![]() |


На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта 23 ліпеня разгледжаны пытанні:
Вынікі работы галін народнагаспадарчага комплексу раёна за першае паўгодзе 2010 года.
Заслухаўшы і абмеркаваўшы інфармацыі першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.П. Статкевіча, намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы А.І. Русак, справаздачы кіраўнікоў некаторых арганізацый, райвыканкам адзначыў, што ў раёне праводзіцца пэўная работа па выкананню зададзеных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця. З пятнаццаці асноўных прагнозных паказчыкаў за першае паўгоддзе 2010 года выкананы дзевяць. Рэальны сектар эканомікі за пяць месяцаў 2010 года атрымаў 59,1 мільярда рублёў чыстага прыбытку (у 3,2 раза больш, чым за адпаведны перыяд 2009 года) пры рэнтабельнасці ад рэалізацыі 10,1% (у 2009 годзе – 5,8%). У прамысловасці чысты прыбытак павялічыўся ў 17,4 раза і склаў 45,2 мільярда рублёў, рэнтабельнасць узрасла на 8,2 працэнтных пункта і дасягнула 12,9%. У грамадскім сектары аграрнай галіны раёна за паўгода вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склала 97,8 мільярда рублёў (105,9% да адпаведнага перыяду 2009 года пры прагнозе 106,8%). Надоена 68,1 тысячы тон малака (102,8%), сярэдні ўдой ад каровы – 3 109 кілаграмаў (+36 кілаграмаў). Вырашчана мяса буйной рагатай жывёлы 6 634 тоны (101,6%), свініны – 2 795 тон (120,3%), птушкі – 487 тон (121,95%).
Не выйшлі на гадавы прагноз арганізацыі камунальнай уласнасці. Яны недаатрымалі таварнай прадукцыі на 27,2 мільярда рублёў і на 16 мільярдаў рублёў – спажывецкіх тавараў. Ніжэй узроўню 2009 года спрацавалі адкрытае акцыянернае таварыства «Слуцкі сыраробны камбінат» і камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Металіст».
Райвыканкам даў ацэнку работы кіраўнікоў шэрага арганізацый, у адносінах да некаторых з іх прыняў рашэнне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці. Упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый даручана забяспечыць да 1 жніўня 2010 года вытворчасць 58 000 тон зерня, 12 000 тон сена, 215 000 тон сенажу, 18 000 тон сіласу, 1 700 тон рапсу; 18 малочнатаварных фермаў перавесці на даенне ў малакаправод; аказаць садзейнічанне асабістым падсобным гаспадаркам у павелічэнні аб’ёмаў рэалізацыі лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
Упраўленні і аддзелы райвыканкама, кіраўнікі суб’ектаў гаспадарання раёна абавязаны: прыняць меры па далейшай рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года №3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы»; выканаць паказчыкі па энергазберажэнню і заданні па павелічэнню выкарыстання мясцовых відаў паліва, зніжэнню энергаёмістасці вытворчасці, змяншэнню адходаў вытворчасці, страт сыравіны і матэрыялаў; забяспечыць своечасовую і поўную аплату энергаспажывання; узмацніць кантроль за ўкараненнем процізатратнага механізма ў вытворчасці прадукцыі і аказанні паслуг; ажыццявіць комплекс мер па забеспячэнню дынамічнага і эфектыўнага развіцця эканомікі, павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва, безумоўнаму выкананню прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Слуцкага раёна.
Аб выкананні бюджэту раёна за першае паўгоддзе 2010 года.
У даход бюджэту раёна за шэсць месяцаў 2010 года паступіла 49 590,5 мільёна рублёў (102,9% удакладненага плана першага паўгоддзя і 49,7% гадавога плана).
У фарміраванні даходаў бюджэту раёна асноўную ўдзельную вагу займаюць: падаходны падатак – 33,5 %, падатак на прыбытак – 18,8%, падатак на дабаўленую вартасць – 12,4%, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання – 5,2%, падатак на нерухомасць – 6,7%.
Па расходах бюджэт раёна выкананы ў суме 79 724,3 мільёна рублёў (99,9% удакладненага плана). Забяспечана прыярытэтнае фінансаванне сацыяльнай сферы, на што пайшло 71,8% расходаў бюджэту. Ад пазабюджэтнай дзейнасці бюджэтныя ўстановы атрымалі 3 243,4 мільёна рублёў. На фінансаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі накіравана 11 547,9 мільёна рублёў. На пакрыццё розніцы ў цане на цвёрдыя віды паліва пайшло 550 мільёнаў рублёў, на субсідыі па гарадскіх і прыгарадных пасажырскіх перавозках – 934,8 мільёна рублёў, на падтрымку аграрнага сектара – 6 779 мільёнаў рублёў.
Райвыканкам даручыў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Слуцкаму раёну, фінансаваму аддзелу райвыканкама прыняць меры па выкананню даходнай часткі бюджэту, прыцягненню дадатковых даходаў, змяншэнню запазычанасці па плацяжах у бюджэт. Кіраўнікі бюджэтных арганізацый і арганізацый, якія атрымліваюць датацыю з раённага бюджэту, абавязаны ўзмацніць кантроль за мэтавым і эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў, прыняць меры па недапушчэнню крэдыторскай запазычанасці; выканаць заданні па эканоміі бюджэтных сродкаў, паступленню даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці з павелічэннем у параўнанні з 2009 годам.
Аб ліцэнзаванні рознічнага гандлю; аб дазволе будаўніцтва; аб газіфікацыі індывідуальных жылых дамоў і іншыя пытанні.


