Новости Слуцка и Слуцкого района Новости Слуцка
Главная / Общество / Никто не забыт, ничто не забыто

9 снежня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду

09.12.2022
Сёння адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, ушанавання іх годнасці і папярэджання гэтага злачынства.

У Рэспубліцы Беларусь у Год гістарычнай памяці быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа».

Давайце ўзгадаем, які ўрон быў нанесены Случчыне прадстаўнікамі нямецкага шавінізму ў час Вялікай Айчыннай вайны.

За час свайго знаходжання ў Слуцку і раёне нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі амаль усё, што было створана мясцовымі жыхарамі за гады савецкай улады. За тры гады акупацыі гітлераўцы расстралялі, закатавалі, павесілі і спалілі 26 307 савецкіх грамадзян, у тым ліку 11 150 жыхароў горада і раёна. 14 тысяч савецкіх ваеннапалонных былі расстраляны, замучаны, памерлі з голаду. На катаржныя работы ў Германію вывезена 1311 чалавек.
 
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Слуцку было 21 947 жыхароў. Пасля вызвалення засталося толькі 6 829.
На тэрыторыі Случчыны фашысты спалілі поўнасцю 23 і часткова 24 вёскі. Вялікі ўрон быў нанесены жыллёваму фонду і прадпрыемствам горада, сельскай гаспадарцы раёна.

На зямлі Случчыны былі паранены і склалі свае галовы сыны і дочкі многіх народаў былога Савецкага Саюза. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 132 воінскія пахаванні, з якіх больш за 70 брацкіх магіл. Цяжкімі шляхамі вайны ў складзе Чырвонай арміі прайшлі тысячы случан. Яны ўнеслі важкі ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і агульную перамогу над ворагам. Звыш 7 тысяч з іх аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны.

Падзеям той жудаснай і крывавай вайны ў раёне прысвечана больш за 190 помнікаў, стэл, абеліскаў. Яны ўшаноўваюць подзвігі савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якіх ніколі не забудуць удзячныя жыхары Случчыны.

У галерэі мастацтваў імя У.С. Садзіна ў Слуцку працуе тэматычная экспазіцыя «Генацыд. Рэквіем памяці», прысвечаная тым страшным падзеям.

Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у верасні 2015 года. Дата была абрана не выпадкова: у 1948 годзе 9 снежня была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго.

Рэзалюцыя 1948 года стала першай дамовай па правах чалавека, прынятай Генеральнай Асамблеяй. Усе 193 дзяржавы-члены, якія прынялі гэтую канвенцыю аднагалосна, пацвердзілі, што кожная краіна асобна адпавядае мэце гэтага дня - павышаць свядомасць, інфармаванасць народаў па гэтай тэме, шанаваць памяць людзей, якія сталі ахвярай генацыду.
Падрыхтавала Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела