«Нішто так не яднае як добрыя адносіны»
13.01.2024
Больш за шэсць гадоў кіруе калектывам МТК аг. Казловічы ААТ «Казловічы-Агра» Мікалай Аладка – сціплы і далікатны чалавек, які ўмее згуртаваць работнікаў. А ўсё таму, што сваёй працавітасцю, стараннасцю захапляе іншых. А яшчэ – умее слухаць, паважае людзей, іх працу.
– Відаць, не проста так да нас прыходзяць думкі-мары, кім стаць, – разважае Мікалай Георгіевіч. – Яшчэ юнаком марыў паступіць на заатэхніка, але не атрымалася, скончыў з «чырвоным» дыпломам Смілавіцкі тэхнікум па спецыяльнасці «агранамія», потым – сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. 25 гадоў адпрацаваў у сельгасарганізацыі брыгадзірам. У 2012 годзе кіраўніцтва ААТ «Казловічы-Агра» прапанавала перайсці ў жывёлагадоўлю. Пагадзіўся, тым больш, што і бацькі, ды і сам доўгі час трымаў гаспадарку, вопыту, як абыходзіцца з жывёлай, было нямала. Яшчэ больш захапіла праца, калі пачаў унікаць у яе тонкасці.
Дапамагала, што побач былі цудоўныя спецыялісты: намеснік дырэктара сельгасарганізацыі па вытворчасці Зоя Клыга, тэхнік па штучным асемяненні жывёлы Святлана Грачык, ветэрынарны ўрач Анастасія Статкевіч, ветэрынарны ўрач Наталля Філіпенка, галоўны ветэрынарны ўрач Павел Макаранка. Сіл і ўпэўненнасці надавала і тое, што ў мяне верыў і кіраўнік сельгасарганізацыі.
Мікалай Георгіевіч пяць гадоў працаваў брыгадзірам вытворчай брыгады малочна-таварнага комплексу вёскі Лесуны, цяпер кіруе МТК аг. Казловічы. Ад 800 галоў тут атрымліваюць 15,7 тоны малака за суткі.
Другі год малочна-таварны комплекс аг. Казловічы прызнаецца лепшым у раёне. А па выніках працы за мінулы год МТК прызнаны адным з лепшых у вобласці. У 2023 годзе ўдой малака ад каровы склаў 11 800 кг.
На пытанне, ці лёгка кіраваць калектывам, Мікалай Георгіевіч адказвае, што калі падбіраюцца аднадумцы, то і справа ладзіцца. Дарэчы, у яго падначаленні 23 чалавекі, у тым ліку тэхнікі-асемянатары, лабаранты, жывёлаводы, аператары машыннага даення, якія даглядаюць на комплексе каля 800 кароў і 700 цялушак.
Добрасумленнасць людзей, якія адказваюць за кармленне і догляд жывёлы, сучаснае аснашчэнне жывёлагадоўчых аб’ектаў спрыяюць высокім паказчыкам у працы.
– Шмат гадоў у нас самааддана працуюць аператары машыннага даення Таццяна Відлер, Вера Тагіль, Наталля Стральчэня, лабарант Іна Лагун. Прыемна, што калектыў папаўняецца моладдзю, – кажа Мікалай Аладка. – Для іх у сельгасарганізацыі створаны ўсе ўмовы – і жыллём забяспечваюць, і добрая зарплата гарантавана. Мая маці таксама працавала даяркай, тады сапраўды шмат чаго даводзілася рабіць уручную – і падсцілаць жывёлу, і кармы ёй раздаваць, і бачкі з малаком насіць. Зараз жа ўсё механізавана. Толькі працуй.
У 2021 годзе фотаздымкі Мікалая Аладкі і чатырох аператараў машыннага даення комплексу Таццяны Відлер, Наталлі Кубыкі, Веры Тагіль і Наталлі Стральчэні былі размешчаны на раённай Дошцы гонару. Калектыў комплексу неаднаразова адзначаўся дыпломамі, ганаровымі граматамі ад раённага выканаўчага камітэта, сельгасарганізацыі.
– Нішто так не ўражвае, як добры прыклад побач, – кажа пра Мікалая Георгіевіча аператар машыннага даення Вера Тагіль.
Вера Тагіль і Наталля Грачык.
Яе, карэнную мінчанку, у 2004 годзе прывяло на Случчыну каханне. Разам з мужам яны некаторы час працавалі ў «Казловічах-Агра», Вера Віктараўна была ў паляводчай брыгадзе. Тут, у аграгарадку падрасталі іх трое дзяцей. Потым на некаторы час сям’я перасялілася ў Слуцк. А ў 2012 годзе назаўсёды вярнуліся жыць і працаваць у аграгарадок.
– Тут нам жыллё добраўпарадкаванае прадаставілі, ды і чалавека працы шануюць, – гаворыць жанчына. – Вось і ўвесь сакрэт. Муж працуе ў сельгасарганізацыі слесарам. Калектыў у нас добры, цудоўныя ўзаемаадносіны – усё гэта спрыяе і высокім паказчыкам у працы.
Толькі год працуе тут жывёлавод Наталля Грачык. Наталлю Іванаўну на Случчыну таксама прывяло каханне. Ураджэнка Смаргоншчыны знайшла тут сваё шчасце і месца працы:
– Пра свой калектыў мне хочацца сказаць шмат цёплых, добрых слоў, – гаворыць яна. – Задавальняе і графік працы – дзень праз дзень, і заработная плата, і адносіны кіраўніцтва.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела