Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Майстар змены ДК ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» расказаў, што галоўнае ў яго рабоце

17.12.2023
На прахадной бліскучымі пацеркамі і шарамі ўпрыгожвалі навагоднюю елачку.
– Ялінка проста казачная… Добры дзень. Вы, пэўна, з рэдакцыі...

Як падказвае журналісцкі вопыт, першае ўражанне, як правіла, не бывае памылковым – я ўбачыла добразычлівага, шчырага, сціплага чалавека. Гэта і ёсць герой майго аповеду – майстар змены ўчастка складзіравання сыравіны і гатовай прадукцыі камбіцэха Давяральнага кіравання ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» (Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў) Уладзімір Лешчанка. 

– У маладосці хацеў стаць міліцыянерам, як і мой бацька, працаваць у слуцкай міліцыі, – гаворыць Уладзімір Анатольевіч. – Аднак медкамісію не прайшоў. Уладкаваўся на працу на камбінат хлебапрадуктаў. І не шкадую, што так атрымалася, ужо 27 гадоў тут раблю.

На прадпрыемства Уладзімір пайшоў «па слядах» мамы, якая тут працавала. І ў пэўнай ступені паўтарыў яе прафесійны рост: ад рабочай спецыяльнасці да спецыяліста. Мама Уладзіміра Анатольевіча Алена Феліксаўна прайшла на камбінаце шлях ад прыбіральшчыцы да начальніка ўчастка, адпрацавала шмат гадоў, карысталася заслужаным аўтарытэтам. Уладзімір пачынаў сваю работу на прадпрыемстве грузчыкам, цяпер вось начальнік змены, у ліку лепшых працаўнікоў – яго фотаздымак размешчаны на Дошцы гонару камбіната, за адметную работу адзначаны граматамі рознага ўзроўню.

– Бацькі навучылі старанна, адказна ставіцца да любой справы, – адзначае Уладзімір Лешчанка. – У свой час мне на камбінаце прапанавалі работу апаратчыка па перамяшчэнні зерня, з радасцю пагадзіўся. Майстрам змены працую з 2005 года. Каб адпавядаць пасадзе, закончыў Маладзечанскі політэхнічны каледж. Значную дапамогу ў авалоданні тады новай для мяне справай аказала калега Таццяна Міхайлаўна Барцэвіч.

Уладзімір Анатольевіч расказвае, што ў яго абавязках – арганізацыя працэсу і кантроль за адгрузкай сыравіны для вытворчасці камбікармоў, прыём і пагрузка гатовай прадукцыі ў складскія памяшканні. Пад началам Уладзіміра Лешчанкі працуюць апаратчык па перамяшчэнні зерня, сіласнік і грузчык. Што асабліва важна – для розных камбікармоў выкарыстоўваецца адпаведнае зерне, прэміксы ў пэўных прапорцыях. Неабходна дакладна выканаць гэтыя патрабаванні, таму патрабуецца асаблівая ўважлівасць. Майстар змены працуе ў цесным ўзаемадзеянні з начальнікам участка сыравіны Інай Клінцэвіч.

Уладзімір Лешчанка расказаў, што цяпер на камбінаце ў асноўным вырабляюць камбікармы для птушкі і кароў. За змену, а гэта 12 гадзін, усяго выпускаюць ад 560 да 760 тон камбікармоў. Прадукцыя якасная, а таму запатрабаваная, падкрэслівае мой субяседнік.

Майстар змены адзначае, што на прадпрыемстве за папярэдні час зроблена нямала па мадэрнізацыі вытворчасці, энергазберажэнні, большасць працэсаў аўтаматызавана. Палепшаны ўмовы працы, своечасова праводзяцца выплаты ў адпаведнасці з калектыўным дагаворам.

– На работу іду з радасцю, – гаворыць Уладзімір Анатольевіч. – І гэта шчасце. Стараюся працаваць, каб не было сорамна перад людзьмі, каб сэрца напаўняла задавальненне ад зробленага. Камбінат – частка майго жыцця, працаваць на такім буйным прадпрыемстве, канечне, гонар. Найперш наш камбінат багаты працавітымі, таленавітымі людзьмі, адметнымі прафесіяналамі, добрымі традыцыямі. Спадзяюся, што так будзе і далей. А яшчэ я люблю наш старажытны Слуцк. Радуе, што горад прыгажэе, з’яўляюцца новыя жылыя мікрараёны, захоўваюцца культурныя традыцыі. 

У вольны час герой гэтага аповеду любіць чытаць, завіхаецца на агародзе. У яго двое дарослых дзяцей, пра якіх ён расказвае з вялікай цеплынёй. Просты чалавек, з кагорты тых, якія не любяць лішніх слоў, хваліцца сваімі дасягненнямі, жыць напаказ. На іх трымаецца галоўная, рэальная праца, што рухае жыццё.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения