Обратная связь
Карта сайта
О проекте
Проекты
Официально
Перечни очередности выполнения работ КУП «Слуцкое ЖКХ»
Радио
“Весткi Случчыны”
Информационные ресурсы
Общество
Дэлегацыя Слуцкага раёна 7 кастрычніка прыняла ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017” у Смалявічах
12.10.2017
Слаўна, маляўніча, звонка, разнастайна прайшоў  абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017».  7 кастрычніка ў Смалявічах у ім прынялі ўдзел случчане.

У складзе дэлегацыі Слуцкага раёна – старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец, першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Яўгенавіч Лешчанка, Герой Сацыялістычнай Працы, Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Слуцкага раёна Сяргей Іванавіч Шклярэўскі, старшыня Слуцкага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Ігараўна Гурбо. У свяце ў складзе дэлегацыі Случчыны, канечне,  прымалі ўдзел пераможцы абласнога спаборніцтва на жніве – вадзіцель ААТ «Казловічы-Агра» Іван Леанідавіч Трафімовіч, камбайнер ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Аляксандр Аляксандравіч Анціпцаў, аператары зернеачышчальных  сушыльных комплексаў філіяла «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Валянцін Іванавіч Гурыновіч, Анатолій Казіміравіч Карэўка, Уладзіслаў Мікалаевіч Топач, вадзіцель ААТ «Ісерна» Аляксей Генадзьевіч Ананіч, іншыя перадавікі вытворчасці сельскагаспадарчых арганізацый Случчыны, кіраўнікі шэрагу сельгасарганізацый, перапрацоўчых прадпрыемстваў, работнікі іншых структур.

 

Дэлегацыя Слуцкага раёна прыняла ўдзел у святочным шэсці «А ў нас сёння Дажыначкі». Шматлюдная яркая калона апоўдні запоўніла цэнтральную вуліцу Смалявіч – у шэсці ўдзельнічалі дэлегацыі з усіх раёнаў Мінскай вобласці, калектывы мастацкай самадзейнасці – больш за тысячу чалавек. У прыгожыя касцюмы з аксесуарамі з выявамі слуцкіх паясоў была апранута слуцкая дэлегацыя,  стыльнасць случчан адзначылі многія ўдзельнікі свята.

Падчас урачыстай часткі свята старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Міхайлавіч Ісачанка падкрэсліў, што захаванне тэхналагічнай дысцыпліны, зніжэнне энергетычных затрат, матэрыяльных рэсурсаў на вытворчасць сельгаспрадукцыі забяспечваюць па асноўных паказчыках работнікам аграпрамысловай сферы Мінскай вобласці трывалыя пазіцыі ў тройцы лідараў у рэспубліцы.

Мінскую вобласць па праве называюць галоўнай жытніцай краіны. Сёлета ў першапачаткова апрыходаванай вазе намалочана збожжавых і зернебабовых (без уліку кукурузы) 1,9 мільёна тон, працягваецца ўборка кукурузы на зерне, плануецца, што будзе дасягнуты агульны намалот у 2 мільёны тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у вобласці склала 37,6 ц/га. Па выніках абласнога спаборніцтва на жніве першае месца ў Дзяржынскага раёна, у ліку лідараў Барысаўскі раён (2-е месца), Маладзечанскі (3-е месца), а таксама Слуцкі, Мінскі, Клецкі раёны. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што ўборачная праходзіла ў няпростых умовах надвор’я. Найпершая заслуга ў выкананні пастаўленых задач кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, механізатараў, вадзіцеляў, аператараў зернеачышчальных сушыльных комплексаў, іншых работнікаў сельскагаспадарчай галіны, а таксама сілавых структур, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, гандлю, медыцыны, іншых сфер. Старшыня Мінаблвыканкама выказаў працаўнікам словы падзякі за іх адданую працу, віншаваў са святам.

З падзякай за адметную працу, руплівасць, добрыя вынікі работы да працаўнікоў сельскай гаспадаркі цэнтральнага рэгіёну рэспублікі звярнуліся Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Генадзьевіч Снапкоў, намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уладзіміравіч Гракун, намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Корбут, старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Аксёнавіч Лабушаў.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання на свяце старшыня Мінаблвыканкама Анатолій Міхайлавіч Ісачанка ўручыў Ганаровую грамату Мінскага абласнога выканаўчага камітэта пераможцы абласнога працоўнага спаборніцтва (першае месца) вадзіцелю ААТ «Казловічы-Агра» Івану Леанідавічу Трафімовічу. Ганаровай граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК  узнагароджаны камбайнер філіяла «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Іван Валер’евіч Лучык.

Канцэртам завяршылася ўрачыстая частка «Дажынак-2017», у тым ліку з удзелам вядомых артыстаў Дзмітрыя Калдуна, Алёны Ланской. Адметна, што ў канцэрце такога ўзроўню былі задейнічаны і случчане – нашы юныя зорачкі – узорная эстрадная студыя «Звездопад» гарадскога маладзёжнага цэнтра. Дарэчы, на канцэртных пляцоўках у Смалявічах выступалі творчыя калектывы іншых устаноў культуры нашага раёна – Слуцкага гарадскога дома культуры, гарадскога Палаца моладзі. Выдатна выглядалі «рамесны падворак», выстаўка вырабаў мастацка-прыкладной творчасці Слуцкага гарадскога цэнтра традыцыйнай культуры, Квасыніцкага цэнтра рамёстваў.

Случчане выдатна паказалі сябе і ў іншых амплуа. Напрыклад, каравай Слуцкага раёна, прадстаўлены на традыцыйнай выставе караваяў, уражваў ажурнасцю ўпрыгажэнняў з цеста і слуцкім поясам – як сапраўдным, зробленым з салодкіх інгрэдыентаў. Вялікае захапленне ў гледачоў выклікалі і іншыя вырабы ААТ «Слуцкі хлебазавод» – высозны, як дрэва, зроблены з батонаў, колас; вялізны раскошны каравай, а таксама гульня ў шашкі-пячэнне, майстар-клас па ўпрыгажэнні выпечкі і многае іншае… Пад дзіўную мелодыю саксафона збірала шматлікіх гледачоў арыгінальна ўладкаваная сырная слабада ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». Як заўсёды, адмыслова, крэатыўна, стыльна былі аформлены гандлёвая пляцоўка, павільён КУП «Універмаг «Слуцк» – незвычайныя, быццам фантастычныя, фігуры з прыроднага матэрыялу, яркія кампазіцыі з кветак прыцягвалі ўвагу многіх удзельнікаў свята. Годна былі аформлены гандлёвыя месцы, таксама прапаноўвалі шырокі асартымент тавараў КУП «Слуцкгандаль», «Слуцк-Усход», ААТ «Слуцкая фабрыка пашыву адзення», «Слуцкі мясакамбінат», ГВУП «Слуцкая база аблспажыўсаюза». Парадавала, з якой фантазіяй, аўтарскім бачаннем, прыгожа аформлены выставачныя павільёны Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Шмат якімі выставамі, прадукцыяй, дызайнам, творчасцю ўражвалі і іншыя раёны сталічнай вобласці, у цэлым свята. Як свярджаюць мясцовыя жыхары, горад Смалявічы ў рамках падрыхтоўкі да абласнога свята адметна папрыгажэў, стаў больш уладкаваным, там аднавілі будынак ЗАГСа. Гаманкая каляровая атмасфера «Дажынак» ахоплівала кожнага, хто ў той дзень быў у Смалявічах. Свята запрашала ў свой карагод, напаўняла сэрца радасцю – ад ўдзячнасці людзям працы, захаплення таленавітасцю, творчай адоранасцю, майстэрствам жыхароў нашай вобласці, Беларусі.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Добавить комментарий:
Автор*
E-mail*
Введите цифры*
Обновить рисунок
Комментарий*
Поля отмеченные * обязательны для заполнения
Всего 0 комментария:
Новости 
20.10.2017
20.10.2017
20.10.2017
20.10.2017
19.10.2017
Архив
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
© Слуцкий край, 2009
Разработка и поддержка сайта БЕЛТА