Папаўняем запасы
20.09.2018
Садавіна і агародніна, саджанцы і кветкі, мясныя, кандытарскія вырабы, саленні і іншая прадукцыя – на восеньскіх кірмашах можна набыць усё, што патрэбна для «смачнай» зімы, на кожны дзень, у гаспадарку. На першым кірмашы гандлёвыя пункты прадпрыемстваў Случчыны і прыватных падвор’яў прапанавалі разнастайны асартымент сельскагаспадарчай прадукцыі. Цэны, як заўсёды, на любы кашалёк. Маю ўвагу прыцягнулі прыгожыя кусты маліны, увешаныя восеньскім ураджаем, сярод шматлікіх саджанцаў – сорт маліны з жоўтымі ягадамі. Знаёмлюся з гаспадыняй. Ніна Аркадзьеўна Фралова
(на здымку) цяпер дачніца, а раней была загадчыцай беларускамоўнага дзіцячага сада.
– Я ўраджэнка Случчыны, працавала на Салігоршчыне, а малую радзіму цяпер упрыгожваю сваёй працай і творчасцю – прыпеўкі і песні на мае вершы спяваюць «Ячаўскія вячоркі». І для сябе адкрыла новае хобі: вырошчваю кветкі, грыбы (некалькі відаў вешанак і шыітаке), пладовыя кустарнікі. Умяне больш за 35 сартоў клубніц, 8 сартоў малін і 5 – ажын. Кожнаму, хто набывае ў мяне саджанцы, абавязкова расказваю, як лепш вырошчваць расліну, дзялюся вопытам, хачу, каб і ў іншых мая садавіна давала добры ўраджай. Падзяка пакупнікоў – лепшая ўзнагарода.
Кірмашы будуць праходзіць у Слуцку на працягу месяца. Прыходзьце і рабіце запасы.
Ірына ВЕЧАР.
Да спіса