Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Медицина

Як запісацца на вакцынацыю? Адказвае галоўны санітарны ўрач Слуцкага раёна

25.03.2021
У Беларусі актыўна праводзіцца вакцынацыя насельніцтва супраць COVID-19. Пакуль вакцыну атрымліваюць людзі тых прафесій, якія найбольш звязаныя з рызыкай заражэння – медыкі, настаўнікі, работнікі сацыяльнай  сферы. Па афіцыйных дадзеных масавая вакцынацыя насельніцтва Беларусі пачнецца ў пачатку красавіка.

Гэтая тэма нямала цікавіць случчан. У рэдакцыю газеты «Слуцкі край» паступіла некалькі званкоў ад гараджан, якія цікавіліся, дзе і як у Слуцку можна запісацца на бясплатную вакцынацыю,   і што для гэтага неабходна.

На пытанні чытачоў адказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Слуцкага раёна Павел Валер'евіч КУЧКО.

  • Калі пачнецца масавая вакцынацыя на Случчыне?

– Мы чакаем пастаўку вакцыны ў красавіку. Дакладная дата пакуль што невядома.

  • Вакцына вытворчасці якой краіны будзе выкарыстоўвацца?

– Пацыентам прапануюць двухфазную вакцыну «Спутник V» беларускай вытворчасці і «Верацэл» (Кітай). Дарэчы, кітайская вакцына ўжо паступіла і знаходзіцца на рэспубліканскіх складах. Вядома, больш масава будзем прывіваць случчан вакцынай айчыннай вытворчасці.

  • Ці можна на дадзены момант запісацца на вакцынацыю і дзе гэта зрабіць?

– Папярэдне можна запісацца ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы, звярнуўшыся да ўчастковага ўрача. Там жа можна ўдакладніць усю інфармацыю па гэтым пытанні. Таксама цэнтралізавана збіраюцца спісы жадаючых на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна. Для гэтага чалавеку трэба звярнуцца ў адміністрацыю прадпрыемства, дзе ён працуе.

  • Як будзе адбывацца працэдура, і якія дакументы трэба падаць?

– Гэта будзе добраахвотная вакцынацыя грамадзян Беларусі ва ўзросце ад 18 гадоў. Прыйсці ў пункт вакцынацыі трэба з пашпартам ці іншым дакументам, які сведчыць асобу. Спачатку будзе праводзіцца медагляд пацыента, на падставе якога спецыяліст вызначае адсутнасць і (або) наяўнасць супрацьпаказанняў да вакцынацыі. Затым чалавеку неабходна запоўніць пісьмовую згоду на правядзенне вакцынацыі супраць COVID-19. Пасля прышчэпкі 30 хвілін пацыенту давядзецца правесці ў пункце вакцынацыі пад наглядам спецыялістаў.

Дарэчы, прышчэпка ўводзіцца двойчы. На другі этап запісваюць аўтаматычна пасля ўводу першага кампанента.

  • Трэба здаваць якія-небудзь аналізы загадзя, напрыклад, на наяўнасць антыцел?

– Не, усё робіцца на месцы перад непасрэднай вакцынацыяй.

  • Ці патрэбна вакцынацыя, калі чалавек ужо перахварэў?

– У любым выпадку неабходна зрабіць тэст на антыцелы. Нельга рабіць прышчэпку ў той момант, калі ў пацыента назіраюцца сімптомы COVID-19. Вакцынацыя не рэкамендуецца і калі чалавек перанёс грып або іншую вострую рэспіраторную інфекцыю на працягу апошніх двух тыдняў. Дарэчы, прышчэпкі пакуль не робяць цяжарным і дзецям да 18 гадоў, маці, якія кормяць дзяцей.

Памятайце, вакцына супраць COVID-19 не адмяняе для прышчэпленага пацыента неабходнасць насіць маскі і пальчаткі, а таксама выконваць сацыяльную дыстанцыю!

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения