Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Што хвалюе жыхароў раёна?

21.05.2021
Штотыднёва ў райвыканкаме па суботах праходзіць «прамая лінія», куды можа патэлефанаваць кожны чалавек і расказаць аб праблемах, якія патрабуюць вырашэння.

Такі дыялог улады з насельніцтвам дазваляе, як кажуць, трымаць руку на пульсе і аператыўна рэагаваць на звароты. У мінулую суботу на пытанні случчан адказваў старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Янчэўскі.

Жыхар вёскі Малоткава звярнуўся па пытанні падтаплення ўчастка. Раней выязджала камісія да яго і не выявіла праблемы. Каб дапамагчы чалавеку, старшыня райвыканкама запрасіў вяскоўца на прыём, які будзе праводзіць. Жыхарка вуліцы Урэчанскай скардзілася, што нельга прайсці па вуліцы – пасля дажджу з’яўляецца вялікая лужа. Андрэй Янчэўскі даручыў раённым службам разгледзець магчымасць зрабіць адвод вады. Па пытанні добраўпарадкавання звярталася жыхарка горада: каля мосціка на вуліцу Будаўнікоў шмат смецця. Зразумела, работнікі Слуцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі навядуць там парадак. Ці захаваецца ён там?  Няўжо цяжка данесці да ўрны пустую бутэльку ад напітка, абгортку ад шакаладкі ці пустую пачку ад цыгарэт. На дарослых ушчуванні не асабліва дзейнічаюць, а вось дзяцей з дзяцінства неабходна прывучаць, каб не смецілі на вуліцы. Вось тады і будзе эфект.

Жыхары вуліцы Калгаснай у Селішчах скардзіліся, што ў двухпавярховых дамах часта адсутнічае вада, іншы раз нельга нават рукі памыць. Праблемы з вадой і ў жыхароў дома па вуліцы Зялёнай, 23 у Слуцку. Многа вады даводзіцца спускаць, пакуль пацячэ гарачая – а за гэта таксама трэба заплаціць. Дом новы, магчыма, не ўсе жыхары засяліліся, таму так і атрымліваецца. У чым там праблемы – будуць разбірацца.

Жыхарка аграгарадка Вясея ў 2018 годзе правяла газавае ацяпленне, але там ёсць пэўныя нюансы, якія яна не можа вырашыць.

Падчас «прамой лініі» звярталіся случчане і з іншымі праблемамі. Звароты, якія патрабуюць вывучэння, узяты на кантроль адпаведнымі службамі. 

Людзі звяртаюцца тады, калі ведаюць, што іх пачуюць, па іх праблеме будуць прыняты вычарпальныя меры. Але ж трэба разумець, што не ўсё можа быць вырашана імгненна.

Як адзначылі ў аддзеле па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама, большасць пытанняў, якія паступаюць падчас суботніх «прамых ліній» тычацца камунальных і дарожных праблем. Паступова яны вырашаюцца. Так, пасля звароту ў райвыканкам жыхара вёскі Буслаўка падсыпана пясчана-гравійнай сумессю і прагрэйдзіравана дарога Мялешкі – Буслаўка. Жыхары вуліцы Новай ў Навадворцах прасілі грэйдзіраваць дарогу хаця б раз у месяц. У Слуцкай ЖКГ адказалі, што кожны месяц гэта рабіць немагчыма, але ж дарогу прагрэйдзіравалі. Таксама пасля звароту на «прамую лінію» падсыпана дарога да могілак у вёсцы Ветка. Жыхарка горада прасіла, каб спілавалі аварыйную бярозу на могілках у Мерашыно, але ж абследаванне дрэва паказала, што яно яшчэ «жывое» і не з’яўляецца небяспечным, таму  праведзена яго санітарная абрэзка.

З цягам часу правядзенне «прамых ліній» паказала сваю эфектыўнасць, гэта свайго роду размова прадстаўнікоў улады з насельніцтвам, якая дазваляе  даведацца, што хвалюе жыхароў раёна і па магчымасці вырашыць праблему, а калі зрабіць гэта немагчыма, то кампетэнтна і аргументавана растлумачыць, чаму.

Ірына КАВАЛЕНКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения