Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Іван Гарбацэвіч: «Не трэба абяцаць людзям таго, што не можаш выканаць»

09.12.2023
Здаецца, у жыцці гэтага чалавека не бывае пахмурных дзён – Іван Гарбацэвіч заўсёды пазітыўны, прыветлівы, усмешлівы. Мне думаецца, менавіта яго добразычлівасць, увага да іншых і тое, што ён умее справіцца з эмоцыямі, праблемамі нават калі цяжка і балюча, і ёсць яго сцяжынка да сэрцаў людзей. 

Покрашаўскі сельсавет быў утвораны ў 1932 годзе. Агульная яго плошча складае 9 572 гектары. У сельсавеце 9 населеных пунктаў, звыш 1 300 пастаянна пражываючых жыхароў, большая палова з іх працаздольнага ўзросту, 1 420 домаўладаннняў (у тым ліку дачы). На тэрыторыі Покрашаўскага сельсавета знаходзяцца СУП «Племгас «Слуцк», вытворчы ўчастак філіяла «ПСГ «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», ААТ «Слуцкі воцатны завод», іншыя арганізацыі, 
4 установы адукацыі, 2 медустановы, 3 установы культуры, 4 магазіны, 2 аддзяленні паштовай сувязі.

Старшыня Покрашаўскага сельскага Савета дэпутатаў шчыра клапоціцца, каб у сельсавеце ўсё было належным чынам: прыгожа, утульна, трывала. І не толькі таму, што тут яго малая радзіма. Сельскае жыццё трэба развіваць і ўмацоўваць, перакананы Іван Іванавіч. Землякі, безумоўна, давяраюць гэтаму чалавеку: ён працуе на выбарнай пасадзе – узначальвае Покрашаўскі сельвыканкам – на працягу трох скліканняў, а гэта каля 15 гадоў.

– Іван Іванавіч, што самае складанае ў дзейнасці старшыні сельвыканкама?

– Працаваць на гэтай пасадзе – вялікая адказнасць, работа ахоплівае па сутнасці ўсё вясковае жыццё: ад асабістых праблем людзей да пытанняў агульнага характару, у тым ліку асвятленне вуліц, рамонт дарог, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, навядзенне чысціні і парадку на вуліцах і тэрыторыях, прафілактыка пажараў, работа грамадскага пункта аховы правапарадку, з няўдачнымі сем’ямі і многае іншае. Трэба быць на сувязі з людзьмі, як гаворыцца, у любы час сутак, і, канечне, кампетэнтным у многіх пытаннях. На пачатку дэпутацкай дзейнасці немалую падтрымку мне аказаў наш легендарны зямляк Герой Сацыялістычнай Працы, загадчык Покрашаўскага ФАПА Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, які, на жаль, пайшоў з жыцця. І, канечне, дэпутат Покрашаўскага сельскага Савета дэпутатаў і Мінскага абласнога Савета дэпутатаў дырэктар Слуцкага воцатнага завода Аляксандр Валянцінавіч Рыбак, з якім у цесным узаемадзеянні мы працуем і цяпер. Вельмі ўдзячны гэтым і іншым людзям, якія верылі і вераць у мае сілы.

Што тычыцца складанасцей... Узгадаем усім вядомую фразу: калі справа па душы, яна перастае быць работай, становіцца тваім захапленнем. У мяне той самы выпадак.

– Шмат зроблена па добраўпарадкаванні ў Покрашаўскім сельсавеце, у тым ліку з удзелам мясцовых жыхароў. Як удаецца пераканаць людзей, дапамагчы пераадолець інертнасць, захапіць?

– Рэальнымі дзеяннямі, уласным прыкладам. Такога прынцыпу прытрымліваецца дэпутацкі корпус Покрашаўскага сельскага Савета дэпутатаў (11 чалавек). А людзі ў нас цудоўныя, разумеючыя, працавітыя. Канечне, з радасцю падтрымліваем ініцыятывы вяскоўцаў. Узгадваю 2009 – 2010 гады, калі па прапанове старасты вёскі Замосце Лідзіі Сцяпанаўны Лешчанкі і жыхаркі гэтай вёскі Жанны Іванаўны Цішкевіч за сродкі мясцовых жыхароў устанавілі жалезабетонную агароджу на вясковых могілках. Дарэчы, гэта была першая такая практыка на Случчыне. Вырашылі прымяніць яе і ў іншых вёсках нашага сельсавета, размаўлялі, тлумачылі вяскоўцам, што добраўпарадкаванне, ушанаванне памяці землякоў – клопат агульны. Да гонару нашых людзей – падтрымалі ініцыятыву, адгукнуліся. У выніку на ўсіх могілках на тэрыторыі Покрашаўскага сельсавета ўстаноўлены жалезабетонныя агароджы з выкарыстаннем сродкаў мясцовых жыхароў.

У свой час па ініцыятыве дырэктара Слуцкага воцатнага завода Аляксандра Валянцінавіча Рыбака ў вёсцы Покрашава была ўладкавана прыгожая зона адпачынку з дзіцячым гульнёвым комплексам, алеяй дрэў, а таксама – крыніца ў гонар Божай Маці Астрабрамскай. У гэтых работах актыўна ўдзельнічалі завадчане, жыхары сельсавета.
Вядома, радуе, што больш камфортным становіцца жыццё маіх землякоў. На тэрыторыі сельсавета газіфікаваны вёскі Покрашава, Вынішчы, Замосце, Ануфравічы, Рудня, аграгарадок Ленькі. Летась укладзена новае асфальтавае пакрыццё на двухкіламетровай дарозе ў вёсцы Ануфравічы. Асфальтагранулятам падсыпалі шэраг вуліц у населеных пунктах Покрашава, Замосце, Ануфравічы, Ленькі і іншых. Плануецца, што ў наступным годзе ў вёсках нашага сельсавета пачнуць замену сістэм вулічнага асвятлення святлодыёднымі лямпамі.

Па навядзенні парадку на тэрыторыях і добраўпарадкаванні працуем у цесным кантакце з мясцовымі сельгасарганізацыямі, Слуцкім воцатным заводам, ДРБУ-125. Канечне, праводзім суботнікі з удзелам вяскоўцаў. Істотную дапамогу ў іх арганізацыі, рашэнні іншых пытанняў аказваюць старасты вёсак, у тым ліку стараста вёскі Вынішчы Валянціна Станіславаўна Шышко, дэпутат з вёскі Замосце Алена Канстанцінаўна Нячапурэнка.

– Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў, што работа з пустуючымі жылымі дамамі павінна быць адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ў сельскай мясцовасці. Як сітуацыя па адчужэнні і зносе старых домаўладанняў у Покрашаўскім сельсавеце?

– На пачатак 2018 года на тэрыторыі нашага сельсавета было ажно 64 старыя пустуючыя дамы, з іх за пяць гадоў знеслі 22: 11 – за бюджэтныя сродкі і столькі ж домаўладанняў – за кошт сельскагаспадарчых арганізацый і сродкі жыхароў. Чатыры дамы гэтай катэгорыі прадалі, як і некалькі зямельных участкаў пасля зносу старых домаўладанняў – у прыватную ўласнасць і пад будаўніцтва новага жылля. Пасля зносу старых дамоў за гэты перыяд у гаспадарчы абарот уцягнуты больш за 4 гектары зямлі.

Відавочна, гэта працэс не аднаго дня, патрабуючы карпатлівага, сістэмнага падыходу. На жаль, некаторыя ўладальнікі нядбайна ставяцца да догляду жылля, якое атрымалі ў спадчыну, а таксама прысядзібных участкаў, доўга не могуць вызначыцца з рашэннем па сваёй нерухомасці. І тым не менш, паступова справа робіцца, дапамагае, што заканадаўча вызначаны дакладны алгарытм дзеянняў па адчужэнні і зносе старых пустуючых дамоў.

– Іван Іванавіч, па адукацыі Вы педагог. Восем гадоў паспяхова працавалі дырэктарам Ленькаўскай сярэдняй школы. Але ў свой час чамусьці вырашылі змяніць сферу дзейнасці. Расчараваліся ў прафесіі?

– Ні ў якім разе. Школу я любіў і люблю, і ведаю, якой важнай, каштоўнай з’яўляецца дзейнасць педагога. Аднак мяне заўсёды цікавіла грамадская работа, хвалявала, як развіваецца, чым жыве малая радзіма. Вось і вырашыў тады праверыць сябе ў новай справе. Як і ў кожнага, у мяне ёсць свае перамогі, ёсць і няўдачы. Шчыра радуюся, калі ўдаецца дапамагчы чалавеку ў рашэнні праблемы ці ажыццявіць задуманае, напрыклад, па добраўпарадкаванні ці азеляненні тэрыторый, калі хтосьці з землякоў дабіваецца новых вяршынь.  

– Сфармулюйце галоўны прынцып вашай дзейнасці?

– Не абяцай людзям таго, што не можаш выканаць. 
Наталля СЕЛЯЗНЁВА. 
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения