Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Ён быў сапраўдным патрыётам свайго краю – случчанка расказала пра свайго дзядулю

03.07.2020
Не так даўно ў «Слуцкім краі» быў надрукаваны матэрыял «Случилось в 1943 году…» – пра тое, як жыхары вёскі Падлошыца ў час Вялікай Айчыннай вайны вялі падпольную дзейнасць, дапамагалі партызанам у барацьбе з фашысцкімі акупантамі. У адзін са снежаньскіх дзён 1943 года фашысты расстралялі народных мсціўцаў. У ліку тых людзей быў дзядуля случчанкі Галіны Мікалаеўны Пенязь.

– Калі пачалася вайна, мой дзед Павел Іванавіч Сарагавец працаваў на Кучынскай МТС, – расказвае Галіна Мікалаеўна. – Мой бацька Мікалай успамінаў, што дзядуля быў працавітым і вельмі адказным чалавекам. Каб зарабіць сваім сёстрам на пасаг, у 1939 годзе адправіўся ў Амерыку і прывёз адтуль прыгожы мэблевы гарнітур. У армію яго не прызвалі, для работнікаў МТС у той час была броня.

Мой бацька і родныя расказвалі, што дзед быў сапраўдным патрыётам свайго краю, як і іншыя жыхары Падлошыцы, супрацоўнічаў з партызанамі. У адзін са снежаньскіх дзён 1943 года партызаны і падпольшчыкі на прылягаючай да вёскі тэрыторыі знеслі слупы сувязі. Фашысты шукалі вінаватых. Хтосьці выдаў падпольшчыкаў. Дзядулю і яшчэ шасцярых мужчын фашысты выгналі з хат на вуліцу, паставілі ў шарэнгу і расстралялі. У Падлошыцы на месцы іх расстрэлу ўстаноўлены помнік.

Вялікай цаной заваявана Перамога, свабода на нашай зямлі. У кожнай сям’і на той страшнай вайне загінуў хтосьці з родных і блізкіх. Мы не павінны забываць, якая жудасная з’ява – вайна. У нашай сям’і захоўваюць памяць пра нашага дарагога Паўла Іванавіча, ганарымся ім, расказваем пра яго ўнукам і праўнукам. Так будзе і далей.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела