У сярэднім па раёне ўраджайнасць культуры складае 45 цэнтнераў з гектара. Па стане на 13 ліпеня намалочана 19 334 тоны зерня. Самая высокая ўраджайнасць культуры – у адкрытым акцыянерным таварыстве «Падлессе-2003». Тут яна складае 71 цэнтнер з гектара. Па 61 цэнтнеру з гектара атрымалі ў ААТ «Вітка-Агра» і «Аграфірма «Лучнікі».
Больш за 50 цэнтнераў з гектара маюць у ААТ «Казловічы-Агра», «Слуцкая Ніва», саўгасе «Рачкавічы», сельскагаспадарчым філіяле Слуцкага сыраробнага камбіната. Дарэчы, у васьмі сельгасарганізацыях з уборкай азімага ячменю ўжо справіліся, у тым ліку і ў ААТ «Агра-фірма «Лучнікі».
– Ураджай нядрэнны, але мы разлічвалі на большы. На жаль, у маі, калі сама фарміраваўся колас збажыны, дажджоў не было, – расказаў выконваючы абавязкі галоўнага агранома Сяргей Савановіч. – Што залежала ад нас, зрабілі – правялі хімпраполкі, падкармілі азотнымі ўгнаеннямі. Ды і сарты айчыннай селекцыі ў нас добрыя, сваё насенне.
У першыя ж дні ўборкі на адным з палёў сельгасарганізацыі працавала 7 камбайнаў, ад якіх хутка адвозілі зерне. На адным з іх сустракаю Радзівона Беразоўскага (на фота), які ў мінулым годзе быў у ліку лепшых сярод маладых камбайнераў раёна, заняў другое месца.
– Люблю я працу ў полі, а найбольш, калі пачынаецца жніво. Гэта час, калі бачыш вынік.
Радзівон працуе ў полі і падчас ворыва глебы, сяўбы. Яго добрыя адносіны да працы – сведчанне таго, што моладзь у нас мэтанакіраваная, адказная.
Свой дзень нараджэння ў полі сустрэў вадзіцель Уладзімір Трафімаў.
Ён таксама штогод у ліку лепшых работнікаў. Кажа, пакуль спрыяе надвор’е, трэба працаваць, закасаўшы рукавы.
Наталля ГРАМЫКА.