Знаёмімся з гульцом бліжэй.
– Як Вы прыйшлі ў футбол?
– Я родам з Бярозы Брэсцкай вобласці, там і зрабіў свае першыя крокі ў футболе. Прыйшоў займацца сам, ніхто да гэтага не падштурхоўваў. Першы мой трэнер – Юрый Мікалаевіч Цюшкевіч. У 14 гадоў паехаў у рэспубліканскае вучылішча алімпійскага рэзерву, гуляў за дубль «Дынама-Мінск». Потым былі клубы «Бяроза», «Баранавічы», «Славія», «Дынама-Брэст». Адзін сезон правёў у «Атлантасе» (Літва). У «Слуцку» ведаю многіх, таму ў камандзе асвоіўся хутка.
– Дзе самыя лепшыя балельшчыкі?
– Такога антуражу, як у Брэсце, не сустракаў нідзе. Ведаю, што і ў Слуцку вельмі любяць футбол. Але пакуль дамашніх матчаў было ўсяго два, таму тут атмасферу не паспеў адчуць. На жаль, у гэтым годзе я больш не згуляю за «Слуцк»: траўма.
– Хто ваш галоўны балельшчык?
– Мая сям'я – каханая жонка Ала і сын Давід, яму 2 гады 10 месяцаў. Яны – сэнс майго жыцця, і матыватары, і заўзятары, і крытыкі. Увесь свой вольны час прысвячаю ім. Давід любіць, калі мы яму чытаем вершы. Калі ў будучым захоча гуляць у футбол, не буду супраць і прымушаць таксама не буду. Цяпер Ала і Давід у Бярозе, сын у хуткім часе пойдзе ў дзіцячы сад, рыхтуецца. Мая траўма, на жаль, падкарэкціравала ўсе планы. Такое жыццё спартсмена.
– Калі не футбол, то што?
– Не думаў пра гэта пакуль. Адукацыю атрымаў таксама футбольную: скончыў БДУФК, трэнер.
– Любімы клуб? За каго будзеце балець падчас чэмпіянату свету-2018?
– Мая любімая каманда – «Рэал» (Мадрыд). Вельмі падабаецца гульня Марсэла. Падчас чэмпіянату буду балець за зборную Бразіліі.
– Застанецеся ў «Слуцку»?
– Час пакажа.
Ірына ВЕЧАР.