![]() |


Паважаныя сябры, сёлета мы з вамі адзначылі 65-годдзе Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. Подзвіг нашых бацькоў і дзядоў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, выратавалі чалавецтва ад карычневай чумы – гэта тысячы штодзённых подзвігаў канкрэтных людзей: франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, гэта самааданасць працаўнікоў тылу. Не ўсім з іх давялося дажыць да светлага дня Перамогі, а хто выйшаў з пекла вайны – актыўна ўключыліся ў стваральную працу, аднаўлялі гарады і вёскі, заводы і калгасы...
Час бяжыць імкліва і няўхільна, кожны год аддаляе ад нас падзеі таго часу. Сведчанні пра іх вельмі важна захаваць для наступных пакаленняў. Таму, шаноўныя случчане, давайце разам на старонках газеты «Слуцкі край» напішам кнігу пра Вялікую Айчынную вайну. Пра тое, як вы або вашы родныя змагаліся супраць фашыстаў на фронце, у партызанах ці ўдзельнічалі ў падпольным руху, магчыма, працавалі на абаронным заводзе. Пра тое, як жылі ў горадзе ці сельскім населеным пункце ва ўмовах гітлераўскага акупацыйнага рэжыму, што бачылі, што перажылі.
Калі ласка, дашліце нам свае ўспаміны, можаце прыйсці ў рэдакцыю, мы запішам ваш расказ. Можаце патэлефанаваць па нумары 5-36-44 і мы дамовімся з вамі аб сустрэчы там, дзе вам найбольш зручна.


