Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

«Наша праца і адказная, і важная»

12.03.2021
 «Наша праца і адказная, і важная», – так лічыць муляр 5-га разраду будаўнічага ўпраўлення №55 ААТ «Будтрэст №3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі» Дзмітрый Міхайлавіч Саротнік – мужчына са сціплай і  прыветлівай усмешкай на твары. Дзмітрый Міхайлавіч працуе   ў сферы будаўніцтва каля 26 гадоў.

– Каб стаць добрым будаўніком, у прафесіі патрэбна прабыць не менш, за пяць гадоў, – лічыць мужчына. – І вельмі добра, калі побач будуць больш вопытныя спецыялісты, раскажуць, параяць, падтрымаюць. Маім настаўнікам быў Мікалай Іванавіч Пратасеня, ён працуе на будоўлі і цяпер. Амаль увесь час працую муляром, зрэдку – бетоншчыкам, страхаром. Важна рабіць усё з душою, сумленна, тады і атрымаецца як належыць.

Будаўнік са стажам Дзмітрый Міхайлавіч ганарыцца, што прымаў удзел у будаўніцтве шматлікіх дамоў у горадзе Слуцку, аб’ектаў у Мінскай і іншых абласцях. Гэта – і цукроварафінадныя заводы ў Слуцку і Гарадзеі, і цэментавы завод у Крычаве, і газавая станцыя ў Крупках, і вытворчае прадпрыемства ТАА «Алютэх» у Мінску. Быў таксама задзейнічаны на  бетонных работах у Астраўцы, падчас рэканструкцыі замка ў Нясвіжы.

– Захапленне будаўніцтвам прыйшло яшчэ ў маладосці, калі давялося дапамагаць брату будаваць дом. Вось тады і вырашыў, што будаўніцтва – асаблівы від дзейнасці, гэта вельмі патрэбная людзям стваральная праца. Завочна скончыў тады Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум на майстра прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, – расказвае мой суразмоўца. – Праца нялёгкая, але кожны раз ёсць радасць ад таго, што зроблена, пабудавана.

Дзмітрый Міхайлавіч усе гады працуе ў адной і той жа будаўнічай арганізацыі, яго добра ведаюць як работніка, які робіць сумленна, не лянуецца, кажуць, дысцыплінаваны і адказны. Дома яго чакаюць двое сыноў і жонка. Дарэчы, дом для сябе Дзмітрый Міхайлавіч пабудаваў таксама сам, зрабіўшы ў ім усё на свой лад і густ.

Зараз Дзмітрый Міхайлавіч разам з іншымі заняты на рэканструкцыі былога будынка інтэрната ў Слуцку, што па 1-му завулку Максіма Багдановіча.

– Прыемна, што вынікам нашай працы стане яшчэ адзін прыгожы будынак у любімым горадзе, – усміхаецца мужчына.

– Вядзём рэканструкцыю будынка з элементамі мадэрнізацыі. На аб'екце працуюць 110 чалавек, – расказвае старшы майстар будаўнічага ўпраўлення №55 Дзмітрый Сяргеевіч Алешка. – Усе яны – работнікі будтрэста №3, з іх 45 – работнікі нашага будаўнічага ўпраўлення. Работы вядуцца ў дзве змены, з падоўжаным працоўным днём, у тым ліку па суботах. Гэта будзе інтэрнат для работнікаў нашага будтрэста з адна- і дзвюхпакаёвымі кватэрамі (усяго сорак кватэр), у якіх будуць раздзельныя санвузлы, душавыя кабіны, устаноўлены шклопакеты. У доме таксама прадугледжаны ліфт.

Звонку будынак уцяплім сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі. У хуткім часе плануем заняцца ўстаноўкай вокнаў і дзвярэй.

Работы вядзём за кошт будаўнічай арганізацыі. Дзякуючы старанням нашага начальніка Віталія Іванавіча Вераскоўскага, галоўнага інжынера будаўнічага ўпраўлення №55 Рамана Мікалаевіча Амяльковіча і намесніка начальніка па забеспячэнні Аляксандра Аляксандравіча Арэсткіна забяспечана добрая арганізацыя работы. Адзначу, што ўсе работнікі працуюць старанна, з ахвотай.

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения