Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / К 80-летию освобождения Беларуси

30 чэрвеня 1944 Слуцк быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

30.06.2022
 30 чэрвеня 1944 года на світанні па пазіцыях ворага ў Слуцку быў нанесены кароткі магутны артылерыйскі ўдар. Пасля гэтага з паўночнага захаду, поўначы і паўднёвага ўсходу часці ўсіх трох дывізій 4-га гвардзейскага Кубанскага казачага кавалерыйскага корпуса, а з усходу часці 219-й танкавай брыгады і мотапяхоты, а таксама 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі атакавалі варожы гарнізон у горадзе. Пачаліся ўпартыя вулічныя баі.

У 8 гадзін раніцы гітлераўцы пры падтрымцы артылерыі і танкаў контратакавалі савецкіх воінаў на паўднёва-ўсходняй ускраіне Слуцка і адціснулі часці 9-й кавалерыйскай дывізіі. На дапамогу кавалерыстам быў кінуты артылерыйскі полк 15-й стралковай дывізіі 18-га корпуса 65-й арміі. Нямецкая контратака пацярпела паражэнне. 

З паўночнага ўсходу ў горад уварвалася 35-я мотастралковая брыгада 1-га механізаванага корпуса, а з поўдня Слуцк абышлі часці 3-га стралковага корпуса 

28-й арміі. Атакаваныя з некалькіх бакоў гітлераўцы не вытрымалі ўдару і, пакінуўшы на полі бою вялікую колькасць забітых і параненых, пачалі адыходзіць на захад. 

Да 11.30 Слуцк быў поўнасцю ачышчаны ад нямецка-фашы-сцкіх захопнікаў. Але яшчэ гадзі-ны дзве на заходняй ускраіне горада працягваліся баі. У ву-лічных баях за Слуцк было знішчана 13 нямецкіх танкаў,  2 бронетранспарцёры, 2 артбатарэі, 4 мінамётныя батарэі, 3 дзоты,  да 700 салдат і афіцэраў, былі захоплены палонныя, трафеі.

Выбіўшы гітлераўцаў з горада, нашы часці адбілі танкавую контратаку ворага ў раёне в. Лучнікі і не далі яму прарвацца ў Слуцк. Адступаючы, нямецкія факельшчыкі ў в. Бранавічы ўстроілі дымавую завесу. Многія дамы былі спалены. 

1 ліпеня 1944 года часці 44-й гвардзейскай стралковай дывізіі 65-й арміі ва ўзаемадзеянні з партызанамі 225-й брыгады імя А. Суворава вызвалілі Грэск. Слуцкі і Грэскі раёны былі поўнасцю вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

2 ліпеня ў гарадскім парку Слуцка адбыўся мнагалюдны мітынг, прысвечаны вызваленню Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго адкрыў сакратар Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б І. Канановіч, з прамовамі выступілі намеснік камандуючага 28-й арміі палкоўнік Цыбін, камандзір партызанскай брыгады імя В. Чкалава М. Розаў, партызаны, партызанкі, прадстаўнікі насельніцтва, лектар палітаддзела 28-й арміі маёр Данскі і інш. 

5 ліпеня загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі СССР васьмі воінскім часцям і злучэнням, якія вызначыліся пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкія»: 10-й гвардзейскай Кубанскай кавалерыйскай дывізіі (камандзір палкоўнік М. Папрыкайла), 37-й механізаванай брыгадзе (палкоўнік М. Кулікаў), 1-й асобнай знішчальна-процітанкавай артылерыйскай брыгадзе (палкоўнік І. Вахрамееў), 218-му  (падпалкоўнік М. Лысенка), 431-му (падпалкоўнік П. Плохаў) і 874-му (маёр М. Волкаў) штурмавым авіяцыйным палкам, 53-му асобнаму матарызаванаму пантонна-маставому батальёну (маёр А. Арэцкі), 91-му інжынерна-сапёрнаму батальёну (маёр В. Гогалеў).

Вялікую дапамогу гвардзейцам і коннікам аказалі партызаны, якія захоплівалі масты, пераправы, утрымлівалі іх да падыходу часцей Чырвонай арміі. 

Адразу пасля вызвалення пачалося аднаўленне разбураных прадпрыемстваў і калгасаў. На другі дзень ужо працавалі хлебапякарня, лазня і цырульня. 

Паводле кнігі «Памяць.
Слуцкі раён. Слуцк».
К списку записей раздела