Калі праца радуе і натхняе
22.06.2023
Сярод такіх рупліўцаў – механізатар філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Яўгеній Дамарад (на здымку). З ім мы сустрэліся на адным з палеткаў сельсарганізацыі.
Час – за поўдзень, сухое, гарачае надвор’е. Вакол – ні цянёчка, каб хоць на хвілінку спыніцца, адпачыць. Тым не менш, на твары механізатара прыветлівая ўсмешка.
– Працуем, усё задавальняе – і харчаванне, што дастаўляюць у поле, і ўмовы працы, – бадзёрым голасам кажа Яўгеній, – Добра, не падводзіць жалезны сябар – энерганасычаны трактар МТЗ Беларус-3522. За дзень сеем па 50 і больш гектараў. Вось ужо заканчваем з просам.
– Крыху пазней на гэтым полі падсеем яшчэ шматгадовыя травы – люцэрну і канюшыну, каб пастаянна мець добры ўраджай траў і кармы для жывёлы, – далучаецца да размовы галоўны аграном сельгасарганізацыі Аляксандр Дземаш. –Тут жа, у Кухтах, побач і ферма, сянажныя траншэі, што вельмі зручна.
У сельгасарганізацыі Яўгеній працуе каля 13 гадоў. На Случчыну прыехаў з Любаншчыны. Тут сустрэў сваё каханне, стварыў сям’ю. У аграгарадку Леткаўшчына яму выдзелілі добраўпарадкаванае жыллё.
– Пасадзілі агарод, завялі гаспадарку, а як інакш, – разважае Яўгеній. – Гэта добрае падспор’е ў жыцці.
Яму, як адказнаму механізатару, у сельгасарганізацыі давяраюць розныя віды работ, а найбольш – сяўбу. Вопытны механізатар добра ведае тонкасці сяўбы кожнай культуры ў залежнасці ад глебы, яе стану і іншых паказчыкаў.
– Вясной сеем яравыя, бліжэй да мая – кукурузу і іншыя цеплалюбівыя культуры, пазней – травы і аднагадовыя. Адразу пасля пасля ўборачнай ізноў да сяўбы азімых прыступім. Такі вось кругазварот, – кажа механізатар.
– Сваю справу я люблю, – гаворыць субяседнік, – што можа быць найбольш прыемным, як бачыць, што поле, засеянае табою, зелянее, а потым і ўраджай дае. А яшчэ выдатна, што ў сельгасарганізацыі заўважаюць працу простага чалавека, заўсёды падтрымаюць, заахвоцяць. Таму, калі старацца, на вёсцы можна атрымліваць добрую заработную плату.
Фотаздымак Яўгенія Дамарада, як лепшанга з механізатараў, быў размешчаны на Дошцы гонару сельгасарганізацыі, змяшчаўся і на раённай.
Дома Яўгенія з нецярпеннем чакаюць любімыя жонка і двое сыноў-школьнікаў, якія заўсёды цікавяцца вынікамі працы свайго бацькі.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела