Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Алена Хмялёва: «Не забывайце страшных урокаў вайны»

06.05.2022
У сакавіку гэтага года ветэран Вялікай Айчыннай вайны Алена Хмялёва адзначыла 100-годдзе. Нягледзячы на важкі ўзрост, Алена Аляксандраўна трымаецца малайцом, усмешлівая, у добрым настроі, заўсёды вельмі рада гасцям.

Яна ўраджэнка вёскі Гутніца, яшчэ да пачатку вайны закончыла Слуцкае педвучылішча, працавала настаўніцай на Старадарожчыне. Калі фашысты напалі на родную краіну, у Алены і яе мужа Віктара не ўзнікла нават сумненняў: трэба змагацца з ворагам! Браты Алены Аляксандраўны і муж накіраваліся ў партызаны. Алена была сувязной партызанскага атрада імя Аляксандра Матросава 95-й брыгады імя Фрунзе: перадавала ад падпольшчыкаў са Слуцка важныя звесткі, медыкаменты, распаўсюджвала агітацыйныя матэрыялы, выконвала іншыя даручэнні партызан і падпольшчыкаў. Смяротная рызыка не спыняла маладую случчанку, жаданне вызваліць родную зямлю ад лютага ворага было значна мацней. У 1943 годзе падчас карных аперацый нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі Гутніцу. Шэсць чалавек загінулі, сям’і Алены, іншым вяскоўцам удалося схавацца ў лесе.

Алена Аляксандраўна і зараз памятае, якім шчасцем поўнілася сэрца, калі жаданае збылося – любімая Случчына, Беларусь былі вызвалены ад фашысцкага іга. Але вайна працягвалася, на фронце загінулі яе два браты. На франтах Вялікай Айчыннай адважна змагаўся з ворагам муж Віктар, быў адзначаны ўзнагародамі. Дамоў вярнуўся праз некалькі гадоў пасля Вялікай Перамогі – ячшэ працягваў армейскую службу.

Алена Аляксандраўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём  «Партызану Айчыннай вайны» 2-й ступені, іншымі ўзнагародамі. Каля 39 гадоў яна аддала педагагічнай справе, працавала ва ўстановах адукацыі на Случчыне.

– Значэнне Вялікай Перамогі цяжка пераацаніць – яна прынесла мір і свабоду многім краінам, народам, – гаворыць ветэран. – Крыўдна, што пра гэта «забываюць» на Захадзе, пра страшныя ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, спрабуюць перапісаць гісторыю. Пераканана, урэшце яна расставіць усе кропкі над «і», людзі павінны  памятаць, што жыццё і мір – самыя галоўныя каштоўнасці на Зямлі.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела