Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Любоў і міласэрнасць выратуюць свет

05.01.2024
Валянціна Сцяпанаўна сустракае Алену як родную. 92-гадовая жанчына шчыра радуецца прыходу сацыяльнага работніка, гэта адчуваецца па яе пазітыўным настроі, цёплай усмешцы. Пераканана, што самыя каштоўныя якасці людзей ва ўсе часы – уласцівасць шкадаваць, спагадаць, імкненне дапамагаць тым, да каго лёс быў не надта літасцівым, хто не ў стане пра сябе паклапаціцца. Сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму дзяржаўнай установы «Слуцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Алена Ходаш з катэгорыі людзей, для якіх клопат пра іншых не толькі работа, найперш – патрэба душы…

– Дачка ў Брэсце жыве, не мае магчымасці кожны тыдзень мяне праведваць, – расказвае гараджанка Валянціна Сцяпанаўна Белайчук. – А мне ў студзені гэтага года споўніцца 93 гады, канечне, патрэбна дапамога. Алена Анатольеўна абслугоўвае мяне сёмы год. Не нарадуюся на яе: адказная, старанная, уважлівая. Купляе прадукты, медыкаменты, ходзіць у паліклініку па рэцэпты, наводзіць парадак у кватэры, дапаможа смачны абед прыгатаваць, іншую работу выконвае. Але, ведаеце, галоўнае – яна чулы, добры чалавек. Заўсёды падбадзёрыць, развее сумныя думкі, тады і на сэрцы, здаецца, лягчэй. Рознае было ў маім жыцці… у Слуцк пераехала разам з сям’ёй з Нараўлянскага раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На Гомельшчыне адпрацавала даяркай 41 год, у Слуцку рабіла на камбінаце хлебапрадуктаў, давялося перажыць смерць родных людзей…



Такіх людскіх гісторый у памяці і сэрцы Алены Ходаш нямала: у Слуцкім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва яна працуе больш за 10 гадоў. Ураджэнка вёскі Мялешкі з мнагадзетнай сям’і. У свой час закончыла Мар’інагорскі сельгас-тэхнікум, аднак па спецыяльнасці працаваць не атрымалася – нарадзіліся дзеткі, пайшла ў дэкрэтны водпуск. Пазней рабіла ў сферы адукацыі і нават загадчыцай Мялешкаўскага дзіцячага сада.

– Аднойчы мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі сацыяльнага работніка. Я захапілася гэтай справай з першага дня і дала згоду на работу ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, – расказвае Алена Анатольеўна. – Спачатку абслугоўвала падапечных у вёсках Іванаўскія Агароднікі і Бязверхавічы – 12 чалавек. За дзень пеша іншы раз даводзілася пераадольваць больш за 10 кіламетраў. Але гэта не было для мяне перашкодай, як і выкананне іншых абавязкаў, дзе патрэбны і фізічная, і маральная сіла. Акрамя дастаўкі прадуктаў і лекаў, уборкі ў дамах, займалася ўборкай прыдамавых тэрыторый і многае іншае рабіла. Усё атрымліваецца, калі шчыра перажываеш за людзей і хочаш ім дапамагчы, ніякія цяжкасці не спыняюць.

Цяпер на абслугоўванні Алены Ходаш 10 жыхароў горада Слуцка, у асноўным людзі ўзростам за 80 гадоў, з інваліднасцю, двое з іх прыкаваныя да ложка. Нікога не трэба пераконваць у тым, якая нялёгкая гэта справа, напрыклад, памяняць бялізну на ложку паралізаванага чалавека ці замяніць памперсы, пакарміць яго...

Алена Анатольеўна адзначае, што нават у самых цяжкіх сітуацыях людзей стараецца ўсяліць у іх надзею на лепшае, падтрымаць добрым словам, узняць настрой. І гэта іншы раз спрацоўвае нават у самым, здавалася б, безнадзейным становішчы. На жаль, ёсць выпадкі, калі нямоглыя людзі застаюцца без належнага клопату, догляду дзяцей і іншых родных. Дзяржаўная падтрымка гэтым людзям, адзінокім, адзінока пражываючым і іншым катэгорыям аказваецца ў тым ліку праз дзейнасць сацыяльнай службы. Спектр сацыяльна-бытавых, сацыяльна-рэабілітацыйных і іншых паслуг аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Слуцкага ТЦСАН вельмі шырокі: як ужо гаварылася, пакупка і дастаўка прадуктаў, прамысловых тавараў і медыкаментаў, вільготная ўборка дома ці кватэры, аплата камунальных паслуг, дапамога ў прыгатаванні ежы, у прыняцці ванны ці душа, паслугі «дзённы прыгляд» і «сядзелка», дапамога ў забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі і многае-многае іншае.

Як адзначае Алена Ходаш, значна дапамагае ў рабоце цёплая атмасфера еднасці, што пануе ў калектыве Слуцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. І тон гэтай атмасферы задае дырэктар Вольга Жогла. На думку маёй субяседніцы, ва ўстанове працуюць шчыра адданыя сваёй справе, душэўныя людзі, у іх ліку загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Ала Галабародзька, інспектар гэтага аддзялення Аліна Коршак і іншыя.

«Мае дарагія бабулечкі і дзядулечкі» – так гаворыць пра сваіх падапечных сацыяльны работнік. Кожны з іх са сваім характарам, біяграфіяй, абставінамі, са сваім болем і радасцю, але да кожнага можна знайсці свой падыход, пераканана Алена Анатольеўна: ключы да іх сэрцаў – любоў, увага, цярпенне, міласэрнасць. А яшчэ – даверлівая размова, для гэтых людзей, якія нярэдка адчуваюць дэфіцыт зносін, вельмі важна быць пачутымі.

За сваю работу Алена Ходаш узнагароджана граматамі і падзякамі рознага ўзроўню, фотаздымак Алены Анатольеўны ў 2021 годзе быў размешчаны на раённай Дошцы гонару. І ўсё ж самая дарагая для яе ўзнагарода – калі радуюцца і ўсміхаюцца жыццю яе падапечныя. Амаль 100-гадовая бабуля, пра якую раней клапацілася Алена Анатольеўна, рэгулярна звоніць з Мінска, каб павіншаваць яе са святамі і сказаць словы ўдзячнасці за яе вялікае сэрца, якое ўмее сагрэць многіх. Дарэчы, Алена Ходаш – выдатная мама траіх цудоўных дочак!

Гэта прыгажуня штодня спяшаецца да сваіх бабуль і дзядуль. Так, Алена Ходаш лічыць іх роднымі, а інакш і нельга ў гэтай нялёгкай, але высакароднай справе…

Наталля Селязнёва.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения