Новости Слуцка и Слуцкого района

Поспех мацуецца камандным духам

30.07.2023
Не раз даводзілася чуць водзывы гараджан і гасцей Слуцка пра магазін №23 КУП «Слуцкгандаль»: утульны, сучасны, з вялікім асартыментам тавараў, прадаўцы кампетэнтныя і ўважлівыя. Знаходзіцца ён на вуліцы Леніна ўздоўж аўтатрасы, непадалёк ад кранавага завода. 
 
– Наведвальнікаў у нашым магазіне нямала, прыходзяць і жыхары мікрараёна, і прыязджаючыя. Месца, дзе размешчаны магазін, канечне, спрыяе гандлю. Але, згадзіцеся, важна абслужыць наведвальнікаў  так, каб яны сталі нашымі пастаяннымі пакупнікамі, – гаворыць загадчыца магазіна №23 КУП «Слуцкгандаль» Анжэла Злагадух.

Бясспрэчна, загадчыца і работнікі гандлёвай кропкі выдатна спраўляюцца з гэтай задачай. Магазін працуе з прыбыткам, калектыў паспяхова выконвае прагнозныя паказчыкі, прырастае тавараабарот. За першае паўгоддзе ён склаў больш за 2,5 мільёна рублёў.

Асартымент тавараў, як, дарэчы, і ў іншых магазінах КУП «Слуцкгандаль», тут сапраўды багаты: вялікі выбар мясных, каўбасных вырабаў, шырокая лінейка «малочкі», напіткаў, хлебабулачных, кандытарскіх тавараў, у наяўнасці агародніна і садавіна.  Яшчэ, што вельмі зручна для пакупнікоў, ёсць аддзел прамтавараў, дзе можна купіць мыйныя сродкі, посуд, гаспадарчыя тавары, сродкі гігіены і іншае. 

Магазін радуе чысцінёй (тут надаюць асаблівую ўвагу санітарыі, кантролю за тэрмінамі захавання прадуктаў), правільнай выкладкай тавараў з сапраўды бачнымі надпісамі на цэнніках, а галоўнае – даступным коштам.

– На некаторыя тавары ў нас цэны ніжэй, чым у сеткавым гандлі, – адзначае Анжэла Віктараўна. – Ці цяжка канкурыраваць з такімі вялікімі гандлёвымі арганізацыямі? Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Слуцкгандаль» знаходзіць свае падыходы ў рабоце, лагістыцы, працуе гібка, з улікам тэндэнцый часу і дасягае рэальных вынікаў. Можна без ваганняў сказаць, што «Слуцкгандаль» займае ўпэўненыя пазіцыі.

Анжэла Злагадух падкрэслівае, што немалая ў тым заслуга дырэктара КУП «Слуцкгандаль» Таісіі Мацкевіч, каманды спецыялістаў арганізацыі, якія працуюць над далейшым развіццём гандлёвых аб’ектаў. Вось і ў магазіне №23 праведзена значнае абнаўленне гандлёвага абсталявання: з’явіліся новыя халадзільныя банеты, сучасныя гандлёвыя прылаўкі з вынасным холадам, новыя прыгожыя вітрыны і гандлёвыя стэлажы. Усё гэта набыта за сродкі «Слуцкгандлю».

Анжэла Віктараўна ўзначальвае калектыў магазіна сёмы год, у «Слуцкгандлі» працуе больш за 30 гадоў. Расказвае, у калектыве 16 чалавек. Магазін працуе з васьмі гадзін   раніцы да паловы адзінаццатай вечара,  арганізавана пазменная работа прадаўцоў. За апошнія гады калектыў істотна памаладзеў, сярэдні ўзрост працуючых – да 40 гадоў. Як слушна адзначае загадчыца, адна з істотных матывацый у плённай працоўнай дзейнасці, годная заработная плата.

А яшчэ, я ўпэўнена, мая субяседніца выдатны арганізатар, якая  згуртоўвае людзей, натхняе на работу, умее стварыць добразычлівую, цёплую атмасферу ў калектыве і ў зносінах з наведвальнікамі магазіна. Сама бачыла і чула, як даверліва і шчыра, па-сяброўску раіліся з загадчыцай і прадаўцамі наконт тавараў некаторыя  пастаянныя пакупнікі. 

Быць уважлівымі, вытрыманымі, чуць людзей, як мага лепш іх абслугоўваць – такіх прынцыпаў прытрымліваюцца ў калектыве магазіна, адзначылі прадаўцы Крысціна Бароўская, Вольга Вяроўка і Кацярына Сідарок. 

– Вы прапануеце вызначыць лепшых работнікаў, гэта няпроста зрабіць, – гаворыць Анжэла Віктараўна. – У нашым калектыве ўсе працуюць старанна, адказныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы. Моладзь вучыцца ў больш вопытных работнікаў. Нагрузка, канечне, немалая, праца ў сферы гандлю ўвогуле досыць нялёгкая справа. Але нам падабаецца наша работа, бо яна рэальная, практычная, на карысць людзям. Заўсёды вельмі прыемна бачыць задаволеных пакупнікоў.







Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения