Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Дзеці вайны… Успамінае жыхарка Слуцка

09.06.2020
75-годдзе заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, Год малой радзімы. Усё наша, як і наша Беларусь. Нашаму пакаленню, пакаленню дзяцей вайны, выпала шмат недзіцячых выпрабаванняў. Час няўмольны: забірае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, радзеюць і нашы рады, тых, хто з маленства спазнаў страту блізкіх, голад, холад, хваробы.

Сёння цяжка і ўявіць, як савецкі народ выстаяў у барацьбе з фашызмам, як аднаўлялася і будавалася разбураная краіна, як працавалі людзі і спадзяваліся на лепшае... Мы не заставаліся ў баку ад таго, што адбывалася. Памятаем і зараз тых, хто даў нам жыццё, але не вярнуўся дадому ці памёр ад ран.

Дзеці вайны назаўсёды запомнілі тое страшнае, што спазналі, адчулі ў маленстве... Вось некалькі трагічных гісторый маіх знаёмых.

В.І. Адамовіч, яе бацьку Івана Аляксеевіча камісавалі з прастрэленымі нагамі ў 1943 годзе, мучыўся, памёр ад ран.

Л.Г. Станік, маці памерла ў 1940 годзе, бацька Георгій Васільевіч быў і на фінскай вайне, а падчас Вялікай Айчыннай і на фронце, і ў партызанскім атрадзе на Клічаўшчыне, загінуў у снежні 1942 года.

Т.С. Сцегній, вязень лагера для ваеннапалонных і мірных грамадзян.

Г.П. Палавікова, бацька Павел Андрэевіч быў і на фінскай вайне, загінуў у 1941 годзе, у паведамленні – прапаў без вестак.

І.І. Пятровіч свайго бацьку не бачыў, Іван Анастасьевіч загінуў 22 красавіка 1945 года пад Берлінам.

Майго бацьку Івана Якаўлевіча фашысты расстралялі ў лютым 1942 года.

Цяжка пералічваць гэтыя няўмольныя факты і праз дзесяцігоддзі, але пакуль жывём – памятаем.

Мы не імкнуліся да лёгкага хлеба, каб усё і адразу, вучыліся, працавалі ў імя Радзімы, спадзяваліся толькі на сябе, свой розум, свае памкненні.

Як у вершы майго вучня: «Ты ўсё аддаў, каб новым пакаленням сваё жыццё шчасліва пачынаць».

Мы заклікаем моладзь: не забывайце тых, хто аддаў жыццё за Радзіму. Беражыце гонар быць беларусам!

Таісія НОВІК,
г. Слуцк.
К списку записей раздела