Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Прадавец газетнага павільёна Людміла Уласень расказала, якую прадукцыю случчане купляюць часцей

26.09.2020
У газетным павільёне Слуцкага міжраённага аддзялення РУП «Белсаюздрук» на вуліцы Леніна, што каля цэнтральнай аптэкі, мяне сустракае прыгажуня:

– Добры дзень, калі ласка, свежыя газеты і часопісы. Магчыма, вас цікавяць і іншыя нашы тавары…

Абаяльнасць, шчырасць, уважлівасць прадаўца чацвёртага разраду Людмілы Аляксандраўны Уласень прымусілі мяне затрымацца ў гэтым утульным, сучаснага дызайну павільёне №711. Ды разнастайнасць тавараў якая, абавязкова знойдзеш штосьці патрэбнае: акрамя багатай перыёдыкі, канцылярскія прыналежнасці, тавары для школьнікаў, кнігі, некаторыя бытавыя тавары і нават цацкі. А яшчэ тут можна купіць салодкасці і напіткі, выпіць кубачак кавы – у павільёне ёсць кофемашына. Для наведвальнікаў вельмі зручна.

Людміла Аляксандраўна працуе ў Слуцкім аддзяленні «Белсаюздруку» каля чатырох гадоў. Раней разам з мужам займалася прадпрымальніцтвам, з цягам часу жанчына рашыла памяняць сферу дзейнасці. Мая субяседніца падзялілася, што любіць чытаць, таму выбірала справу, звязаную з перыёдыкай, кнігамі. Работа падабаецца, камфортна працуецца ў новым павільёне, які ўведзены ў эксплуатацыю ў красавіку гэтага года.

– Заўсёды радасна, калі людзі прыходзяць у наш павільён па газеты, часопісы, кнігі, – расказвае Людміла Аляксандраўна. – На жаль, у час інтэрнэту попыт на гэту прадукцыю зніжаецца. І тым не менш, яна запатрабавана, ёсць нямала людзей, якія  аддаюць перавагу менавіта друкаванай прадукцыі. Добра прадаюцца слуцкія газеты, кніжкі для дзетак, маляванкі, казкі, часопісы. Некалькі дзён таму дзяўчынкі-школьніцы купілі ў нас кнігі рускай класікі, вельмі прыемна, што моладзь чытае мастацкую літаратуру.

Людміла Аляксандраўна і яе напарніца Ірына Канстанцінаўна Абмолава працуюць пазменна, павільён адкрыты з сямі гадзін раніцы да васьмі гадзін вечара. Прадавец гаворыць, што цяпер наведвальнікаў нямала, а вось у час «піку» каронавірусу пакупнікоў было значна менш. Прафесіяналізм прадаўца не толькі ў культуры, уважлівасці да наведвальнікаў, а і ў дасведчанасці пра тавар, – лічыць мая субяседніца. Таму абавязкова праглядвае свежыя газеты і часопісы, літаратуру, якая паступае ў продаж. Расказвае: калектыў старанны, яго ўзначальвае вопытны  кіраўнік Людміла Пятроўна Лосік.

Пра наведвальнікаў, пакупнікоў Людміла Аляксандраўна гаворыць з цеплынёй. «Работа дазваляе мне штодня мець зносіны з людзьмі, гэта цікава, можна сказаць, ты ў гушчыні падзей. Людзі падчас наведвання павільёна дзеляцца навінамі, абмяркоўваюць актуальнае. Пакупнікі розныя па характары, аднак, ведаеце, заўсёды ўдаецца знайсці агульную мову. Калі ты да чалавека з душой і разуменнем, ён гэта адчувае, дабрата супакоўвае, развейвае дрэнныя эмоцыі», – усміхаецца жанчына.

У Людмілы Аляксандраўны і яе мужа дарослы сын, ён ваеннаслужачы, ужо паўтара гадкоў унучку.

– Пра што марыцца, думаецца… Каб мір і спакой вярнуліся на беларускую зямлю, каб згода панавала ў грамадстве, – гаворыць Людміла Аляксандраўна. – Гэта цяпер асноўнае, яшчэ, каб здаровымі былі мае блізкія, усе людзі. Гэта галоўныя каштоўнасці для кожнага.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения