Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

У аб'яднанай сельгасарганізацыі ААТ "Вітка-Агра" робяць стаўку на вырошчанне элітнага насення збожжавых

15.04.2021
Працаўнікі «Вітка-Агра»: механізатар А.У. Рогаль і галоўны аграном В.К. Мазурыч.

1 красавіка адбылося аб’яднанне дзвюх сельгасарганізацый Случчыны. Эксперыментальную базу «Танежыцы» далучылі да ААТ «Вітка-Агра».
– Зараз у нас каля васьмі тысяч гектараў сельгасугоддзяў, што ўдвая больш, чым раней. Адказвацца ад вырошчвання элітных сартоў збожжа не плануем. У асноўным іх будзем вырошчваць на палетках, якія належалі «Танежыцам». Землі там больш цяжкія, але і больш урадлівыя, – расказаў галоўны аграном ААТ «Вітка-Агра» Віктар Казіміравіч Мазурыч.

Тэхніка, што была ў абедзвюх сельгасарганізацыях, задзейнічана па-максімуму. Аднак у такой важнай справе і ў адказны час уся надзея – на механізатараў. Яны ў нас – руплівыя, старанныя.

– У сельгасарганізацыі працую чацвёрты год, сёлета да трактара, якім кірую, прычапілі глебаапрацоўчы многафункцыянальны агрэгат з 10-мятровым захопам, – расказаў механізатар Аляксандр Уладзіміравіч Рогаль. – Працаваць адно задавальненне. За дзень каля 50 гектараў глебы апрацоўваю. А калі бачыш, якім прыгожым, роўным становіцца палетак, гонар бярэ за вынік сваёй працы, і няма сумнення, што, калі будзе спрыяць надвор’е, то ўраджай збяром як мае быць!

Больш за чатырнаццаць гадоў на сяўбе працуе механізатар Барыс Валер’евіч Афанасьеў. Сёлета да яго трактара прымацаваны прычапны агрэгат замежнай вытворчасці HORSCH.


Механізатар Барыс Валер’евіч Афанасьеў.


– Тэхніка – не тое, што раней.  У кабіне трактара ёсць камп’ютар, які адразу паказвае, калі штосьці не так з агрэгатам і трэба выправіць. Разумная тэхніка! – гаворыць Барыс Валер’евіч. – Сеем ячмень. Хутка падыдзе час і да цукровых буракоў, кукурузы. Зямля-карміцелька наша любіць добрых гаспадароў. Пра гэта трэба памятаць.

Па стане на 14 красавіка ў сельгасарганізацыі засеялі 75% плошчаў, адведзеных пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры.

На наступным тыдні плануюць прыступіць да сяўбы цукровых буракоў і кукурузы. Чакаецца, што яравыя культуры ў сельгасарганізацыі зоймуць прыкладна 35% у агульным севазвароце. Прыярытэт, канечне, азімым, якія даюць больш высокія ўраджаі.

– Як і раней, будзем вырошчваць элітныя сарты збожжавых культур, у першую чаргу азімых, якія карыстаюцца найбольшым попытам, а таксама яравых ячменю і аўса. Тым больш, што ёсць рэгіёны, дзе азімыя перазімавалі горш і трэба перасяваць, – заўважае галоўны аграном Віктар Казіміравіч. – Штогод набываем у беларускіх насенняводчых інстытутах збожжавыя культуры другога года размнажэння, 1,5 – 2 тоны насення, для развядзення і далейшага продажу. Так, у гэтым годзе рэалізавалі больш за 260 тон насення ячменю і 120 тон аўса. Купляюць у нас элітнае насенне сельгасарганізацыі з розных рэгіёнаў рэспублікі, у тым ліку і фермерскія.  Рэалізацыя яго дае добры прыбытак. Працуем над размнажэннем у тым ліку і элітных гатункаў піваварнага ячменю.

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения