхар вёскі Сярагі Гаўрыіл Іванавіч Шахновіч добра ведае, што такое вайна: ён быў падлеткам, але потым і зброю трымаў у руках.

Была нядзеля. Разам з сябрам ён пасвіў коней, як убачылі ў небе самалёты.

– Мабыць, вайна пачалася, а мы нічога не ведаем, – разважалі тады. Я ўскочыў на каня і паскакаў у вёску, – успамінае Гаўрыіл Іванавіч. – Насупраць нашага дома быў сельвыканкам, каля яго сабралася многа людзей. Слухалі радыё: выступаў Молатаў. Вось так мы і даведаліся, што пачалася вайна.

Гаўрыіл Іванавіч расказваў, што назаўтра аб’явілі мабілізацыю. Каля камерцыйнага вучылішча ў Слуцку быў прызыўны пункт, туды збіраліся людзі. Але ж раптоўна наляцелі самалёты, пачалі бамбіць. Адна з бомб упала на пляц. Былі і параненыя. Пачалася паніка, людзі разбягаліся. Большасць пабегла дадому. Аднаго з суседаў Шахновіча прывезлі дадому параненага.

– Памятаю, як у адзін з дзён збілі савецкі самалёт над Сярагамі. Мы, хлопцы, пабеглі глядзець. Тры лётчыкі былі, але адзін з іх загінуў. Яны вярталіся з задання, – гаворыць Гаўрыіл Іванавіч. – Сяргей Вайцаховіч да вайны быў сакратаром Пінскага абкама КП(б)Б, у ваенны час – адным з кіраўнікоў камуністычнага падполля і партызанскага руху ў Пінскай вобласці. Ён прывёз сваю жонку і дзяцей да маці, яна жыла недалёка ад нас. Ніхто ж не думаў, што прыйдуць немцы і размесцяцца ў будынку сельвыканкама. Усе казалі, шапкамі закідаем немцаў, прагонім іх, аднак прагналі не адразу. Жонка Вайцаховіча Дора была яўрэйкай. Яна, як і іншыя, таксама працавала на зямлі, не цуралася ніякай работы. Вяскоўцы ёй дапамагалі. Мы, падлеткі, працавалі нароўні з дарослымі, трэба ж было жыць. Памятаю, тады добры ўраджай быў…

Аднойчы ў верасні 1942 года прыехалі ў вёску паліцаі і забралі дзяцей Доры. А яна ў той час у гумне была, збожжа лажыла. Яна кінулася бегчы, але яе затрымалі вяскоўцы і адправілі ў Грозава да партызан.

– У 1944 годзе нас вызвалілі. З Качалава прыскакалі хлопцы на конях і прывезлі добрую вестку. Мабілізацыя адразу ж была. Праз тыдзень нас забралі. Каля 260 чалавек было. Мы пайшлі на Вясею, Стары Гуткоў, наогул ішлі на Бабруйск. Нам пашанцавала – нас на машыне падвезлі. На таварнай станцыі выдалі сухі паёк і адправілі ў Кіраўск, станцыя Фаянсавая, там запасны полк быў. Спачатку быў у кулямётнай роце, вучылі нас. Цяжка было. Потым адправілі мяне ў зенітную артылерыю. Мы не ўдзельнічалі ў баях, ахоўвалі ў Гомелі пераправы, аб’екты. Служыў у Станькава, у Мінску. День Перамогі ў Рызе сустрэў. Дэмабілізаваўся ў канцы 50-га года.

Гаўрыіл Іванавіч працаваў на заводзе «Эмальпасуда». Пеша хадзіў на работу, а потым яшчэ і на заняткі ў вячэрнюю школу. У 1962 годзе пайшоў працаваць у мясцовы калгас. 
– Цяжкае было жыццё, але мы справіліся. Галоўнае, каб мір быў на нашай зямлі, нельга дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей.

Вольга КАВАЛЕНКА. 

К списку записей раздела