Футбольныя навіны Случчыны
09.08.2018
Матч 1/8 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж СФК «Слуцк» і «Тарпеда» (Мінск) адбудзецца 12 жніўня на стадыёне «Трактар» (г. Мінск, вуліца Ванеева, 3) у 17.00.
Падтрымаем каманду! За Слуцк і «Слуцк»! Разам!
У СФК «Слуцк» – новы абаронца. Алію Абубакар з Нігерыі падпісаў кантракт з нашым клубам.
Сваю спартыўную кар’еру Алію Абубакар пачынаў у мясцовай камандзе «Мутумчы Акадэмі». Пасля наш навабранец гуляў у такіх клубах, як «Ашдод» (Ізраіль) і «Бізертэн» (Туніс).
У 2013 годзе ў складзе зборнай Нігерыі Алію Абубакар стаў пераможцам чэмпіянату свету па футболе сярод юнацкіх каманд. На турніры ён быў асноўным абаронцам, згуляў 5 матчаў.
Апошнім часам Алію выступаў у грузінскай камандзе «Дылан», фінскіх клубах «КуПС» і «ПС Кемі».
* * *
Для падрыхтоўкі юнацкай зборнай Беларусі да турніру памяці Баннікава, які пройдзе ва Украіне з 14 па 20 жніўня, на вучэбна-трэніровачныя зборы выкліканы трэнер-выкладчык ДЮСШ па футболе СФК «Слуцк» Аляксандр Мікалаевіч Рамашка.
Выхаванец ДЮСШ па футболе СФК «Слуцк» Уладзіслаў Сычоў у складзе юнацкай зборнай Беларусі U-17 (трэнер Міхаіл Мархель) прыняў удзел у таварыскіх матчах cа зборнай Азербайджана. У абодвух спарынгах, 2 і 4 жніўня, перамагла зборная Беларусі.
* * *
Слуцкая аматарская футбольная каманда «Фаварыт» скончыла выступленне ў Кубку Мінскай вобласці па футболе.
Каманда дайшла да паўфінала Кубка, выйграўшы ў футбалістаў з Капыля і Чэрвеня.
У 1/2 фіналу случчане двойчы сустракаліся з камандай «Лівадзія-Юні» з Дзяржынска, якая займае трэцяе месца ў першынстве вобласці. У першай, гасцявой, сустрэчы «Фаварыт» саступіў. Дамашняя гульня скончылася з лікам 2:2, але далей случчане не прайшлі.
– Дзякуй нашым хлопцам за эмоцыі, барацьбу, волю да перамогі і, вядома, любоў да футбола, – гаворыць капітан каманды Яўгеній Чарнушэвіч. Наша каманда дзякуе аддзелу спорту і турызму ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама, а таксама СФК «Слуцк» за дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў і арганізацыю ўдзелу ў іх. Гульцы «Фаварыта» плануюць і далей удзельнічаць у розных турнірах, напэўна, праводзіць спаборніцтвы і ў Слуцку. Мы любім футбол і хочам, каб гэта гульня мела ў нас як мага больш прыхільнікаў. Будзем не супраць, калі нас падтрымаюць спонсары, неабыякавыя да футбола людзі. Гуляць у футбол гэта здорава!
Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела