Слуцкі край Слуцкі край
Галоўная / Грамадства / Грамадства

Рэдакцыя «Слуцкага краю» і Слуцкая раённая арганізацыя ветэранаў правялі «круглы стол»

27.08.2018
 І пасля выхаду на пенсію можна жыць цікава, актыўна, насычана, – лічаць удзельнікі «круглага стала», арганізаванага рэдакцыяй «Слуцкага краю» і Слуцкай раённай  арганізацыяй ветэранаў.

Тэма для размовы выбрана невыпадкова: як сведчаць факты, выхад на пенсію па ўзросце не ўсе перажываюць аднолькава. Здавалася б, вось ён, доўгачаканы адпачынак, процьма вольнага часу, распараджайся ім як хочаш. Але, як сцвярджаюць псіхолагі, нямала людзей выхад на заслужаны адпачынак расцэньваюць як фінішную прамую, як завяршэнне свайго актыўнага жыцця, нярэдка адчуваюць сябе незапатрабаванымі і адзінокімі. Як дапамагчы гэтым людзям зноў знайсці сябе, якія для гэтага ёсць магчымасці на Случчыне, абмяркоўвалі ўдзельнікі «круглага стала». Некаторыя з іх дзяліліся вопытам адаптацыі да пенсіённага жыцця. Магчыма, ён камусьці спатрэбіцца.


Валянціна Сцяпанаўна ВІДЛОГА, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў:

– Добры  дзень, шаноўныя ўдзельнікі «круглага стала». Тэма нашай  размовы сапраўды актуальная. Не ўсе, аднак і нямала людзей, пасля выхаду на пенсію праблематычна перажываюць свой новы статус, асабліва гэта тычыцца адзінокіх людзей або якія раней займалі публічныя пасады, актыўна займаліся грамадскай дзейнасцю. Безумоўна, трэба разумець, што пенсія – гэта не канец свету, а толькі заканчэнне працоўнай дзейнасці. І чалавек на пенсіі не павінен абмяжоўвацца толькі бытавымі, сямейнымі справамі, напрыклад, агародам ці дачай, доглядам унукаў. Калі ёсць здароўе і жаданне, прадастаўлена нямала іншых магчымасцей для самарэалізацыі. У тым ліку гэтаму спрыяе ветэранскі рух. На Случчыне дзейнічаюць 75 пярвічных ветэранскіх арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў. Наша галоўная задача – ахапіць увагай як мага больш пажылых людзей, садзейнічаць вырашэнню іх праблем, арганізацыі вольнага часу, прыцягненню да ўдзелу ў грамадскім, культурным жыцці. Для ўсіх жадаючых заўсёды адкрыты дзверы раённага савета ветэранаў. Сярод пярвічных ветэранскіх арганізацый праводзім разнастайныя конкурсы, у тым ліку «Ветэранскі падворак», «Бабуліны прысмакі», літаратурны конкурс і іншыя. У ветэранскіх пярвічках, як правіла пры садзейнічанні кіраўніцтва, прафкамаў прадпрыемстваў і арганізацый, для ветэранаў праводзяць сустрэчы, экскурсіі, паездкі ў сталічныя тэатры, спартыўныя, іншыя мерапрыемствы. На жаль, так адбываецца не  ва ўсіх пярвічках.

Хачу падкрэсліць, што слуцкія пенсіянеры – у пераважнасці сваёй людзі нераўнадушныя і ініцыятыўныя. Многія займаюцца прыкладнымі відамі мастацтва, знаходзяць іншыя захапленні, наведваюць гурткі і клубы ва ўстановах культуры, напрыклад, клубы «Верасень» і «Фантазія», народны хор ветэранаў у гарадскім Доме культуры, жаночы клуб «Калі ласка» ў цэнтры традыцыйнай культуры. Прыемна адзначыць, што нягледзячы на занятасць на ўласных падворках, не з’яўляюцца выключэннем і вясковыя пенсіянеры. Вы б бачылі, якія цудоўныя вышыўкі, напрыклад,  стварае пенсіянерка Таісія Мікалаеўна Туравец з аграгарадка Лучнікі. А вышываныя работы гараджанкі Фаіны Сямёнаўны Чарнаскутавай неаднаразова выстаўляліся ў Слуцкай  галерэі мастацтваў. Многія нашы ветэраны, пенсіянеры ў горадзе па ўласнай ініцыятыве займаюцца ўладкаваннем, афармленнем клумбаў у дварах каля шматпавярховак, у тым ліку гараджанкі Ларыса Уладзіміраўна Пісарык, Валянціна Іванаўна Адамовіч і іншыя. Члены ветэранскай арганізацыі гімназіі №2 аб’ядналіся ў клуб «Непаседы», дзейнічае свой клуб і ў пярвічнай ветэранскай арганізацыі прадпрыемства «Слуцкія паясы».

І тым не менш, наша надзённая задача – далейшая актывізацыя дзейнасці ветэранскіх пярвічак, стварэнне новых ветэранскіх арганізацый.

 Вольга Уладзіміраўна ЖОГЛА, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Слуцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва»:

– У нашым цэнтры са снежня 2014 года функцыянуе аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. У аддзяленні арганізавана работа клубаў па інтарэсах: «Храм душы», жаночы клуб «Гаспадынька», «Школа здароўя», якія ахвотна наведваюць случчане. Рэгулярна праводзім заняткі ў «Школе бяспекі для пажылых грамадзян», заняткі з псіхолагамі ў клубе «Як дапамагчы сабе самому», розныя культурна-масавыя мерапрыемствы. У аддзяленні працуюць тры гурткі па інтарэсах: «Камп’ютарны свет» па навучанні камп’ютарнай грамаце, фізкультурна-аздараўленчы гурток «Рух у радасць» і гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Натхненне». З гэтага года гурткі працуюць на платнай аснове, у сувязі з чым колькасць іх наведвальнікаў  зменшылася. Аднак мы стараемся рашаць пытанне за кошт  клубнай работы, прапануем нашым наведвальнікам і формы валанцёрскай дзейнасці.




 




 



 Алена Іванаўна ЖЫЖЫК, пенсіянерка, шмат гадоў працавала ўрачом у Слуцкай раённай бальніцы, узнагароджана ордэнам «Знак пашаны»:

– Я ўжо пенсіянер з вялікім стажам. Усім маім калегам па пенсіі раю: не трэба замыкацца ў чатырох сценах, напаўняйце сваё жыццё не толькі праглядам тэлесерыялаў, але як мага болей – карыснымі, цікавымі заняткамі. Гэта залог даўгалецця, добрага настрою. Выхад на пенсію можна расцэньваць як магчымасць удзяліць больш увагі сваім  родным, блізкім, сябрам і, не выключана верагоднасць, – адкрыць свае здольнасці і таленты, пра якія вы нават не здагадваліся. 

Мне давялося перажыць трагічныя перыяды: смерць мужа і сына, сама перанесла інфаркт міякарда, была і дэпрэсія. Аднак я рашыла рухацца далей. Па-першае, каб адпавядаць часу, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва авалодала камп’ютарнай граматай, цяпер з лёгкасцю ўпраўляюся з гаджэтамі. Там жа, у тэрытарыяльным цэнтры, мяне навучылі вышыванню стужкамі. Аказалася, захапляючы занятак, у мяне атрымліваюцца прыгожыя карціны, якія я з радасцю дару знаёмым. Мае работы прадстаўлены ў тэрытарыяльным цэнтры, а за карціну, якая была прадстаўлена на абласным конкурсе ў Мінску, я ўзнагароджана граматай.

Штодня праходжу не меней пяці кіламетраў, кожны дзень з задавальненнем чытаю кнігі. Люблю музыку, мастацтва, кіно, бываю на спектаклях у Мінску, а таксама ў Маскве – калі наведваю дачку, якая працуе там урачом. Яшчэ ў мяне чатыры ўнукі і дзве праўнучкі! Імкнуся стыльна апранацца і вельмі люблю рабіць падарункі. Мне думаецца, асноўнае – не быць раўнадушным, старацца кожны дзень напаўняць добрымі справамі. У гэтым галоўная запатрабаванасць чалавека.







  Таццяна Анатольеўна ДАНІЛОВІЧ, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа:

– Сапраўды так. Хачу падкрэсліць, што слуцкія пенсіянеры прымаюць удзел у валанцёрскай рабоце Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта нялёгкая справа, якая патрабуе маральных і фізічных сіл, волі, міласэрнасці, чуласці, суперажывання. Важкі вопыт валанцёрскай работы ў случчанак Раісы Пятроўны Дамашовай, Таццяны Барысаўны Лукіч. У 2014 годзе з ліку нашых валанцёраў сталага ўзросту сфарміравана група пад кіраўніцтвам Валянціны Сцяпанаўны Главацкіх. Члены групы ініцыятыўныя, захопленыя людзі, якія ўдзельнічаюць у зборы сродкаў для хворых людзей, у дабрачынных акцыях, распаўсюджанні ведаў  санітарнай асветы, ажыццяўленні праектаў, у тым ліку «Творчасць – дзецям», «Школа здароўя», «Чысціня – залог здароўя» і іншых. Дзейнасць нашых валанцёраў – гэта канкрэтныя справы, рэальная дапамога людзям. Напрыклад, нашы валанцёры па прынцыпе роўны навучае роўнага распаўсюджваюць веды аб здаровым харчаванні, правільным руху, падчас рэалізацыі праекта «Чысціня – залог здароўя» шылі навалкі, пялёнкі, прасціны для хворых.  Дзякуй нашым валанцёрам за падзвіжніцтва, за разуменне таго, што чужой бяды не бывае.




 Георгій Паўлавіч КАФФКА, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, ганаровы ветэран Слуцкай раённай арганізацыі ветэранаў, шмат гадоў  удзельнічае ў рабоце па патрыятычным выхаванні моладзі:

– Не ўяўляю свайго жыцця на пенсіі без удзелу ў грамадскім жыцці. У гэтым годзе я адзначыў сваё 95-годдзе. Аднак  адмаўляцца ад актыўнага ладу жыцця не намераны. Сустракаюся з калегамі-ветэранамі на пасяджэннях нашай ветэранскай арганізацыі 29-й танкавай дывізіі, у раённым савеце ветэранаў, удзельнічаю ў розных раённых мерапрыемствах. Як ветэран, часта сустракаюся са школьнікамі, дзялюся ўспамінамі, расказваю пра гераічныя старонкі гісторыі нашай радзімы. Можна сказаць, мая падшэфная ўстанова – гімназія №1 нашага горада, там я бываю рэгулярна.





















 Іна Антонаўна КРЫВАДУБСКАЯ, пенсіянерка, кіраўнік жаночага клуба «Калі ласка»:

– На пенсію я пайшла са Слуцкай геолагаразведвальнай экспедыцыі, дзе працавала эканамістам. Падчас працоўнай дзейнасці ўдзельнічала ў грамадскай рабоце, у тым ліку была старшынёй прафкама арганізацыі, прапагандыстам. Выхад на пенсію ўспрыняла спакойна, мы з мужам заняліся дачай, хатнімі справамі. Аднак абмяжоўвацца толькі гэтым не захацела, пачала наведваць у гарадскім Доме культуры жаночы клуб «Тамара», а пасля яго распаду на базе Слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры арганізавалі свой клуб – «Калі ласка», у якім цяпер 20 чалавек –  жанчыны сталага ўзросту. Нашы пасяджэнні праходзяць штомесяц, запрашаем цікавых людзей, мясцовых паэтаў, наведваем выставы, ладзім экскурсіі, абмяркоўваем розныя тэмы – жывём цікава!
















Віктар Сямёнавіч САЛАВЕЙ, пенсіянер, удзельнік народнага хору ветэранаў Слуцкага гарадскога дома культуры:

– Відавочна, чалавеку на пенсіі патрэбен занятак, прычым, занятак па душы. Калі ёсць жаданне, гэта не праблема. Я, напрыклад, пасля выхаду на заслужаны адпачынак (Віктар Сямёнавіч працаваў у асноўным у гандлёвай і маркетынгавай сферы)  запісаўся ў хор ветэранаў  Слуцкага дома культуры. Люблю спяваць, з задавальненнем хаджу на рэпетыцыі, удзельнічаю ў канцэртах. Наш калектыў выступае на толькі на Случчыне, двойчы ўдзельнічалі ў «Славянскім базары» ў Віцебску, у 2011 годзе і сёлета. У гэтым годзе наш калектыў стаў лаўрэатам міжнароднага фестывалю-конкурсу «Вясёлка над Віцебскам» у рамках «Славянскага базару». Канцэрты, выступленні, паездкі напаўняюць маё жыццё новымі фарбамі, уражаннямі.














 Георгій Рубэнавіч Амбарцумян, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Слуцкага занальнага вузла электрасувязі РУП «Белтэлекам», дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Трыумф»:

– Канечне, чалавек сам робіць выбар, як яму жыць: днямі ляжаць на канапе або спасцігаць нешта новае, працаваць над сабой. Члены нашай пярвічнай ветэранскай арганізацыі не абдзелены ўвагай, мы арганізуем для іх шмат экскурсій у Мінск і на Случчыне, праводзім спартыўныя мерапрыемствы, стварылі сваю групу здароўя. А яшчэ вядзём своеасаблівы летапіс нашай дзейнасці з расказамі пра  ветэранаў. Для кожнага з іх гэта асабліва важна, бо гэта гісторыя, памяць. Нямала працуем з ветэранамі, пажылымі людзьмі і на базе фізкультурна-спартыўнага клуба «Трыумф», у тым ліку штогод праводзім шахматна-шашачны турнір, іншыя мерапрыемствы. Дарэчы, адзін з актыўных удзельнікаў турніру ветэран Вялікай Айчыннай вайны 97-гадовы Аляксандр Сцяпанавіч Кісель.

Хачу падкрэсліць важнась ролі пярвічных ветэранскіх арганізацый у жыцці людзей пенсіённага ўзросту, значэнне ўзаемадзеяння з кіраўніцтвам, прафкамамі прадпрыемстваў і арганізацый. На маю думку, на прадпрыемствах трэба часцей праводзіць мерапрыемствы для сваіх пенсіянераў, у тым ліку спартыўныя, конкурсы, часцей запрашаць на мерапрыемствы. Не трэба забываць, колькі сіл, здароўя аддалі гэтыя людзі падчас працоўнай дзейнасці, яны заслужылі ўвагу і павагу.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.





P.S. Так што, шаноўныя пенсіянеры, не спыняйцеся на дасягнутым, не апускайце рукі, смела рухайцеся далей, адкрываючы новыя грані жыцця! Для гэтага ёсць нямала магчымасцей.

Тэлефоны Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: 2-50-41, 2-94-91, Слуцкага раённага савета ветэранаў – 5-45-35.
Да спіса
Архіў