Малады спецыяліст з ААТ «Cлуцкая ніва» ветэрынарны фельчар Раман Буланаў нарадзіўся і вырас на Вілейшчыне, закончыў Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж. Калі быў навучэнцам установы адукацыі, праходзіў практыку ў нашым раёне, спадабалася, плануе застацца тут працаваць.
– Здараецца і вечарам, ноччу патрэбна выехаць на працу, калі захварэла жывёла. Але гэта, – кажа Раман Буланаў, – не праблема. Прэпаратаў для лячэння рагуль дастаткова. Важна толькі правільна паставіць дыягназ. Вялікую падтрымку аказвае вопытны спецыяліст галоўны ветэрынарны ўрач сельгасарганізацыі Валянціна Ігараўна Міхалевіч.
Малады ветфельчар расказвае, што ў школе вельмі любіў біялогію. Марыць паступіць у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, каб яшчэ больш паглыбіць веды па сваёй спецыяльнасці.
Раман гаворыць, што не шкадуе пра свой прафесійны выбар. Лячыць жывёлу – цікавая справа і вельмі патрэбная, лічыць малады чалавек.
– Дзяржава шмат робіць для таго, каб моладзь заставалася жыць і працаваць на вёсцы. Сельгасарганізацыя аплачвае мне кватэру ў горадзе, прадаставіла важкі сацыяльны пакет, – гаворыць мой субяседнік.
Разам з Раманам Буланаў у сельгасарганізацыю прыехала працаваць і яго каханая дзяўчына Аляксандра, якая таксама скончыла каледж па той жа спецыяльнасці. Маладыя людзі плануюць «віць» на Случчыне сваё сямейнае гняздзечка. І гэта цудоўна.
Наталля ГРАМЫКА.