Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Новости Слуцка

Для пакупнікоў – газеты, часопісы, канцтавары і кубачак кавы

15.03.2024
Пра спецыфіку сваёй работы расказала прадавец Слуцкага міжраённага аддзялення РУП «Белсаюздрук» Алена Семяновіч, а таксама чаму яна аддае перавагу менавіта гэтай справе.

Алена Іванаўна прыйшла ў Слуцкае аддзяленне Белсаюздруку ў 2002 годзе. З тае пары, з перапынкам на водпуск па доглядзе за дзіцем, тут і працуе, у тым ліку ўжо шмат гадоў – у газетным павільёне №706, што на вуліцы Леніна насупраць маладзёжнага цэнтра.

–Для мяне няма лепшай работы, вельмі падабаецца, – адзначае Алена Семяновіч. – Раней нас называлі кіяскёрамі, цяпер я прадавец чацвёртага разраду. Наш павільён размешчаны ў адным з самых мнагалюдных месцаў у Слуцку, па сутнасці ён ніколі не пустуе (у гэтым пераканалася і журналіст «Слуцкага краю»). Калі шчыра, я прыхільніца цішыні, але на такой «вірлівай» рабоце не стамляюся. Прадаю  перыёдыку, рэспубліканскія, абласную газеты, іншыя выданні, канечне, «Слуцкі край» – раённая газета запатрабавана чытачамі. У продажы таксама разнастайныя часопісы для людзей рознага ўзросту, брашуры для дзяцей і моладзі, буклеты, красворды, маляванкі і многае-многае іншае. Багата канцылярскіх тавараў, у тым ліку алоўкаў, сшыткаў, ручак. Ёсць таксама цацкі, сувеніры, прамысловыя вырабы, галантарэя, мыйныя сродкі. Увогуле ў асартыментным продажы – не адна сотня разнастайных тавараў.

Мая суразмоўца – ураджэнка Слуцка, па спецыяльнасці хімік-лабарант. У свой час рабіла на Слуцкай тэкстыльнай фабрыцы, але лёс прывёў у Белсаюздрук. Алена Іванаўна расказвае, што яе настаўнікам у кіяскёрскай справе ў свой час была Святлана Савановіч, з якой разам працавалі. Больш за дваццаць гадоў таму гэта работа адчувальна адрознівалася, трэба было многае ўтрымліваць у памяці, каб не заблытацца ў велізарным асартыменце. Цяпер гэтыя працэсы камп’ютарызаваны. І ў цэлым працуецца значна лягчэй і камфортней.

– Наш газетны павільён аформлены ў сучасным дызайне, утульны, цёплы, зручны. Наведвальнікі могуць  не толькі набыць неабходныя тавары, але і выпіць кубачак кавы – у павільёне ёсць кава-машына, можна паласавацца салодкасцямі, купіць сокі, безалкагольныя напіткі, – адзначае Алена Семяновіч. – Канечне, камфорт і  шырокі выбар тавараў нашага павільёна прыцягваюць пакупнікоў, як і іншыя такія павільёны Белсаюздруку ў Слуцку. Дарэчы, мне давялося працаваць у некалькіх газетных кіёсках у нашым горадзе. Прыемна, што нашы аб’екты «утрымліваюць пазіцыі», развіваюцца, удасканальваюцца.  Улічваючы зніжэнне попыту людзей на друкаваную прадукцыю, і гэта сусветная тэндэнцыя,  сучасныя газетныя кіёскі, павільёны можна разглядаць як своеасаблівы міні-маркет, дзе прапануецца шэраг тавараў. За імі не трэба ісці ў асобны магазін, іх можна набыць па ходу, напрыклад, вяртаючыся з работы.

Напарніцай Алены Іванаўны ў газетным павільёне №706 з’яўляецца Галіна Сплендзер (прадаўцы робяць пазменна), таксама работніца з немалым вопытам. Як расказала начальнік Слуцкага міжраённага аддзялення РУП «Белсаюздрук» Людміла Лосік, жанчыны працуюць старанна, адказныя, дасведчаныя ў перыёдыцы і іншых таварах, знаходзяць агульную мову нават з самымі патрабавальнымі пакупнікамі, а яшчэ цікавыя, захопленыя людзі. Алена Семяновіч, напрыклад, у вольны час займаецца вязаннем, стварае прыгожыя рэчы.

–Да кожнага пакупніка, чалавека можна знайсці свой падыход, – гаворыць Алена Іванаўна. – На маю думку, канфліктных людзей няма – ёсць людзі са сваімі праблемамі, складанасцямі, абставінамі. Мая задача як прадаўца і чалавека – зразумець, параіць, калі патрэбна – падтрымаць нашых наведвальнікаў, узняць настрой. Іншы раз увага і добрае слова твораць цуд. У нас ёсць пастаянныя пакупнікі, як правіла, гэта людзі пажылога ўзросту, якія прыходзяць не толькі па газету ці часопіс, але проста пагутарыць, падзяліцца навінамі, яны ўжо нашы сябры. Работа мне падабаецца зносінамі з людзьмі і тым, што абавязвае да развіцця – кампетэнтны прадавец перыёдыкі павінен быць у курсе актуальных падзей у краіне, свеце, у родным рэгіёне. Жадаю ўсім случчанам, нашым пакупнікам, каб былі здаровымі і шчаслівымі, каб радавалі новыя поспехі, каб мір і лад панавалі на беларускай зямлі. І прыходзьце да нас за пакупкамі!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА. 
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения