Дыялог у роднай школе. Вучаніца Вясейскай школы падзялілася сваімі ўражаннямі
05.09.2023
Цёплы верасень зноў паклікаў дзетвару ў школу. Радасныя сустрэчы з любімымі настаўнікамі, сябрамі. Сапраўднае свята адбылося і ў нашай школе. На ўрачыстай лінейцы шмат дзяцей, бацькоў, гасцей. Усе радасныя, асабліва героі свята – першакласнікі. Крышачку сарамлівыя, з вялікімі букетамі кветак, яны папоўнілі нашу дружную школьную сям’ю.
Празвінеў званок – і мы зноў селі за парты ў сваім утульным класе. Першы ўрок “Беларусь і Я – дыялог міру і стваральнай працы”. Ён пачаўся з цытаты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: ”Наш гістарычны выбар – незалежная моцная і квітнеючая Беларусь“. Сапраўды, менавіта ад нас, маладога пакалення, залежыць, у якой краіне будзем жыць, якіх поспехаў дасягнём, што перададзім будучым пакаленням.
Мір. Гэта слова гучала на працягу ўсяго ўрока шмат разоў. Сапраўды, як добра жыць у мірнай краіне. Працаваць, вучыцца, адпачываць з сябрамі. Беларусы – мірныя, талерантныя, добразычлівыя людзі, якія заўсёды былі супраць вайны.
На ўроку адбыўся дыялог: кожны называў тую мясціну краіны, якая больш звязана са словам “мір”. Для маіх сяброў – гэта родныя вёскі, Курган Славы, сталіца нашай сінявокай Беларусі – Мінск. Нават школьны стадыён, дзе кожны дзень збіраецца вясковая моладзь. Мне было вельмі прыемна слухаць такія добразычлівыя выказванні сяброў: іх адносіны да сваёй маленькай радзімы, да бацькоў. На ўроку прысутнічаў старшыня Слуцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Павел Аляксандравіч Жупранскі. Выпускнік нашай школы, аднавясковец, які прыйшоў у школу з падарункамі. Яго словы не пакінулі нікога з нас раўнадушнымі.
Павел Аляксандравіч вельмі цікава расказваў пра свае юнацкія годы, з цеплынёй і павагай выказаўся пра сваіх настаўнікаў, дзякуючы якім ён выбраў прафесію педагога. Было відаць, што ўспаміны кранаюць яго да глыбіні душы. А нам, старэйшым вучням, пажадаў ісці да сваёй мэты: вучыцца, развівацца, рабіць дабро людзям. У гэты момант кожны з нас, магчыма, паверыў у свае сілы. Дзякуючы такому цудоўнаму і павучальнаму дыялогу, мы сталі больш упэўненымі і самастойнымі. Пасля яшчэ доўга абмяркоўвалі сустрэчу са сваім аднавяскоўцам, які, спадзяёмся, будзе яшчэ не раз наведваць родную школу.
Дадому я вярталася задаволеная. Святло сонца, шапаценне клёнаў, блакітнае неба. Шчаслівыя вочы дзяцей і шчырыя ўсмешкі бацькоў – усё гэта мір і спакой, дабрабыт і гармонія, якія павінны прысутнічаць паміж чалавекам і прыродай, паміж людзьмі.
Зямля бацькоў – цудоўная зямля.
Пашчасціла і мне тут нарадзіцца.
Да скону дзён і зблізку, і здаля
Табою, любы край, мне ганарыцца!
Вучаніца 10 класа ДУА “Вясейская сярэняя школа” Дар’я Люцко.
К списку записей раздела