Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Никто не забыт, ничто не забыто

23 лютага 80 гадоў таму нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі вёску Пераходы і яе жыхароў

23.02.2023
У студзені – лютым 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты правялі карную экспедыцыю «Свята ўраджаю» супраць партызан і мірнага насельніцтва Слуцкага, Грэскага, Пухавіцкага і Старадарожскага раёнаў. 23 лютага таго ж года карнікі спалілі 9 вёсак Случчыны разам з жыхарамі. Знішчаныя Пераходы так і не адрадзілі пасля вайны. У вёсцы было 26 двароў, жыў 131 чалавек, загінулі – 116 (70 дарослых і 46 дзетак). 

У Карэліі я адшукаў былога жыхара вёскі Пераходы Івана Арсенцьевіча Ліневіча, а ў Калінінградзе – братоў Фёдара і Віктара Жураўскіх, якія з’яўляюцца апошнімі сведкамі трагедыі ў Пераходах.

Успамінае Фёдар Жураўскі:

– Карнікі акружылі вёску ў 10 гадзін раніцы, яны абрабавалі жыхароў, потым адбіралі моладзь, каб адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Хата нашых бацькоў стаяла на ўскрайку вёскі, сюды зганялі жывёлу. Былі прызначаны пагоншчыкі, якія павінны былі гнаць жывёлу ў Слуцк, а ў нашай хаце, акрамя маці і сястры, сабраліся родныя, аднавяскоўцы. Іх спалілі жывымі, чалавек 60, у нашай хаце, а астатніх жыхароў вёскі Пераходы забілі ў сваіх дамах. Хаты, гаспадарчыя пабудовы былі спалены. Я ўзяў малодшага браціка Віктара за руку і разам з ім падышоў да пагоншчыкаў жывёлы. Каля хаты на возе сядзела мая аднавяскоўка з дзеткамі, якую паліцай з суседняй вёскі вывозіў з Пераходаў. Я папрасіў забраць з сабой і Віцю. Яна згадзілася, а паліцай змаўчаў. Я разам з пагоншчыкамі пагнаў кароў у напрамку да Шышчыц. Абапал дарогі ніводнай вёскі не засталося, адны коміны ад спаленых хат, а каля дарогляжалі целы забітых. Пачало цямнець, і мы разам з Лідай Галяс, Андрэем Рубскім уцяклі ў лес, але да раніцы вярнуліся ў Пераходы. Вёска была ўжо спалена. У Пераходах уцалелі Іван Ліневіч, мой равеснік, і Стэфаніда Дардынская, якая страціла ў гэты дзень шасцёра дзетак, а сама, параненая, выпаўзла з палаючага дома.

19 красавіка 1944 года партызаны атрадаў імя М. Астроўскага і К. Ракасоўскага разбілі карны атрад колькасцю 500 чалавек на месцы спаленай вёскі Пераходы. Фашысты страцілі 78 чалавек забітымі, акрамя таго партызаны захапілі трафеі: мінамёт, 3 ручныя кулямёты, шмат вінтовак і аўтаматаў. Смерцю храбрых загінулі партызаны Паронін і камандзір аддзялення славак Тарабаш, якія пахаваны на брацкіх могілках у вёсцы Жылін Брод.

Былы жыхар вёскі Пераходы Іван Ліневіч успамінае:
 
– Жыхары спаленых вёсак Случчыны, што засталіся ў жывых, пасяліліся ў шалашах, непадалёк ад Пераходаў за рэчкай Вясея. Нам дапамагалі адзеннем і ежай партызаны. Вясною 1944 года над нашай вёскай-партызанкай доўга кружыў самалёт-разведчык. Пасля бою ў Пераходах, які ішоў тры гадзіны і закончыўся штыкавой атакай партызан і іх перамогай, карнікі не толькі ўцяклі, але нават не вярнуліся за целамі сваіх загінулых ваяк. Прыйшлося жыхарам вёскі-партызанкі выкапаць яму і хаваць забітых немцаў.

2 ліпеня 1972 года на месцы былой вёскі Пераходы быў адкрыты мемарыяльны комплекс. На насыпанам кургане ўстаноўлены помнік жыхарам вёсак Пераходы, Жылін Брод, Палікараўка, Перавалока, Беразінец, Задоўба, Краснае, Крушнік, Фадзееўка, Адамова, Руднаўка, расстраляным і спаленым жывымі 23 лютага 1943 года, воінам і партызанам, якія загінулі ў барацьбе за незалежнасць нашай Радзімы.

У сярэдзіне 1980-х гадоў Элем Клімаў зняў двухсерыйны мастацкі фільм «Ідзі і глядзі», у якім расказваецца пра лёс слуцкай вёскі Пераходы, якая з’яўляецца сімвалам усіх спаленых вёсак Слуцкага раёна.

Даведка: карная  экспедыцыя «Свята ўраджаю – 2» у студзені,  лютым 1943 года праходзіла на тэрыторыі Слуцкага, Капыльскага, Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Знішчана падчас аперацыі, забіта, спалена жывымі 2 325 чалавек, 300 чалавек былі захоплены для адпраўкі ў рабства ў фашысцкую Германію. Карная экспедыцыя «Горнунг» праходзіла ў лютым 1943 года на тэрыторыі Лунінецкага, Ляхавіцкага, Жыткавіцкага, Слуцкага, Салігорскага, Капыльскага, Нясвіжскага раёнаў. 13 тысяч мірных жыхароў расстраляны, спалены жывымі, закатаваны фашыстамі ў ходзе карнай аперацыі. 


Васіль ЦІШКЕВІЧ, 
навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея. 



Наш агульны абавязак
 

На Случчыне рэалізуецца праект «Рамонт помніка-скульптуры ў памяць пра жыхароў спаленых вёсак Слуцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны і добраўпарадкаванне тэрыторыі былой вёскі Пераходы».

Нагадаем, прапанова Першамайскага сельвыканкама аб правядзенні на комплексе рамонтных работ была падтрымана Слуцкім раённым Саветам дэпутатаў. Рэалізацыя праекта ажыццяўляецца з мінулага года за сродкі, заробленыя случчанамі на суботніках, а таксама пералічаныя прадпрыемствамі, арганізацыямі, грамадзянамі.

Старшыня Першамайскага сельвыканкама Леанід Казак:

– На рахунак ад прадпрыемстваў, грамадзян  паступіла больш за 75 тысяч рублёў, частку з іх летась выкарастылі на рамонт (каля 30 тысяч рублёў). У мінулым годзе праведзена экспертыза помніка-скульптуры ў Пераходах, атрымана тэхнічнае заключэнне, складзена праектна-каштарысная дакументацыя на рамонтныя работы. Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Дарбудсэрвіс», якое выйграла тэндар, выканала выдаленне аварыйных дрэў на ўзвышэнні, дзе знаходзіцца помнік-скульптура, выроўніванне пастамента помніка і яго замацаванне, падрыхтоўку скульптуры да рэканструкцыі. Работы ў адпаведнасці з праектам, у тым ліку па добраўпарадкаванні тэрыторыі комплексу, будуць працягнуты ў гэтым годзе. Канечне, спатрэбяцца сродкі, каб выканаць запланаванае. Хачу адзначыць, што Пераходы ўключаны ў экскурсійны маршрут «Сёстры Хатыні». 

Аказаць фінансавую дапамогу на работы па добраўпарадкаванні комплексу можа любы жадаючы. Прывесці гэта памятнае месца ў належны стан, каб захаваць памяць для нашчадкаў пра страшныя ўрокі вайны, чым абарочваецца для людзей фашызм, каб такое ніколі не паўтарылася, – наш з вамі абавязак, шаноўныя случчане.

Расчетный счет для оказания помощи: 

BY89AKBB 3641 6261 4001 0000 0000  
ОАО АСБ «Беларусбанк»,
БИК банка АKBBBYXX, 
УНП 600537220, код платежа 05405.

К списку записей раздела