Інтэрв’ю з абаронцам СФК «Слуцк» Віталіем Трубілам
09.07.2018
У футболе ён з сямі гадоў. Пачынаў у родным Брэсце. Першы прафесійны кантракт падпісаў у 19. У складзе пражскай «Славіі» ўдзельнік Лігі Еўропы. У Беларусі выступаў за «Гомель», «Мінск», «Шахцёр». У сезоне-2018 перайшоў у СФК «Слуцк», забіў пакуль адзін гол. Знаёмімся.
– Як Вам у нас?
– Добра, асабліва радуе, што паказваем пакуль нядрэнны вынік, гэта ў першую чаргу, заўсёды прыемна знаходзіцца ў верхняй частцы табліцы. Горад для мяне добры, прыемны. З Мінскам і Брэстам, адкуль я родам, не параўнаць, вядома, але я задаволены. Пакуль яшчэ нідзе не пабываў. У нас такі рэжым, што асабліва нікуды не выбіраемся.
– Самыя яркія вехі ў футбольнай кар'еры? Што назаўжды ў сэрцы?
– Вядома, гэта мой легіянерскі вопыт, 7 гадоў у Чэхіі. Важкі этап майго футбольнага жыцця. Безумоўна, гульні за зборную Беларусі, кульмінацыя, пік маёй кар'еры. Гэта заўсёды было вельмі хвалююча, вельмі прыемна. Я ганаруся гэтым.
– Вы гулялі ў «Дынама-Мінск»...
– «Дынама-Мінск» – гэта мая першая каманда, свой першы прафесійны кантракт я падпісаў з «Дынама», пагуляў і за маладзёжную, і за асноўную каманды. У 19 гадоў згуляў 6 матчаў за аснову. Тады «Дынама» стала чэмпіёнам. Я быў маленькай часткай гэтай грандыёзнай падзеі, праўда, атрымаў толькі грамату, таму што не адыграў палову матчаў. Але і гэта мяне радуе. Тым больш, што ў той сезон і дубль дынамаўцаў стаў чэмпіёнам. Вось гэты медаль у мяне ёсць. Але гэта не так і важна, мець медаль.
– Матч з «Дынама-Мінск» для Вас асаблівы?
– Нейкага прынцыповага супрацьстаяння для сябе я не бачу, у мяне ў кар'еры было шмат каманд. Я проста выходжу на поле і атрымліваю задавальненне ад футбола.
– Як Вам нашы балельшчыкі?
– Я б сказаў, што яны спецыфічныя. Зараз растлумачу. Я гуляў у вялікіх гарадах, дзе глядач футболам не абдзелены, людзі прывыклі да вялікіх матчаў. У Слуцк вышэйшая ліга прыйшла не так даўно, таму гледачам футбол цікавы, яны з задавальненнем ходзяць глядзець на такія каманды, як БАТЭ, «Дынама». Мне здаецца, яны больш шчырыя, па-сапраўднаму балеюць. Мне гэта падабаецца.
– На што хапае вольнага часу?
– Цяпер дастаткова гаджэтаў, можна фільм які-небудзь паглядзець. Тэлефаную родным, нешта абмяркоўваем з хлопцамі. Ну а ў выхадныя, вядома, еду ў Мінск, да сям'і. Дачцэ 2 гады, я ўпершыню бацька, таму ўсё для мяне новае, клопатаў хапае.
– Колькі Вы ўжо ў прафесійным футболе?
– У футболе я з 7 гадоў, першы кантракт падпісаў у 19. 26 гадоў, можна сказаць, усё жыццё ў футболе, трэніроўкі, гульні...
– Ці ёсць розніца ў адчуваннях, калі ў першых матчах выходзілі на поле і цяпер?
– Цяпер стала трошкі спакайней, хоць я думаў, хваляванне зусім пройдзе. Але ўсё роўна яно застаецца, таму што прыходзяць гледачы за цябе балець, ідзе трансляцыя, і ты не можаш проста выйсці на поле і нічога не паказаць. Хвалюешся, перажываеш за вынік, за каманду. І яшчэ адчуваю адказнасць. Гэта нармальна, так павінна быць.
– Вашы сімпатыі на Чэмпіянаце свету-2018.
– Жонка руская, таму балеем за зборную Расіі. А наогул падабаецца зборная Германіі, лёгкасцю ў гульні, тактыкай. На зборную Бразіліі прыемна глядзець, яны проста феерычна гуляюць, тэхніка неверагодная. З гульцоў на маёй пазіцыі падабаюцца тыя, хто гуляе ў атаку, адзначу Марсэла, хацелася б гуляць, як ён: абаронца, а па сутнасці крайні нападаючы.
Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела