![]() |


Спыніць алкагалізацыю насельніцтва
У раённым выканаўчым камітэце 26 ліпеня прайшоў семінар- нарада з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, іх намеснікамі па ідэалагічнай рабоце, старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Разглядаўся ход выканання ў Слуцкім раёне Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму на 2006 – 2010 гады. У мэтах выканання гэтай праграмы ў райвыканкаме быў зацверджаны комплексны план мерапрыемстваў, аб эфектыўнасці якіх і вялася размова на семінары-нарадзе.
Пракурор Слуцкага раёна В.А. Іскрыцкі праінфармаваў удзельнікаў семінара-нарады аб тым, што за паўгода сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана 688 злачынстваў (на 9 злачынстваў менш, чым за адпаведны перыяд 2009 года). Узровень злачыннасці ў раёне ў разліку на 10 000 насельніцтва – 71, 8%, прыкладна на 4,5% менш, чым у сярэднім па вобласці. Зменшылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, групавых, учыненых непаўналетнімі. Колькасць жа іншых відаў злачынстваў павялічылася, у тым ліку і ўчыненых у стане ап’янення: сёлета іх зарэгістравана 182 – прыкладна кожнае чацвёртае. З агульнай колькасці злачынстваў 463 учынены ў горадзе, астатнія – у сельскай мясцовасці. Найбольш неспрыяльная сітуацыя з захаваннем законнасці – у Казловіцкім і Бокшыцкім сельсаветах. Насцярожвае і тое, што павялічылася колькасць вадзіцеляў, затрыманых за кіраванне транспартам у нецвярозым стане.
Аналіз паказвае, што ўжыванне алкаголю становіцца калі не асноўнай прычынай многіх злачынстваў і іншых правапарушэнняў, то спадарожным фактарам. Злачыннасці садзейнічаюць, на думку В.А. Іскрыцкга, як некаторыя сацыяльна-эканамічныя фактары, так і недахопы ў прафілактычнай рабоце органаў унутраных спраў, устаноў адукацыі, аховы здароўя і іншых упаўнаважаных органаў, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, а таксама мясцовых органаў улады. Ды і грамадзяне не заўсёды займаюць правільную пазіцыю ў барацьбе са злачыннасцю і проціпраўнымі паводзінамі некаторых асоб.
На выніковасць прафілактычнай работы негатыўна ўплывае раз’яднанасць дзеянняў зацікаўленых структур і фармалізм у яе правядзенні. Шэраг такіх прыкладаў прывёў старшы памочнік пракурора Слуцкага раёна А.Л. Тарасюк па выніках праверкі Казловіцкага сельвыканкама. Тут устаноўлены факты фармальнага падыходу да работы камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам: няма належнага планавання яе работы, рашэнні часта неканкрэтныя і таму неэфектыўныя. Недапрацоўкі ўстаноўлены ў рабоце камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» і яго сельскагагаспадарчага філіяла, у шэрагу іншых арганізацый. На іх фоне можна станоўча ацаніць дзейнасць камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам пры Акцябрскім сельвыканкаме. Характэрныя недахопы – аднатыпнасць планавання работы ўсіх фарміраванняў прафілактыкі, адсутнасць сістэмы ў атрыманні неабходных звестак, якаснага аналізу проціпраўных праяўленняў, устанаўлення іх прычын і выпрацоўкі метадаў процідзеяння ім, адсутнасць канкрэтнай работы з асобамі, схільнымі да п’янства, правапарушэнняў.
Пра шэраг магчымых напрамкаў прафілактыкі п’янства і алкагалізму гаварылі на семінары-нарадзе намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.А. Стром, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А.М. Гур, старшыня Казловіцкага сельвыканкама А.І. Тарасаў, старшыня суда Слуцкага раёна В.А. Вердыш. Урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы В.В. Тарасава прывяла такі факт: калі яна прыступала да гэтай работы 10 гадоў таму, на ўліку ва ўрача-нарколага былі 700 чалавек, а на 1 ліпеня 2010 года – 2 967 чалавек, у тым ліку 495 жанчын. Як кажуць, лічбы гавораць самі за сябе. В.В. Тарасава лічыць, што кіраўнікі арганізацый могуць актыўней выкарыстоўваць накіраванне да нарколага работнікаў, схільных да злоўжывання алкаголем, павінны трымаць пад кантролем такіх людзей. Намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце П.Б. Даўгучыц выказаў думку аб недахопе цвёрдай прававой базы для работы па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Па-другое, неабходна ўзмацніць адказнасць кіраўнікоў арганізацый за работу па прафілактыцы п’янства ў сваіх калектывах. Па-трэцяе, павінна быць заканадаўча ўзмоцнена адказнасць за злоўжыванне алкаголем і яго наступствы. Неабходна палепшыць работу добраахвотных дружын. На семінары-нарадзе выказваўся шэраг прапаноў па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам: ад індывідуальнай выхаваўчай работы з людзьмі, схільнымі да злоўжывання алкаголем, да правядзення прышчэпак для папярэджання алкагалізму.
Як бы там ні было, а прагучала думка аб тым, што ў нашым раёне яшчэ нямала трэба зрабіць, каб зменшыць спажыванне спіртных напіткаў, процістаяць далейшай алкагалізацыі насельніцтва. Нездавальняючай назваў работу ўпаўнаважаных структур па папярэджанню п’янства і алкагалізму старшыня райвыканкама У.В. Даманеўскі. Ён лічыць неабходным пераглядзець планы, формы і метады работы ў гэтым кірунку на прадмет іх выніковасці, эфектыўнасці. Важна, хто ўзначальвае тую ж камісію па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам пры сельвыканкаме ці ў арганізацыі. Добра, калі гэты чалавек сваім аўтарытэтам можа паўплываць на таго, хто злоўжывае алкаголем. І самае галоўнае, як не раз адзначалася на семінары-нарадзе, у рабоце па папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму не павінна быць старонніх назіральнікаў, фармалізму, неабходна эфектыўная каардынацыя работы ўсіх зацікаўленых – як дзяржаўных, так і грамадскіх – структур. З улікам гэтага і некаторых іншых момантаў па выніках семінара-нарады будуць вызначаны меры процідзеяння алкагалізацыі насельніцтва і прафілактыкі злачыннасці на глебе п’янства і алкагалізму.
Анатолій ЖУК.


