Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Случчаніну ўручылі ордэн, якога быў удастоены яго дзядзька, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны

15.06.2021
 Случчаніну  Вячаславу Бобіку ваенны камісар Мінскай вобласці  Ігар  Тарабеш уручыў ордэн Чырвонай Зоркі, якога быў удастоены яго дзядзька па мацярынскай лініі Васілій Дзмітрыевіч Бобік. Ордэн знайшлі ў Жытомірскай вобласці Украіны.

– Ад сваіх продкаў я неаднаразова чуў, што браты маіх бацькоў удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, а пасля прымалі ўдзел і ў вызваленні іншых краін ад нямецкіх акупантаў. Былі ў шэрагу тых герояў, якія вызвалялі заходнюю Украіну, годна праявілі сябе падчас Фінскай і Японскай войнаў. Усім пашчасціла вярнуцца жывымі, – расказаў Вячаслаў Фёдаравіч. –  Калі ў дзень Перамогі многія случчане з гонарам падымалі партрэты сваіх продкаў падчас параду, мне таксама вельмі хацелася гэта зрабіць, а яшчэ – як мага больш даведацца пра сваіх родзічаў, якія жылі раней, іх слаўнае мінулае, пра іх подзвігі ў імя міру. Канешне, штосьці я чуў ад іх саміх яшчэ дзіцем і падлеткам, а вось цяпер, у больш сталым узросце асабліва хочацца «намаляваць» генетычнае дрэва, перадаць яго нашчадкам, каб памяталі...
Гэтай работай я заняўся больш грунтоўна перад выхадам на заслужаны адпачынак. Мне пашчасціла знайсці інфармацыю ажно пра сваіх прапрадзедаў. Адзін з іх, як высветлілася, быў камандзірам  палка ў Руска-Персідскай вайне.

Вельмі цікава было даведацца пра ўсе ўзнагароды сваіх продкаў – медалі і ордэны, як і за што яны атрыманы. Разам з дачкою Любаю мы займаліся пошукам інфармацыі, рабілі запыты ў Міністэрства абароны.  9 мая мы ўсей сям’ей узгадваем кожнага паіменна, расказваем пра іх подзвігі ўнукам.

На пытанне, што ён ведае пра свайго дзядзьку, ордэн якога вярнуўся у  сям’ю праз столькі гадоў, Вячаслаў Фёдаравіч расказаў: «Ведаю, што нарадзіўся ён у вёсцы Малачарнігаўка Обручскага раёна Жытомірскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і.Прызваўся ў армію, служыў у марской пяхоце ў Прыбалтыцы, там жа і сустрэў вайну, у 1941-м атрымаў ордэн за выратаванне раненых, бо быў старшым санінструктарам. Выратаваў каля 40 чалавек. З улікам ордэна, які ўручылі сёння, мой дзядзька Васілій Бобік быў удастоены трох ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны  медалямі  «За абарону Савецкага Запаляр’я», «За перамогу над Германіяй» і «За перамогу над Японіяй». Усе тры ордэны ён атрымаў за выратаванне раненых. Пасля вайны працаваў конюхам, жыў ва Украіне».

Сімвалічна, што атрымаць ордэн случчанін Вячаслаў Бобік прыйшоў не адзін, а з пяцігадоваю ўнучкаю Дар’яй. Па словах мужчыны, гэта вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне ведала і ганарылася сваімі дзядамі, прадзедамі, нашымі героямі.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения