Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Падатковай службе – 30 гадоў

11.07.2020
 Падатковая служба ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнай фінансавай, эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. 

Аб рабоце інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Слуцкім раёне напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнту «Слуцкага краю» расказаў начальнік інспекцыі Андрэй Аляксандравіч Яжэлы.

– У 2020 годзе інспекцыя адзначае 30-годдзе з часу ўтварэння, – расказвае Андрэй Аляксандравіч. – На шляху свайго станаўлення сістэма падатковых органаў неаднаразова рэфармавалася. Калі ж казаць аб Слуцкай інспекцыі, то ў 2005 годзе адбылося аб'яднанне гарадской і раённай інспекцый і была створана адзіная інспекцыя па падатках і зборах па Слуцкім раёне. У 2017 годзе да нашай інспекцыі былі далучаны Капыльская і Старадарожская інспекцыі.

У апошні час прыняты шэраг канструктыўных мер, накірава­ных на скарачэнне колькасці падаткаў і падатковай справаздачнасці, укараненне электроннага дакументазвароту і дыстанцыйных формаў абслугоўвання плацельшчыкаў, павышэнне якасці іх інфармавання, правядзенне мерапрыемстваў папераджальнага характару, удасканаленне і спрашчэнне заканадаўства аб падатках і зборах. Але нязменнай застаецца галоўная задача – забеспячэнне поўнага і своечасовага паступлення падаткаў і збораў у бюджэт.

Па словах А.А. Яжэлага, інспекцыя МПЗ па Слуцкім раёне ўключае пяць упраўленняў: тры з іх размешчаны ў Слуцку (па падаткаабкладанні фізічных асоб, упраўленне ўліку падаткаў і ўпраўленне кантрольнай работы), два адасобленых знахо­дзяцца ў Капылі і Старых Дарогах.

– Спецыялісты нашай інспекцыі – людзі, якія аддаюць сябе сваёй прафесіі, – адзначае Андрэй Аляксандравіч.

У інспекцыі працуюць 75 чалавек: 5 – у Старых Дарогах, 7 у Капылі, астатнія ў Слуцку.

Штодзённая работа супра­цоўнікаў падатковых органаў па напаўненні бюджэту – справа важная і адказная, бо менавіта за лічбамі паступленняў у бюджэт стаіць фінансавы дабрабыт рэгіёнаў зоны абслугоўвання.

Па стане на 1 ліпеня 2020 года ў даход кансалідаванага бюджэту ад плацельшчыкаў Слуцкага, Старадарожскага і Капыльскага раёнаў паступіла 50,3 млн рублёў.

Бюджэт раёнаў сфарміраваны з удзелам 1 891 арганізацыі, 3 680 індывідуальных прадпрымальнікаў і 67 500 фізічных асоб. Асноўная частка паступленняў – 48,5 млн рублёў, або 96,4% – сфарміравана за кошт плацяжоў, выплачаных плацельшчыкамі ў добраахвотным парадку. За кошт мер прымусовага спагнання ў бюджэт паступіла 1,8 млн рублёў.

Больш за 400 фізічных асоб прадставілі падатковыя дэкларацыі па падаходным падатку за 2019 год.

У цэлым кантрольныя мерапрыемствы, праведзеныя інспекцыяй у першым паўгоддзі 2020 г., дадаткова папоўнілі бюджэт рэспублікі на 2,1 млн рублёў.

– У нас зараз амаль няма заўзятых неплацельшчыкаў сярод арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, іх колькасць складае менш за 1% і не носіць сістэмны характар, – адзначае Андрэй Аляксандравіч. – У той жа час штогод выяўляецца больш за 100 фізічных асоб, якія без рэгістрацыі ажыццяўляюць камерцыйную дзейнасць. У такіх выпадках мы спачатку выпісваем апавяшчэнне з просьбай патлумачыць прычыну. Калі адказу няма, мы вымушаны прымяніць меры прымусовага спагнання.

Падатковая служба Беларусі развіваецца дынамічна. Адзін з прыярытэтных напрамкаў работы – стварэнне і развіццё сферы электронных паслуг. І сёння ключавым момантам ва ўзаемаадносінах падатковых органаў з падатка­плацельшчыкамі становяцца менавіта інфармацыйныя тэхналогіі. Так, больш за 85% плацельшчыкаў карыстаюцца электроннымі сэрвісамі падатковых органаў. Грамадзяне, якія прыйшлі ў падатковы орган, таксама павінны атрымаць увесь спектр неабходных падатковых паслуг хутка і якасна. Для гэтых мэт ствараюцца і актыўна развіваюцца цэнтры абслугоўвання плацельшчыкаў.

– Цяпер у нас ідзе рамонт, – расказвае А.А. Яжэлы, – і ў 2021 годзе ў нашай інспекцыі адкрыецца такі цэнтр абслугоўвання плацельшчыкаў. Будуць створаны максімальна камфортныя ўмовы для плацельшчыкаў.

Па выніках работы за 2019 год інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Слуцкім раёне прызнана пераможцай агляду-конкурсу ў намінацыі «Лепшая інспекцыя МПЗ сярод раёнаў Мінскай вобласці» ў 1-й групе і ўзнагароджана Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці.

Напярэдадні прафесійнага свята адзначаны нашы лепшыя работнікі: медалём «За працоўныя заслугі» – Валянціна Міхайлаўна Кендыш, Падзякай Міністра Міністэрства па падатках і зборах – Алег Анатольевіч Папоў, на абласным узроўні – Вольга Мікалаеўна Кобель і Маргарыта Аляксандраўна Нікановіч, Ганаровай граматай Слуцкага райвыканкама – Таццяна Генадзьеўна Цішкевіч, Ганаровай граматай Слуцкага раённага Савета дэпутатаў – Наталля Уладзіміраўна Бязручка, Падзячным лістом – Валянціна Іванаўна Урбановіч.

Усіх калег, ветэранаў падатковых органаў віншую з надыходзячым прафесійным святам, жадаю моцнага здароўя і дабрабыту, дасягнення новых прафесійных вышынь. Са святам!

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения