Старшыня Сорагскага сельвыканкама Адам Жанжэўскі клапоціцца пра вясковых людзей
14.08.2023
Хто такі Адам Жанжэўскі, жыхары Сорагскага сельсавета добра ведаюць. Амаль 15 гадоў ён працуе старшынёй сельвыканкама, і ўвесь час – на сувязі з вяскоўцамі. Менавіта да яго ў першую чаргу звяртаюцца жыхары населеных пунктаў сельсавета са сваімі праблемамі. І сельскі кіраўнік робіць усё магчымае, каб пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва вырашаліся.
Адам Жанжэўскі родам з Лельчыцкага раёна. Так склаўся лёс, што ён працаваў у розных сферах дзейнасці – будаваў метро, працаваў у школе, на розных пасадах у сельгасарганізацыях. Не памыліліся вяскоўцы, калі абралі яго старшынёй сельвыканкама.
На тэрыторыі Сорагскага сельсавета 22 населеныя пункты (20 з якіх маланаселеныя), там пражываюць 920 чалавек. У вёсцы Краснае, Тарасаўка – пастаянна пражываюць па аднаму чалавеку. Летам вёскі ажываюць: дачнікі прыязджаюць. Дарэчы, нават у маланаселеных вёсках стаяць кантэйнеры для збору смецця, туды прыязджаюць аўталаўкі, перасоўная почта.
– Летам колькасць жыхароў у сельсавеце павялічваецца ў два разы. У мінулым месяцы правялі сходы грамадзян і святочныя канцэрты ў вёсках Волашава, Мелітонава, Новы Гуткоў. Калі ў Новым Гуткове пражываюць пяць чалавек, то на сход прыйшлі сорак. Розныя пытанні абмеркавалі, у тым ліку работу аўтамагазінаў, вулічнае асвятленне, просяць замяніць лінію электраперадачы (у Новым Гуткове) і іншае, – расказвае Адам Жанжэўскі. – Раней у вёсцы Дворышча памянялі лінію электраперадачы, замянілі свяцільні, у Сорагах была праблема з вадой – вырашана, пабудавалі станцыю абезжалезвання. Раней былі праблемы з асартыментам тавараў у магазінах, цяпер, калі гандлёвыя кропкі перададзены ў арэнду Любанскаму райпо, пытанняў няма, людзі задаволеныя. Пад’язджаю і да аўталавак, гляджу, ці ёсць тавары першай неабходнасці, размаўляю з вяскоўцамі.
У Сорагах працуе фельчарска-акушэрскі пункт, але будынак там у нездавальняючым стане, таму ААТ «Сорагі-Агра» раней пачало абсталяванне ФАПа ў новым будынку, зараз рамонтныя работы працягваюцца.
– Штогод Мінаблвыканкам выдзяляе па 10 тысяч рублёў на сельсавет. Раней за гэтыя сродкі мы набылі і ўстанавілі дзіцячую гульнёвую пляцоўку ў Сорагах, летась дабавілі туды элементаў. Сёлета ўжо паставілі лаўкі, таксама ўстановім агароджу. А на астатнія грошы мы ўсталюем павець у Амговічах, з лаўкамі. Там 350 жыхароў. Рэгулярна прыязджае перасоўная пошта, і мне заўсёды непрыемна глядзець, калі людзі стаяць на вуліцы пад дажджом, калі ідзе снег ці ў спёку. Вяскоўцы прыходзяць зняць грошы, заплаціць камунальныя плацяжы, па іншых справах. Таму зробім павець для зручнасці вяскоўцаў.
Калі чалавек звярнуўся, значыць, яму патрэбна дапамога і неабходна паспрабаваць знайсці выйсце з той ці іншай сітуацыі – такога прынцыпу прытрымліваецца старшыня Сорагскага сельвыканкама.
На тэрыторыі сельсавета размешчаны ААТ «Сарогі-Агра» і ААТ «Гольчыцкае», 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, дзіцячы сад, урачэбная амбулаторыя, ФАП, сельскі клуб, сельская бібліятэка, 2 магазіны рознічнага гандлю, 2 прыватныя, аўтамагазін абслугоўвае насельніцтва 20 вёсак, аддзяленне паштовай сувязі.
Адна з хвалюючых праблем у сельсаветах – пустуючыя ўчасткі, якія зарастаюць. Як расказаў Адам Жанжэўскі, у выніку праведзенай работы было добраўпарадкавана і ўведзена ў севазварот 16,3 гектара пустуючых зямель. Вялікую дапамогу ў гэтым аказваюць сельгасарганізацыі.
Старшыня сельвыканкама адзначыў, што для вырашэння шматлікіх пытанняў у сельскіх населеных пунктах неабходна цеснае ўзаемадзеянне сельскага Савета дэпутатаў з усімі арганізацыямі на тэрыторыі сельсавета, дэпутатамі, старастамі вёсак.
У Сорагскім сельсавеце – 8 помнікаў гістарычнай спадчыны, якія ахоўваюцца дзяржавай, і 9 звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. У іх добраўпарадкаванні дапамагаюць установы адукацыі – Сарогская сярэдняя школа імя К.В. Герчыка і Амговіцкая сярэдняя школа, іншыя арганізацыі.
– Напрыклад, сёлета праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол помніка на месцы былой вёскі Лявішча. Вялікі аб’ём работы выкананы работнікамі Амговіцкага лясніцтва, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, – гаворыць Адам Жанжэўскі.
Праводзяць у Сорагскім сельсавеце і суботнікі па навядзенні парадку. Заўсёды дапамогу аказвае ААТ «Сорагі-Агра», асабліва, калі тэхніка неабходна. У полі зроку старшыні сельвыканкама і стан могілак, хоць яны і перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Клопат пра людзей, якія працуюць і жывуць на тэрыторыі сельсавета, адчувальны, кажуць вяскоўцы. А каб ім было весялей, творчы калектыў Сорагскага сельскага клуба ладзіць святы, прымеркаваныя да розных дат, праводзіць канцэрты ў розных населеных пунктах, вячоркі.
Мяркую, не памылюся, калі скажу, што Адама Жанжэўскага ведаюць усе вяскоўцы і не толькі. Ён заўсёды на сувязі з жыхарамі сельсавета, не адмовіць, дапаможа, падкажа.
Ірына Каваленка.
К списку записей раздела