Хроніка здарэнняў
25.04.2018
КРАДЗЯЖЫ. Невядомы пракраўся ў гаспадарчую пабудову ў двары аднаго з дамоў вёскі Кірава і ўкраў бензапілу.
Паблізу 102 км аўтамабільнай дарогі Р-23 Мінск – Мікашэвічы невядомы ўкраў 1500 метраў правадоў, дэманціраваных з лініі электраперадачы, якія належаць філіялу «Слуцкія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга», агульным коштам не менш за 900 рублёў.
Беспрацоўная случчанка пазычыла ў знаёмага 3 000 долараў ЗША і патраціла грошы, не збіраючыся іх вяртаць. Мужчына звярнуўся ў міліцыю.
З фае інтэрната па вуліцы Маладзёжнай невядомы ўкраў дарожны веласіпед.
ПАЖАРЫ. 21 красавіка каля 14 гадзін у Слуцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Кірава гарыць сухая трава на плошчы 350 м2.
А ўжо каля 17 гадзін гарэла лясная падсцілка (апалае лісце, галінкі, кара і іншае) паблізу вёскі Таковішча. Выгарала каля 100 м2. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
22 красавіка каля 10 гадзін у 11-м гарадку гарэў сухі чарот. Ратавальнікі тушылі пажар больш за гадзіну ўручную спецпрыстасаваннямі.
Каля 15 гадзін паступіла паведамленне аб загаранні смецця на прыдарожнай паласе каля вёскі Агароднікі (Казловіцкі сельсавет). Папярэдняя версія ўзгарання – падпал.
К списку записей раздела