Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Браты-партызаны

21.07.2022
Калi пачалася калектывізацыя, Іван Жук з першых дзён арганiзацыі ў Паўстынi калгаса старанна працаваў на калектыўнай гаспадарцы. Былы батрак стаў актывістам. Яго паважалі аднавяскоўцы.

Але вось надышоў 1941 год. Чорная хмара фашысцкай навалы навісла над нашым мірным домам.

...Са Слуцка Іван і яго брат Фёдар вярнуліся дадому: у ваенкамаце ўжо нікога не было. Вечарам сталi раіцца, што рабіць.

– Склаўшы рукі сядзець не будзем, – сказаў Іван. – Будзем змагацца!

У хуткім часе Івану і Фёдару ўдалося ўстанавіць сувязь з партызанамі. Яны збіраюць зброю, дапамагаюць партызанам харчамi, вопраткай. Затым пераходзяць да больш актыўнай барацьбы з ворагам. Ад іх рук узляцела ў паветра не адна варожая машына. Дзясяткі акупантаў знайшлі сабе магілу.

У в. Заграддзе стаяў атрад фашыстаў. Па чыгунцы ім дастаўлялі на ваганетцы прадукты, боепрыпасы. У сакавіку 1943 г., даведаўшыся, што ў Заграддзе павiнна быць дастаўлена вялікая колькасць такога грузу, Іван і Фёдар вырашылі ўзарваць ваганетку. Заклалі добрую порцыю толу, і ён зрабіў сваю справу.

Злавіць падрыўнікоў паліцэйскім і немцам у гэты дзень не ўдалося. Аднак палiцаі цвёрда заяўлялі, што выбух на чыгунцы – справа рук толькі Івана і Флдара, i пачалi пiльна сачыць за iх хатай.

На наступны дзень, у нядзелю, жонка Івана Варвара на золку разам з іншымi жанчынамі пайшла ва Урэчча на базар. А праз некаторы час паліцаі схапілі Івана і Фёдара. Іх завялі ў памяшканне былой школы і пачалі збіваць, патрабуючы выдаць партызан. Аднак браты трымалiся цвёрда. Ніводнага слова не пачулі ад іх ворагі. 

Вяртаючыся з Урэчча паўстанцы, у тым ліку і цяжарная жонка Івана, убачылі, як па вясковай вуліцы вялi збiтых, са звязанымі рукамі, Івана і Фёдара. За імі неслі крэслы. Для чаго яны былі патрэбны, людзi здагадаліся. Варвара страціла прытомнасць...


Фёдару ўдалося развязаць рукі і ён кінуўся ўцякаць. Сем немцаў пусціліся наўздагон, пачалі страляць. Але злавіць Фёдара ім не ўдалося. Лёгка паранены фашысцкай куляй, ён дабег да лесу, зарыўся ў мох. Ворагі вырашылі, што забiлi партызана, i не адважылiся iсцi далей.

Яшчэ больш за год помсціў Фёдар фашыстам і загінуў летам 1944 г. у адным з цяжкіх баёў.

Івана гітлераўцы павесілі.

А. Дубіцкі, «За сацыялістычную Радзіму». 1958 г.

К списку записей раздела