Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Святлана Сапяжынская: «Вучня трэба зацікавіць»

04.10.2020
Не спыняцца на дасягнутым, весці за сабою вучняў у цікавы свет ведаў, дапамагаць ім, выхоўваць на ўласным прыкладзе – такое жыццёвае і прафесійнае крэда настаўніцы беларускай мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы №11 горада Слуцка Святланы Іосіфаўны Сапяжынскай.

«Стаць настаўнікам – мара дзяцінства. Скончыла вясковую школу на Гродзеншчыне. Усе прадметы выкладаліся там на беларускай мове, таму яна мне і бліжэй. У 1995-м годзе скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. На беларускай мове выкладаліся ўсе дысцыпліны. За гады вучобы ва ўніверсітэце я яшчэ больш мела магчымасць адчуць, наколькі наша мова цудоўная, мілагучная і самабытная, – расказвае Святлана Іосіфаўна. – Да таго ж мае выкладчыкі заўважалі, што я добра валодаю мовай і імкнуліся яшчэ больш захапіць яе вывучэннем.

Мне, як настаўніцы, прыемна ўдвая, калі знаходзяцца дзеці, якія грунтоўна займаюцца маім прадметам. Да прыкладу, выпускніца гэтага года Валерыя Бараноўская, якая на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове набрала 100 балаў. І гэта не выпадковасць. Валерыя паставіла перад сабой мэту і дасягнула яе. З пятага класа яна была ўдзельніцай раённых алімпіяд па беларускай мове, у дзявятым класе заняла другое месца, а ў 10-м і 11-м класах –  першае.  



Праца настаўніка патрабуе шмат часу і намаганняў, толькі так можна захапіць вучняў, прывіць цікавасць да прадмета... На ўроках беларускай мовы і літаратуры я імкнуся пазнаёміць вучняў у тым ліку і з навінкамі літаратуры, вершамі, а ў вольны час пішу і свае вершы на беларускай мове, чытаю іх вучням... Усё гэта дае станоўчы вынік. Хочацца, каб падрастаючае пакаленне лепш ведала родную мову. Зараз дастаткова дадатковай літаратуры, метадычных дапаможнікаў, якія можна ўзяць як у школьнай бібліятэцы, так і набыць у магазіне. Шмат займальнага матэрыялу па мове і літаратуры можна знайсці і ў інтэрнэце, галоўнае – правільна яго адабраць і падаць у даступнай форме. Тады заняткі па прадмету прынясуць задавальненне і настаўніку, і вучням».

На думку Святланы Іосіфаўны, адна з форм працы, якая дапамагае захапіць вучняў, прывіць інтарэс да прадмета, – даследчая работа. А інтарэс да таго ці іншага прадмета ў вучняў закладваецца яшчэ ў пачатковай школе.

«Прыемна, калі такі прадмет – беларуская мова ці літаратура. Вядома ж, апошняя вучням падабаецца больш. Што тычыцца мовы, то, да прыкладу, у пяцікласнікаў цікавасць выклікае лексіка і фразеалогія. Асабліва фразеалагізмы, іх значэнне, – дзеліцца мая суразмоўца. – Творы ў падручніку па літаратуры падабраны пад узрост вучняў. З задавальненнем малодшыя навучэнцы чытаюць аповесць «Сябры» Алены Васілевіч, больш дарослыя школьнікі – творы Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, іншыя кнігі гістарычнай тэматыкі, Івана Мележа «Людзі на балоце».



З хваляваннем і слязьмі на вачах чыталі ў якасці пазакласнага чытання «Злую зорку» Івана Шамякіна, дзе расказваецца пра чарнобыльскую трагедыю».

– Урокі Святланы Іосіфаўны нам вельмі падабаюцца, мы любім слухаць яе, да таго ж, яна добрая і ўважлівая, – расказалі падчас сустрэчы вучні 5 «Г» класа, у якім Святлана Іосіфаўна – класны кіраўнік.

Дарэчы, у 5 «Г» класе 24 вучні: 12 хлопчыкаў і столькі ж дзяўчынак. «Да кожнага патрэбна адшукаць падыход, кожнаму ўдзяліць увагу, але побач з гэтымі дзеткамі сам набіраешся станоўчай энергіі, хочацца жыць, тварыць і разам з імі – вучыцца і вучыцца», – гаворыць Святлана Іосіфаўна.



Дома яе чакае сям’я: муж і двое дарослых сыноў, адзін з якіх ужо скончыў вну, другі – вучыцца ў 11 класе. У вольны час Святлана Іосіфаўна піша вершы пра радзіму, матулю, пра тое, што на душы.

За сваю педагагічную дзейнасць была адзначана граматамі ўпраўлення па адукацыі райвыканкама, у гэтым годзе – падзякай старшыні райвыканкама.

«Праца ў школе – гэта для настаўніка пастаянны пошук форм і метадаў падачы матэрыялу, гэта служэнне дзецям, падтрымка іх інтарэсаў і развіццё здольнасцей, – адзначыла Святлана Іосіфаўна. – Віншую ўсіх педагогаў Случчыны з прафесійным святам, жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, аптымізму. Цудоўных і таленавітых вучняў!».

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения