![]() |


Як толькі апынулася ў летнім аздараўленчым лагеры «Зорка», што ў вёсцы Вераб’ёва Слуцкага раёна, зразумела: я – ў казцы. Сосны перагамоньваюцца адна з адной, гойдаюць галінамі. Паветра насычана весялосцю, выдатным настроем, цеплынёй. А сам лагер расквечаны шчырымі ўсмешкамі піянераў, якія ў адзін голас сцвярджаюць: «Нашу «Зорку» мы ні на што не прамяняем».
Галоўны чалавек у летнім аздараўленчым лагеры «Зорка» – Наталля Вячаславаўна Пестава. Ужо каторы год запар яна – начальнік летніка.

– Трэцяя змена падыходзіць да свайго «экватара». Сёлета на змене – 96 чалавек. У адрозненне ад дзвюх папярэдніх змен, юнакі і дзяўчаты тут сабраліся розных узростаў: 47 чалавек – ва ўзросце 14 – 17 гадоў, 34 – ад 11 да 13 гадоў, і толькі 15 – ад 6 да 10 гадоў, – расказвала Н.Я. Пестава. – Першая змена ў «Зорцы» была зменай піянерскага актыву, другая – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а трэцяя праходзіць пад дэвізам «Спартыўны я – спартыўная краіна». Спартыўныя мерапрыемствы ў летніку заўсёды праходзяць на «ўра», таму тэматыку змены выбралі не выпадкова. Сёння да абеду, напрыклад, правялі таварыскі матч па футболу паміж піянерамі першага атрада і зборнай іншых атрадаў.

Мне ж давялося пабываць на мерапрыемстве, якое носіць назву «Кніга рэкордаў Гінэса летніка «Зорка». Піянеры і важатыя летніка вызначылі рэкардсменаў у намінацыях «Самае доўгае і самае кароткае прозвішча», «Самы ветлівы піянер змены», «Самае незвычайнае імя». Дарэчы, самым незвычайным імем прызнана Аляўціна, хоць канкурэнцыю ёй складалі і Веста, і Багдан, і Герман – імёны, якія таксама не так часта сустракаюцца. «Містэр самая маленькая ножка» – Багдан Заяц, а Герман Заяц – пераможца ў намінацыі «Самы вынослівы». Званне «Самы дружны атрад» заслужана прысудзілі піянерам першага атрада: яны не толькі хутчэй за ўсіх выканалі сваё заданне, але і дапамаглі малодшым сябрам з другога атрада.

Яны – піянеры першага атрада летніка «Зорка» – магікане. Уладзіслаў Аўчыннікаў, напрыклад, ездзіць сюды кожны год пачынаючы з пятага класа. Таму пра тое, як у «Зорцы» адпачываюць, расказвалі наперабой.
– Нас у атрадзе – 30 чалавек. Большасць прыязджае менавіта на трэцюю змену не першы год, таму ў нас не было адаптацыйнага перыяду – адзін аднаго мы добра ведаем. Нават назву атрада пакінулі мінулагоднюю – «100 %», – расказвала Ілона (16 гадоў, САШ №8).
– Акрамя таго, што мы разумеем адзін аднаго, нам яшчэ і з важатымі пашанцавала: Наталля Мікалаеўна і Аксана Мікалаеўна Млынарчыкі – самыя лепшыя – вясёлыя, добрыя, а галоўнае – цярплівыя, – гаварыла Яна (15 гадоў, САШ №8).
Дарэчы, педагагічны калектыў у аздараўленчым летнім лагеры «Зорка» – малады: толькі два вопытныя настаўнікі, іншыя – студэнткі-практыканткі. Таму знайсці агульную мову піянерам і важатым было не так складана.
Нягледзячы на тое, што матэрыяльная база ў летніку не самая лепшая, дзеці ні хвіліны не сумуюць: летняя эстрада ніколі не пустуе, карпусы, у якіх жывуць піянеры, упрыгожаны малюнкамі выхаванцаў. Напрыклад, у корпусе першага атрада з мінулай змены застаўся куточак аматараў футбольнай каманды «Слуцкцукар» (нават у летніку балельшчыкі пра сваіх любімцаў не забываюць). І падарожжы ў сасновы лес для піянераў – таксама не навінка. А возера, якога побач з лагерам няма, піянерам замяніў летні душ.
– Цяжка вызначыць нешта адно, – гаварыла Уладзіслава (14 гадоў, САШ №8), адказваючы на маё пытанне пра самае яркае ўражанне ад змены. – Мы цікава праводзім кожны дзень, але ж доўга будзем узгадваць, як правялі першую ноч у летніку, як сустракалі світанне...
Развітваючыся, спытала ў зоркаўцаў, якому б летніку яны аддалі перавагу, калі б, напрыклад, ім прапанавалі правесці лета ў вядомым рэспубліканскім летніку «Зубраня» ці ў роднай «Зорцы». За ўсіх адказала камандзір першага атрада Аліна (15 гадоў, вучаніца САШ №6):
– Што тут думаць, канечне, выбралі б «Зорку». Няхай у «Зубраняці» і ёсць усё, што душа пажадае для адпачынку – гэта сапраўдны піянерскі гарадок, але ж у «Зорцы» ёсць галоўнае – сямейная атмасфера. Яе мы ні на што не прамяняем.
Нагадваць пра адпачынак у летніку «Зорка» юнакам і дзяўчатам будуць шматлікія фотаздымкі, сустрэчы з сябрамі пасля змены ў Слуцку. Магчыма, камусьці з іх менавіта «Зорка» падорыць першае каханне. Я ж, пакідаючы «Зорку», узгадвала той час, калі сама была важатай у летніку «Спадарожнік» каля Мінскага мора. Мінуў ужо не адзін год, а памятаю тыя цудоўныя дзянькі, быццам было гэта ўчора. Нават з адпачынкам на моры час, праведзены ў летніку, не параўнаць. Гэта ж краіна дзяцінства – бесклапотная, прыгожая, шчаслівая!
НА ЗДЫМКАХ: самы дружны атрад трэцяй змены летніка «Зорка» – атрад «100%».
Наталля ЖУК.


