![]() |


Камбайнавы экіпаж сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Аграфірма «Лучнікі» ў складзе Міхаіла Міхайлавіча Скрундзіка і Сяргея Уладзіміравіча Клешчукевіча ўваходзіць у тройку лідараў у вобласці па намалоту зерня. Дарэчы, яны першыя ў раёне перасягнулі тысячны рубеж. На здымку: В.П. Статкевіч і М.М. Скрундзік.
З гэтай нагоды павіншаваць «тысячнікаў» на жніўнае поле прыехаў старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Міхаіл Тарасавіч Бода:

М.Ф. Валасач і В.М. Валасач
– Уборачная кампанія сёлета праходзіць у складаных умовах надвор’я. Прыемна, што дзякуючы зладжанасці і арганізаванасці жніво ідзе хуткімі тэмпамі, камбайнеры, вадзіцелі працуюць амаль без перапынку. Дзякуй вам за гэта. Ад імя абласнога аб’яднання прафсаюзаў шчыра віншую вас з працоўным дасягненнем. Гэта толькі пачатак, спадзяюся, што вы і далей будзеце радаваць нас добрымі вынікамі ў рабоце. Здароўя вам, новых дасягненняў, здзяйснення ўсіх намечаных планаў.
М.Т. Бода ўручыў камбайнаваму экіпажу падарункі і грашовую прэмію. Першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Васілій Пятровіч Статкевіч адзначыў экіпаж падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама і вымпелам. Ён падзякаваў за добрасумленную працу, адданасць хлебаробскай справе, прафесійнае майстэрства. Шмат добрых слоў гучала ў адрас перадавікоў вытворчасці ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Людмілы Анатольеўны Янук.
Сёлетняя ўборачная для М.М. Скрундзіка – 27-я па ліку, ён заўсёды трымаецца на першых пазіцыях. На адвозцы зерня ад камбайна задзейнічаны вадзіцель Віктар Уладзіміравіч Нядзелька, які працуе ў «Аграфірме «Лучнікі» шэсць гадоў, ён таксама быў ушанаваны.
– Канечне, сядзець у машыне горача, але ж трэба хлеб убіраць, – гаварыў В.У. Нядзелька. – Хутчэй закончым жніво – меншыя страты будуць.
А вось вадзіцель Уладзімір Генадзьевіч Расінскі (на здымку) першы ў вобласці перавёз тысячу тон зерня. За гэта ён атрымаў падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама, вымпел, падарункі і словы ўдзячнасці.

Без увагі не застаўся яшчэ адзін камбайнавы экіпаж «тысячнікаў» сельгасарганізацыі – Мікалай Фёдаравіч Валасач і яго дачка Вольга Мікалаеўна Валасач. Яна – аспірантка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, займаецца вывучэннем сістэмы ўгнаенняў на пасевах цукровых буракоў. Вольга Мікалаеўна здзіўляе свайго бацьку не толькі веданнем агранамічных сакрэтаў, але і валоданнем тэхнічных навыкаў.
– Ва ўборачнай удзельнічаю ўпершыню. Станоўчыя эмоцыі, узнёслы настрой мяне перапаўняюць, – дзялілася ўражаннямі дзяўчына. – Ужо асвоіла і інжынерную прафесію. Праўда, складана тады, калі трэба прымяняць фізічную сілу. А гайкі добра адкручваю. Мне падабаецца працаваць на зямлі, любоў да якой мне з дзяцінства перадаў бацька. Ён у мяне – самы лепшы.
Перадавікоў уборачнай кампаніі павіншаваў вясёлымі песнямі творчы калектыў раённага цэнтра народнай творчасці. Пасля невялікага адпачынку камбайны «паплылі» па жніўных палетках.
Ірына КАВАЛЕНКА.


