Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

Медсястра партызанскага атрада

08.05.2022
Вайна перайначыла мільёны лёсаў. Юная Марыя Фёдараўна Дзямчук і ўявіць не магла, колькі выпрабаванняў ёй трэба будзе прайсці. Але нават цяпер, у свае 98 гадоў, былая партызанка не перастае ўсміхацца і жартаваць. А на грудзях блішчаць узнагароды…

Былая партызанка нарадзілася ў вёсцы Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Калі прыйшла вайна, Марыі Фёдараўне было сямнаццаць гадоў.

– Да вёскі падыходзілі немцы, мы ўжо ведалі, што ў нас з малодшым братам будзе два шляхі: ці нас адправяць у Германію, ці мы пойдзем у партызаны, – расказвае Марыя Фёдараўна. – Аб першым варыянце нават не было гаворкі.

У партызанскім атрадзе Марыя Фёдараўна разам з іншымі дзяўчатамі прайшла курсы і працавала медыцынскай сястрой у палявым шпіталі.

Даводзілася ёй хадзіць і на заданні. Нароўні з хлопцамі юныя партызанкі падкладвалі міны пад аўтамабілі, цягнікі, узрывалі масты, дарогі.

–  Заўсёды баялася, што немцы зойдуць у мой родны дом і стрэляць у маму і тату, – распавядае былая партызанка.  – У такія моманты думала, што буду забіваць фашыстаў, і яны не змогуць навесці дула аўтамата на маіх блізкіх.  Канечне, было страшна. Але ж разумела: хто, калі не я? І страх адступаў, бо было жаданне знішчыць ворага, які адважыўся падняць зброю супраць маёй краіны, маёй сям’і. Усе мы хацелі аднаго – мірнага неба над галавой.

Тры гады Марыя Фёдараўна пражыла ў лесе. Даводзілася ёй і ў гурбах зімой начаваць. Перажыла не адну аблаву. Здаралася, лагер і з самалётаў бамбілі.

Родны дом Марыі Фёдараўны, як і многія іншыя ў вёсцы, спалілі фашысты. Але вайна аб’ядноўвала людзей у бядзе, і яны некалькімі сем’ямі жылі ў ацалелых хатах.

Пасля вызвалення Беларусі Марыя Фёдараўна вярнулася ў родную вёску, некаторы час працавала медсястрой. Выйшла замуж, пайшла працаваць даяркай у калгас.

– Асабліва балюча бачыць сёння тое, што адбываецца ва Украіне, – адзначае былая партызанка. – У мяне там жывуць родныя, шмат знаёмых, сяброў. Я спадзяюся, што ў хуткім часе канфлікт будзе вырашаны  мірным шляхам.

Ірына ШАБАШАВА.

К списку записей раздела