![]() |


Пазнаёмцеся, калі ласка, з фальклорным калектывам «Жывіца» Падлескага сельскага дома культуры (на здымку – злева направа): Марына Мікалаеўна Гасанава, Тамара Міхайлаўна Яўсюк, Ганна Міхайлаўна Вайтовіч, Валянціна Адамаўна Каравай, Людміла Іванаўна Кейлер, Надзея Віктараўна Шэлег, Галіна Аляксандраўна Шкалёнак, Сяргей Леанідавіч Шпак, Таццяна Сяргееўна Чаркас.
«Жывіцы» як фальклорнаму калектыву пайшоў сёмы год. З цяперашніх яго ўдзельніц некаторыя працуюць, а хтосьці ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, жывуць яны не толькі ў Падлессі, але і ў навакольных вёсках і нават у Слуцку. Але, як сказала Т.М. Яўсюк, адлегласць для іх не перашкода, бо любяць песні, любяць спяваць. «І ў гэтым няма ніякага перабольшання, – пацвердзіў кіраўнік «Жывіцы» С.Л. Шпак. – Можна толькі дзіву давацца, наколькі нашы жанчынкі ўлюбёныя ў песню, у традыцыйную беларускую культуру. Сваім калектывам мы робім пастаноўкі і «Паўлінкі», і розных сцэн з народнага жыцця. Мяркуючы па рэакцыі гледачоў, яны станоўча ўспрымаюць нашу творчасць».
А пазнаёміўся я з «Жывіцай» некалькі дзён таму, калі калектыў ладзіў вячоркі ў мясцовым Доме культуры. Яго дырэктар Рашыд Пірвірды аглы Гасанаў крыху хваляваўся: «У вёсцы цяпер гарачая пара: хтосьці працуе на жніве ці корманарыхтоўцы, нехта з вяскоўцаў заняты ўласным агародам. І ўсё ж спадзяюся, што гледачоў будзе нямала».
Так яно і атрымалася. У вызначаны час гаспадары вясковай хаты Васіль (С.Л. Шпак) і Кацярына (мастацкі кіраўнік СДК М.М. Гасанава) запрасілі на вячоркі. Упрыгожылі «хату» – сцэну ручнікамі, посцілкамі, якія вышылі або саткалі мясцовыя ўмеліцы. На вячоркі да Васіля і Кацярыны прыйшлі суседкі – і дзея пачалася. У яе аснову паклалі гісторыю пра гаспадарскага ката, які то смятану зліжа, то каўбасу ўкрадзе. Жэўжык так раз’еўся, што Кацярына нават на печ яго падсаджвала, бо сам узлезці не мог. І папікаў жа яе за гэта Васіль!
На вячорках не сядзелі склаўшы рукі: пралі, вышывалі, масла збівалі. Заўважыў, з якой цікавасцю глядзелі школьнікі, якіх нямала было ў зале, на церніцу, калаварот, макацёр, маслабойку, прасніцу, цэп. Ну дзе ты яшчэ ўбачыш гэтулькі даўнейшых прылад сялянскай працы? Сапраўдны музей на сцэне. А якія ж вячоркі без вясёлай музыкі, танцаў, песень, жартаў! Пастараліся самадзейныя артысты, каб гледачы не сумавалі. Вы чулі, напрыклад, пра ваўкоў – «велізарных, як коні, якія з’елі сем пукоў каўбас па дзве лычкі»? Каб пабылі на вячорках у Падлессі, то пачулі б і пра тое, як кабета пяць гадоў збірала з пенсіі грошы сыну на матацыкл і што з таго атрымалася, і як мужыкі пад чарку з’елі бульбу, якую гаспадыня прыгатавала для парасят, і пра многае другое. Ды яшчэ на сакавітай беларускай мове, ды з ужываннем мясцовых слоўцаў! А гаспадарскі кот не-не, ды і напамінаў пра сябе тым ці іншым свавольствам…
Час, адведзены на вячоркі, праляцеў неўзаметку. Васіль і Кацярына пачалі праводзіць гасцей, цёпла развітваліся з артыстамі і гледачы. Іх уражанне ад убачанага на сцэне выказала настаўніца Падлескай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы-сада Людміла Аляксандраўна Лемеш: «Я ў захапленні ад таго, што адбывалася на сцэне, шчыра кажучы, не чакала такога высокага ўзроўню выканання. Нашай «Жывіцы» – прамая дарога на тэлебачанне, каб яе ўбачылі і ў іншых кутках Беларусі. Я ўпэўнена, што «Жывіца» можа яшчэ лепш выступіць». То няхай жа так і будзе: жыві, «Жывіца», і працвітай.
Анатолій ЖУК.


