Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Аснова ўраджаю яравых закладваецца вясной. У гэтым перакананы ў ААТ «Вясейскі Пакроў»

28.03.2024
 З кожным днём усё больш прыгравае вясенняе сонейка. На палетках  працуюць механізатары: рыхтуюць глебу, уносяць угнаенні, вядуць сяўбу.  
Вясна ў гэтым годзе для аграрыяў раёна прыйшла раней. А таму ў сельгасарганізацыях стараюцца сеяць, пакуль дастаткова вільгаці ў глебе.

– Час прыйшоў – вось і сеем! – кажа механізатар ААТ «Вясейскі Пакроў» Анатолій Салдаценка. – Многа залежыць ад надвор’я. За дзень можна ад 30 да 50 гектараў пасеяць. А  бывае ў поле выязджаем пазней, тады і вынік працы ніжэй. Сюды нам  прывозяць гарачае харчаванне, што вельмі добра. А яшчэ за перавыкананую норму – і грашовае заахвочванне прадугледжана – таксама добры стымул. Канечне, на тэмпы і якасць уплывае і тое, наколькі добра падрыхтавана глеба. З гэтым відам работ у нас адмыслова спраўляецца механізатар Мікалай Курак. Бачыце, якое роўнае, прыгожае поле…

У сферы сельскай гаспадаркі Анатолій Салдаценка – больш за 30 гадоў. Спачатку працаваў у Мялешках, пасля аб’яднання сельгасарганізацый – у «Вясейскім Пакрове».  За гэты час паспеў на рознай тэхніцы «паруліць». Восем гадоў таму Анатолію Мікалаевічу даверылі кіраваць энерганасычаным трактарам. Гаворыць, цудоўная машына.  Сваю любоў да працы на зямлі ён перадаў і сыну  Віталію, які таксама працуе на трактары ў сельгасарганізацыі. 

За тым, як вядуцца палявыя работы, сочыць галоўны аграном гаспадаркі Артур  Шклярэўскі.



 – Вядзем перадпасяўную падрыхтоўку палей глебаапрацоўчым агрэгатам АКШ,  выраўніваем глебу, – расказвае Артур Юр’евіч. – Гэта дазваляе дасягнуць яе дробнакамкаватай структуры, што ў сваю чаргу дае магчымасць пасеяць насенне на неабходную  глыбіню, з улікам вільготнасці глебы. 

Плошчу яравой сяўбы скарацілі, бо ў папярэднія гады ўраджайнасць яравых збожжавых значна саступала азімым. Павялічылі плошчы азімага ячменю і пшаніцы, ураджайнасць якіх працэнтаў на 30 – 40 большая. Зараз сеем толькі піваварны ячмень, каб выканаць  дзяржзаказ. Адвялі 150 гектараў пад перспектыўны новы сорт айчыннай селекцыі, элітнае насенне якога набылі  ў ААТ «Вітка-Агра». Унеслі пад культуру ўсе неабходныя мінеральныя ўгнаенні пры ворыве і культывацыі глебы. Ды і папярэднік – цукровыя буракі – добры. 



Сяўбу яравога ячменю ў сельгасарганізацыі плануюць завяршыць да 1 красавіка. Ужо пасеялі авёс і аднагадовыя на зялёны корм. Рыхтуюць глебу пад цукровыя буракі. Аднак асноўныя палявыя работы яшчэ наперадзе. Плануецца, што ў гэтым сезоне тут асабліва разгарнуцца работы па сяўбе шматгадовых злакавых траў, люцэрны і кукурузы, што забяспечыць дастатковую колькасць  кармоў для жывёлы. 
Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения