Наша родная мова з’яўляецца не толькі сродкам зносін, яна адлюстроўвае характар беларускага народа, яго гісторыю і светапогляд. У цяперашні імклівы час захаванне нацыянальнай мовы становіцца важнай задачай нашага грамадства. Берагчы, развіваць роднае слова дапамаюць і мерапрыемствы падчас свята беларускага пісьменства.

У 2026 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Касцюковічы Магілёўскай вобласці. Галоўная мэта свята – паказаць непарыўную сувязь беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай народа. Беларуская мова – частка вялікага славянскага свету, і ў яе лексіцы, граматыцы і фанетыцы можна знайсці водгукі агульнага мінулага. Праз кнігі, летапісы і сучасныя выданні мы атрымліваем магчымасць зразумець, як фарміраваліся каштоўнасці грамадства і якія выпрабаванні прыйшлося прайсці нашым продкам. Без павагі да гэтай спадчыны немагчыма ўявіць паўнавартаснае развіццё нацыі.

Дзень беларускага пісьменства папулярызуе лепшыя ўзоры сучаснай літаратуры, кнігавыдання і нацыянальнай пісьмовай культуры. Гэта асабліва актуальна ў цяперашні час, калі фармат спажывання інфармацыі імкліва мяняецца. Электронныя кнігі, сацыяльныя сеткі і кароткія пасты не павінны выцясняць глыбокае чытанне і асэнсаванне тэкстаў.

Літаратурныя фестывалі і сустрэчы з аўтарамі, якія праводзяць падчас свята, дапамагаюць фарміраваць чытацкую культуру, прывіваць любоў да слова з дзяцінства. Адмысловае месца ў праграме Дня беларускага пісьменства займае падтрымка таленавітых пісьменнікаў. Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі – гэта не толькі прызнанне заслуг вопытных майстроў слова, але і стымул для маладых творцаў. Літаратура – люстэрка грамадства, і важна, каб у ім адлюстроўваліся актуальныя тэмы, якія хвалююць людзей.

Канцэпцыя і акцэнты 2026 года робяць свята яшчэ больш шматгранным. Мерапрыемствы ў Касцюковічах прымеркаваны да Года беларускай жанчыны, што падкрэслівае ролю жанчын у гісторыі, культуры і літаратуры Беларусі. 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны нагадвае пра трагічныя старонкі мінулага і пра тое, як літаратура і прэса дапамагалі людзям захоўваць надзею і веру ў перамогу. Пяцігодка якасці акцэнтуе ўвагу на высокім узроўні выдавецкай прадукцыі, а юбілеі класікаў літаратуры даюць падставу зноў звярнуцца да іх творчасці і пераасэнсаваць яе ў сучасным кантэксце.
Захаванне беларускай мовы – гэта задача не толькі дзяржавы, устаноў культуры і адукацыі, але і кожнага чалавека. Пачынаць трэба з малога: размаўляць на роднай мове ў сям’і, чытаць беларускія кнігі. Важна, каб маладое пакаленне разумела каштоўнасць свайго культурнага кода і не саромелася яго выкарыстоўваць. Беларускае слова здольнае натхняць, аб’ядноўваць і перадаваць мудрасць продкаў.

Кацярына Барысевіч.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи