Обратная связь
Карта сайта
О проекте
Проекты
Официально
Перечень закрепленных территорий
Радио
“Весткi Случчыны”
Информационные ресурсы
Мы - случчане
У вёсцы Гарадзішча ствараюць народны музей
04.08.2017

Пэўна, няма на Случчыне чалавека, які не чуў бы пра пераўтварэнні ў вёсцы Гарадзішча, якія адбыліся за некалькі апошніх гадоў. Добраўпарадкаваныя агульнымі намаганнямі вяскоўцаў могілкі, капліца, парк культуры і адпачынку, які стварылі зноў жа, усе разам, гуртам.

Усё гэта адбылося дзякуючы ініцыятыве і актыўным дзеянням старасты вёскі  Яўгеніі Васільеўны Сыцько, якая, на вялікі жаль, ужо пайшла з жыцця. А ў хуткім часе, спадзяюся, Гарадзішча зноў «прагучыць»:  актыўна вядзецца  работа па рэалізацыі яшчэ аднаго праекта, задуманага і пачатага Яўгеніяй Васільеўнай, – адкрыццё музея вёскі. Займаюцца гэтым праектам Галіна  Вадзімаўна Грак, стараста вёскі, і Наталля Пятроўна Бартошык, настаўніца гісторыі Бокшыцкай сярэдняй школы. Называцца музей будзе «Народны гісторыка-краязнаўчы музей імя Я.В. Сыцько». Плануецца зрабіць этнаграфічны куток, своеасаблівую залу славы, дзе будуць прадстаўлены партрэты і біяграфіі жыхароў Гарадзішча, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, ураджэнцаў вёскі, якія ваявалі ў Афганістане, маці-гераінь (выхавалі па 10 і больш дзяцей). Частка экспазіцыі будзе прысвечана працаўнікам вёскі. У музей збіраюць рэчы, фотаздымкі, дакументы, успаміны вяскоўцаў, іх дзяцей.

Н.П. Бартошык і Г.В. Грак

– Яўгенія Васільеўна вельмі любіла сваю вёску, з такім захапленнем расказвала пра яе і жыхароў, – гаворыць Наталля Пятроўна Бартошык. – Стварыць музей яна задумала даўно, мы абмяркоўвалі гэта, і спачатку я не была «за». Таму што акрамя вялікага жадання, энтузіязму і набора  экспанатаў такая вялікая справа патрабуе і матэрыяльнай падтрымкі. Але ж Яўгенія Васільеўна так «гарэла» гэтай ідэяй. Да таго ж, у Гарадзішчы і я не чужая: муж скончыў тут школу,  у вёсцы мая дача. А паглыбіўшыся ў гісторыю і вывучаючы некаторыя экспанаты, я зразумела, што не магу застацца ўбаку.

Адзін з будынкаў былой Гарадзішчанскай школы прывялі ў парадак. Яўгенія Васільеўна падключыла да гэтай справы Мікалая Іванавіча Гурыновіча (таксама ўжо пайшоў з жыцця), які дапамог з рамонтам, разам з Галінай Вадзімаўнай Грак падрыхтавалі партрэты землякоў для экспазіцыі.


Цяпер стварэннем музея працягвае займацца Галіна Вадзімаўна, якая сябравала з Яўгеніяй Васільеўнай Сыцько і стала яе пераемніцай. Яна з дапамогай вяскоўцаў падтрымлівае  парадак на могілках, у парку. Працягвае і музейную справу. Вельмі добра, гаворыць Галіна Вадзімаўна, што аднавяскоўцы падтрымліваюць. Прыбраць у будынку будучага музея вызваліся Валянціна Уладзіміраўна Сыцько, Вялянціна Уладзіміраўна Мірончык. Аляксандр Мікалаевіч Сыцько перадаў у музей сваю мэблю, Ганна Сяргееўна Гурыновіч – рэчы ў этнаграфічны куток, таксама сюды перавезлі экспанаты з музея Бокшыцкай сярэдняй школы (у школе недастаткова памяшканняў). Значны ўклад унесла Валянціна Іванаўна Салавей, дачка мясцовага знакамітага партызанскага ўрача часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яна аддала ў музей некалькі папак дакументальных матэрыялаў, напісала гісторыю сям’і, свой радавод. Таксама ўспаміны свайго таты Івана Трафімавіча Салаўя пра з’яўленне школы. Дарэчы, гісторыя развіцця школы ў Гарадзішчы вельмі цікавая, пачатак бярэ з 1916 года. Першы выпуск чатырохгодкі адбыўся ў 1928 годзе, экзамены за курс навучання дзеці хадзілі здаваць у Лучнікі...

Наталля Пятроўна Бартошык і Галіна Вадзімаўна вядуць карпатлівую працу з дакументамі, успамінамі, фотаздымкамі.

– Тут кожная сям’я ўнікальная, – з захапленнем расказвае Наталля Пятроўна,  – пра кожную можна раман пісаць. Толькі людзі сваіх бацькоў, родных, сябе недаацэньваюць. Такія яны сціплыя. А ганарыцца ёсць чым. Тыя ўспаміны, дакументы, што нам перадалі, сведчаць пра гэта. Вось хоць бы сям’я Салаўёў. Першы ўраджэнец Гарадзішча, які атрымаў вышэйшую адукацыю, –  Іван Трафімавіч Салавей. Пэўна, лёсам яму было наканавана стаць урачом: па ўспамінах дачкі Валянціны Іванаўны, нарадзіўся ён у дзень святога лекара Панцеляймона. Скончыў пачатковую школу ў Гарадзішчы,  а пасля – дзевяць класаў  СШ №1 у Слуцку і паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут.  Падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з жонкай Вольгай Аляксееўнай былі ўрачамі ў партызанскім атрадзе імя С. Лазо.  У адным з адгалінаванняў сям’і Салаўёў пяцёра дзяцей мелі вышэйшую адукацыю. На той час – вялікае дасягненне.

У Гарадзішчы жыў народны доктар Пракофій Данілавіч Бартошык. Падчас Першай сусветнай вайны ён скончыў фельчарскую школу, служыў у арміі Фрунзе. Яго згадвае ў сваёй кнізе «Кругі» Ян Скрыган. Пасля вайны ён працаваў у калгаснай брыгадзе і займаўся лекарствам. Калі хтосьці цяжка занядужаў, Пракофій Данілавіч жыў у доме хворага, пакуль не вылечваў яго. Тры дачкі народнага доктара таксама сталі ўрачамі. Надзея Пракоф’еўна падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскай брыгадзе была. Але нічога ніколі не расказвала, як і Іван Трафімавіч Салавей. Сціплыя людзі, якія не лічылі сваю высакародную справу геройствам. Чым больш унікаю ў гэты праект, тым больш захапляюся.

Яшчэ цікавы факт расказала Наталля Пятроўна, якая вывучала шмат архіўных матэрыялаў. Гарадзішча, а таксама Кухты, Прошчыцы, − тэрыторыя, дзе пражывалі сакуны (музей сакуноў ёсць у Старых Дарогах), іх адметная рыса − вымаўленне дзеясловаў з канцавым -са: мыласа, прыбраласа. Гэта вылучала жыхароў Гарадзішча. Цяпер у планах Наталлі Пятроўны  − вывучэнне і напісанне гісторыі вёскі Гарадзішча, якая ўзнікла больш за 500 гадоў таму. Тут цікава ўсё: людзі, падзеі.

 − Вельмі хацелася б, каб да нас далучыліся жыхары Гарадзішча. І справа не ў дапамозе матэрыяльнай,  − дзеліцца думкамі Наталля Пятроўна.  − Гарадзішчанцы павінны ўсведамляць, што гэта іх вёска, іх гісторыя, іх гонар. Музей можа стаць іх брэндам, будзе вылучаць сярод іншых. Як без гісторыі, без культуры? У наш час важна адшукаць тое, што нас яднае. А гэта нашы карані − мы з адной вёскі. Таму, лічу, жыхары Гарадзішча павінны паўдзельнічаць у стварэнні народнага гісторыка-краязнаўчага музея: успаміны, біяграфіі родных, расказы бабуль і дзядуль пра даўнейшае жыццё-быццё, рэчы  розных часоў  − усё гэта неверагодна цікава. І мы не збіраемся рабіць тут склад з рарытэтамі. Наша гісторыя − для выхавання. У нашых планах  − праводзіць у музеі сустрэчы моладзі з жыхарамі, працаўнікамі, далучаць іх да гісторыі, культуры, агульначалавечых каштоўнасцей. Мы думаем адраджаць і праводзіць  святы, арганізоўваць майстар-класы мясцовых умельцаў. Тут, у музеі, мяркуем, неабходна  стварыць цэнтр, які будзе аб’ядноўваць людзей.

Прыемна, што нас падтрымлівае мясцовая ўлада, старшыня сельвыканкама Уладзімір Віктаравіч Гарбенка, дапамагае дырэктар Бокшыцкай сярэдняй школы Таццяна Уладзіміраўна Лапіцкая, Уладзімір Пятровіч Булгак укладае сродкі. Вельмі хочацца як мага хутчэй адкрыць нашу экспазіцыю, каб музей убачылі самыя сталыя жыхары. І праект гэты неабходна захоўваць, падтрымліваць і развіваць усім разам.

Наталля Пятроўна і Галіна Вадзімаўна расказваюць, як у музеі сёлета сустракаліся  выпускнікі, якія  40 гадоў таму скончылі Гарадзішчанскую васьмігодку. Яны з такой трапяткой цікавасцю разглядвалі фотаздымкі (а на іх − родныя, суседзі, знаёмыя), дакументы, знаёміліся з рукапіснымі ўспамінамі, слухалі гісторыю вёскі і школы…

 Ведаць свае карані, каб ясна ўсведамляць, хто ты і чаго варты. Гэта важна. І перадаваць нашчадкам, каб таксама ведалі, помнілі і расказалі наступным. Агульная справа. Пэўна, пра гэта марыла і турбавалася  Яўгенія Васільеўна Сыцько, распачаўшы стварэнне музея вёскі Гарадзішча.

 − Думаю, у нас усё атрымаецца, і справу Яўгеніі Васільеўны мы давядзём да завяршэння, − гаворыць Наталля Пятроўна. – Наш музей будзе, ён будзе расказваць, выхоўваць, ён будзе яднаць.

 Згадзіцеся, выдатнае пачынанне, вартае падтрымкі.

Ірына ВЕЧАР.

Новости 
23.08.2017
22.08.2017
22.08.2017
22.08.2017
22.08.2017
Архив
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
© Слуцкий край, 2009
Разработка и поддержка сайта БЕЛТА