З механізатарам ААТ «Казловічы-Агра» Сяргеем Жабчыцам сустракаемся падчас працоўнага дня. Мужчына працуе на падвозе кармоў.
У сферы сельскай гаспадаркі герой публікацыі – больш за 20 гадоў. Родам з Паўстыні, пасля аб’яднання сельгасарганізацый – застаўся ў ААТ «Казловічы-Агра».
– Працаваць на зямлі бацька змалку вучыў, – кажа механізатар. – Ён таксама на трактары рабіў, потым – у жывёлагадоўлі. І гэты занятак, лічу, адзін з самых патрэбных. Каб жыла і развівалася краіна, трэба каб людзі не забывалі пра працу на зямлі. Кіраўніцтва сельгасарганізацыі імкнецца арганізаваць работы так, каб у нас, механізатараў, быў выхадны нават у самую «гарачую» пару года – падчас сяўбы, уборкі збожжа. Працаваць на вёсцы цяпер не менш прывабна, чым у горадзе. Ды заработная плата, калі старацца, добрая.
Сяргей Мікалаевіч працуе на трактары і на камбайне. Восенню на «Расе» ён падкармлівае азімыя.
Найбольш, кажа Сяргей Мікалаевіч, падабаецца пара ўраджаю – восень. Праца на камбайне. Сёлета працаўнік вызначыўся сярод камбайнераў, занятых на ўборцы кукурузы на зерне. Убраў 339 гектараў, намалаціў амаль 3 120 тон зерня кукурузы. Гэта лепшы вынік у раёне.
Акрамя таго Сяргей Мікалаевіч клапатлівы муж, бацька дваіх дзяцей, ганарыцца, што сын служыць па кантракце ў арміі. У вольны час любіць парыбачыць. А найбольш – схадзіць па грыбы, асабліва, апенькі. Іх, жартуе, «на адным месцы можна і торбу-дзве назбіраць».
Наталля ГРАМЫКА.