Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Образование

Аляксандр Слуцкі: «Я не толькі вучу, але і сам вучуся»

03.04.2020
Намеснік дырэктара Ленінскага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад – сярэдняя школа па асноўнай дзейнасці Аляксандр Слуцкі (на здымку) прыехаў у наш раён па размеркаванні ў 2017 годзе пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «гісторыя, грамадазнаўчыя дысцыпліны».  Два гады адпаведна заканадаўству малады спецыяліст ужо адпрацаваў, але пакідаць Случчыну не захацеў. Што трымае маладога настаўніка ў глыбінцы і якой ён бачыць сваю будучыню?

– Я сам родам з невялікай вёскі Велямічы, што на Століншчыне, – расказвае Аляксандр, – таму размеркавання ў сельскую мясцовасць не баяўся. У мяне быў выбар паміж Слуцкам і Жлобінам. Я проста сеў, падзяліў ліст паперы на дзве часткі, напісаў назвы гарадоў і насупраць кожнага пачаў ставіць плюсы і мінусы, у выніку апошнім вырашальным плюсікам стала прозвішча: не выбраць Слуцк з маім было б амаль злачынствам. Вось так я змяніў сваё месца пражывання і лічу, што не пралічыўся.

Слуцк мне вельмі спадабаўся (раней мне не даводзілася бываць у гэтых месцах). Такі невялікі ўтульны, чысты гарадок, вельмі добра геаграфічна размешчаны, мне зручна паехаць як да бацькоў, так і ў Мінск. Яшчэ тут вельмі шмат актыўнай, цікавай моладзі.

У педагогіку Аляксандр прыйшоў па слядах бабулі, якая працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і мамы – настаўніцы біялогіі.

– Я з дзяцінства ўяўляў сябе толькі ў ролі настаўніка, – кажа малады педагог. – Памятаю, як прыходзіў да бабулі ў клас, там былі вялікія шафы з кнігамі, я сядзеў там, гартаў, чытаў іх, мне гэта вельмі падабалася. Частым госцем быў і на маміных уроках. Гледзячы на маму і бабулю, я разумеў, што яны максімальна сябе аддаюць дзецям, укладваючы ў кожнага часцінку сваёй душы. Перада мной быў эталон настаўніка, да якога я цяпер імкнуся.
Па словах Аляксандра, першы час на рабоце было няпроста. І ён вельмі ўдзячны калегам, якія падказвалі і дапамагалі.

– У нас існуе інстытут настаўніцтва, – гаворыць Аляксандр, – за кожным маладым спецыялістам замацоўваюць дасведчанага педагога, які наведвае ўрокі, указвае на памылкі, дапамагае іх прааналізаваць і выправіць.

Аляксандр лічыць, што дзецям на ўроку ў першую чаргу павінна быць цікава. Каб гэтага дасягнуць, трэба ўлічваць асаблівасці дзяцей у кожным класе і дыялог трэба будаваць так, каб навучэнцам было лёгка і зразумела.

– Калі педагог змог падаць свой прадмет так, каб сапраўды зацікавіць дзяцей, то да наступнага ўрока яны самі знойдуць дадатковую інфармацыю па тэме, будуць абмяркоўваць яе,  – адзначае Аляксандр.– Калі ж прадмет ім не цікавы, то ведаць яны яго не будуць. Дрэнных вучняў не бывае, да любога можна і трэба знайсці падыход, пытанне, наколькі вялікае жаданне настаўніка гэта зрабіць.

Малады педагог лічыць, што і ў дзяцей многаму можна навучыцца. Напрыклад, яны вельмі лёгка ўзаемадзейнічаюць праз сацыяльныя сеткі, калі вучань захварэў, ён заўсёды напіша: Аляксандр Міхайлавіч, а якое ў нас дамашняе заданне, на што варта звярнуць увагу? Калі нейкая тэма выклікае асаблівую цікавасць, Аляксандр рассылае ім дадатковы матэрыял.

– Я вельмі рады, што мне ўдаецца знаходзіць агульную мову з усімі маімі вучнямі незалежна ад узроставай катэгорыі, – кажа педагог. – Часта бывае, што маладых спецыялістаў, якія яшчэ самі не так даўно сядзелі за партамі, вучні, асабліва ў старэйшых класах, успрымаюць як сваіх сяброў-аднагодак. Я лічу, што гэта недапушчальна. Заўсёды павінна заставацца нейкая нябачная грань паміж настаўнікам і вучнем, можна размаўляць на любыя тэмы, але ў той жа час захоўваць субардынацыю. Настаўнік для вучня павінен быць перш за ўсё аўтарытэтам.

У Аляксандра ўжо скончыўся тэрмін адпрацоўкі, аднак пераязджаць ён не збіраецца. Паводле яго слоў, на Случчыне добра наладжана работа з маладымі спецыялістамі.

– У 2017 годзе нас прыйшло ў школу 3 чалавекі, – кажа Аляксандр, – і ўсе засталіся працаваць. Прызнаюся, быў прыемна здзіўлены, калі на другі дзень размеркавання мне і маім калегам быў прадастаўлены інтэрнат. Гэта вялікі плюс для маладога спецыяліста, у якога не заўсёды знойдуцца сродкі на арэнду кватэры.

Немалую ролю адыгрывае і наш школьны калектыў, ён вельмі дружны. Калі толькі прыйшоў у школу, вельмі дапамагла падтрымка калег. На работу  настаўнікі, якія  жывуць ў горадзе, падвозяць і іншых на ўласных аўтамабілях.

Аляксандр акрамя асноўнай дзейнасці працягвае займацца навукай, завочна вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці «адукацыйны менеджмент», мае 10 навуковых публікацый, рыхтуецца гэтым летам абараніць магістарскую дысертацыю. Малады чалавек вядзе актыўнае грамадскае жыццё, з'яўляецца старшынёй маладзёжнага савета Слуцкага раённага аб'яднання прафсаюзаў, членам маладзёжнага савета Мінскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў.

– Каб стаць сапраўдным педагогам мала аднаго  жадання, павінна быць прызванне і жаданне самому вучыцца, – кажа Аляксандр.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения